На хітрыкі зламыснікаў у верасні трапілі супрацоўнікі дзвюх гомельскіх крамаў. Спачатку загадчыца пункта па продажы касметыкі перавяла невядомым 600 рублёў, а затым рахунак іх банкаўскай карты на 1250 рублёў папоўнілі рэалізатары адзення, посуду і дэкору для дома. Тады па гэтых фактах следчыя распачалі крымінальныя справы, паведамляе прэс-служба МУС.

У абодвух выпадках выкарыстоўвалася адна схема «разводу». Той, хто тэлефанаваў, прадстаўляўся дырэктарам гандлёвых сетак, якім належалі крамы, і патрабаваў у персанала перавесці грошы на куплю рэкламнага абсталявання. Калі ж работнікі задавалі ўдакладняючыя пытанні, абаненты проста кідалі слухаўку.

Сышчыкі Гомельшчыны правялі маштабную працу і ўстанавілі асобы падазраваных. Аднак да таго моманту яны з'ехалі з Беларусі. Выйсці на меркаваных аферыстаў удалося ўжо 11 снежня, калі 33 і 30-гадовы мужчыны прыехалі на аўтамабілі ў Мінск. Затрымлівалі іх падчас засялення на здымную кватэру.

У цяперашні час праваахоўнымі органамі ўстанаўліваюцца іншыя эпізоды супрацьпраўнай дзейнасці падазраваных. У прыватнасці, яны могуць быць датычныя да аналагічных злачынных схемаў у Мінску і Оршы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0