25 гадоў таму кампанія «Эпл» выпусціла персанальны камп’ютар «Макінтош», які першы выкарыстоўваў звыклы сёння графічны інтэрфэйс (вокны, значкі, меню на экране) ды мыш. Але не менш вядомым зрабіўся і сімвал фірмы — надкусаны яблык. З гісторыі лагатыпа.

Першы лагатып «Эпл» быў зроблены ў 1976 заснавальнікамі фірмы Стывам Джобсам і Рональдам Вэйнам, суправаджаючы першы ж прадукт фірмы, камп’ютар «Эпл-1». Тое быў, мякка кажучы, змястоўны таварны знак. На ім быў выяўлены матэматык і фізік Ісаак Ньютан, які сядзеў пад яблыняй, з галіны якой звісаў абкружаны німбам яблык, што меўся ашчаслівіць начынне чарапной каробкі навукоўца. Літаральна праз год заснавальнікі памянялі той забагаты лагатып на больш простую выяву — надкушаны яблык, пафарбаваны ў колеры вясёлкі. І менавіта стуль пачала з’яўляцца безліч версіяў аб паходжанні знаку, вокамгненна ўзнікла процьма тлумачэнняў сімвалу.


Адны казалі, што гэта яблык пазнання, што ўяўляе тэхнічны прагрэс, яблык, які ў асобе Адама пакаштавала ўсё чалавецтва. Другія прыгадвалі схільнасці самога Стыва Джобса, радыкальнага вегетарыянца, які прызнаваў адно садавіну і гародніну. Трэція сцвярджалі, што лагатыпны яблык наагул адсылае да аднаго з бацькоў сучаснага камп’ютара матэматыка Алана Т’юрынга, якога ў свой час знайшлі мёртвым у ложку, ля трупа каторага ляжаў набрынялы цыянідам надкусаны яблык. Чацвёртыя даводзяць, што паколькі Т’юнінг быў гомасэксуалам, дык таму досыць лёгка растлумачыць каляровую гаму садавіны, бо тая гама дужа нагадвае сцяг сэксменшыняў.

У 1988 афарбоўка лагатыпа памянялася: цяпер яблык быў вытрыманы ў чырвоных колерах. А ў 1998 чырвоны перайначыўся ў радыкальны чорны. Неўзабаве дадалася срэбраная мадыфікацыя, якую можна сустрэць на вечках-маніторах эплаўскіх ноўтбукаў.


Сэкс у вялікім яблыку

З цягам часу яблычны абрыс зрабіўся адным з самых пазнавальных у папулярнай культуры. Першай, хто прыклаўся да іміджу «Эпла», была акторка кіно Сара Джэсіка Паркер, што грала панадную журналістку Кэры Брэндшоў у вядомым серыяле «Сэкс і вялікі горад». Паводле сцэнару, Кэры вядзе ў газеце калонку на тэму адносінаў паміж мужчынамі і жанчынамі. Тэксты калонкі Кэры набірае на пераносным камп’ютары, вечка якога ўпрыгожвае яблык. З цягам серыяй робіцца ясна, што галоўная гераіня палюбляе не толькі шматлікіх мужчынаў — журналістка таксама мае пэўнае замілаванне да свайго пераноснага сябра. З ім яна і дзеліцца ўражаннямі, і раіцца пра любоўныя закалоты. Факт з’яўлення на тэлеэкранах уласнай прадукцыі не схаваўся ад пільных вачэй кіраўнікоў фірмы «Эпл»: яны нават вырашалі ўдасканаліць выяву, перакуліўшы яе дагары нагамі. Цяпер яблык і назва фірмы зрабіліся зразумелымі для тых, хто глядзяць на адвротны бок адкрытага вечка , а не для ўладальніка кап’ютара, калі ён закрывае вечка.

Надкушаны яблык пачаў з’яўляцца на графіці, насценных малюнках, а на вуліцах сёння можна сустрэць людзей, на чыіх перадплеччах красуецца вытатуяваны плод. Але ў справе ўвекавечвання брэнда ўсіх выперадзіў адзін японскі фермер, які наклейвае на яшчэ няспелыя яблыкі адмысловую налепку. Тую налепку ён здымае восенню, і тады на жарай паверхні спелай садавіны можна ўбачыць пазнавальны зеленаваты абрыс.

Тут ужо не вытрымала і контр-культура. Цяпер нароўні з адметнай жоўтай літарай «М» (таварны знак «Мадональдса») ды іншымі лёгка пазнавальнымі лагатыпамі сусветных карпарацыяў надкусаны яблык упрыгожвае пратэстоўныя, поўныя негатыўнага канатацыі, плакаты і пракламацыі антыглабалістаў і зялёных.

Апошнюю рыску да папулярнасці таварнага знака дадаў Барак Абама, амерыканскі прэзідэнт: заспеты фотакарэспандэнтамі з яблыкам на вечку свайго ноўтбуку, яму давялося прызнацца, што купіў дарагаватыя «Мак-букі» таксама для дачок і жонкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?