Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас у пятніцу ў Сочы правядзе перамовы са старшынёй урада Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым, піша tass.ru.

Падчас сустрэчы, як чакаецца, будуць абмяркоўвацца актуальныя пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва і інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў рамках саюзнай дзяржавы. Аб гэтай сустрэчы Мядзведзеў і Румас дамовіліся падчас тэлефоннай размовы 1 снежня.

Перамовы двух прэм'ераў адбудуцца напярэдадні сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, якая таксама будзе прысвечана праблемным пытанням інтэграцыі.

Папярэдняя сустрэча двух прэм'ераў прайшла 19 лістапада і доўжылася больш за сем з паловай гадзін.

Асноўныя супярэчнасці бакоў у перамовах тычацца пытанняў цаны на расійскі газ для Беларусі ў 2020 годзе і кампенсацыі Мінску страт у выніку падатковага манеўру ў нафтавай сферы РФ.

Напярэдадні Мядзведзеў заявіў, што Беларусі не трэба баяцца скарачэння суверэнітэту: «Любая інтэграцыя, нагадаю простую юрыдычную ісціну, — гэта частковае скарачэнне суверэнітэту», — сказаў расійскі прэм'ер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0