«Тупая п***а», «с*ка», «адстой», «старуха» — вось такімі эпітэтамі была ўзнагароджана адна вядомая пісьменніца пасля аднаго свайго твіту, апублікаванага 19 снежня.
Дык каго гэта так абзывалі? Мабыць, нейкую скандальную поп-зорку? Ды не, такім чынам абзывалі славутую аўтарку «Гары Потэра» Джэй Кэй Роўлінг, якая, безумоўна, з'яўляецца зоркай, але славу здабыла не скандаламі, а кнігапісаннем.
Дык хто яе так абзываў? Напэўна, злосныя жанчынаненавіснікі, падбухтораныя правымі папулістамі, на хвалі чарговага ўздыму супраць прагрэсу, святла і свабоды?
Ды не, аўтарамі гэтых эпітэтаў былі якраз «абаронцы прагрэсу, святла і свабоды», гэта значыць леваліберальныя змагары супраць гамафобіі, трансфобіі, квірфобіі, асэксафобіі ігд.
Дык што ж тады такое сказала аўтарка «Гары Потэра», што аж так раз'юшыла змагароў за талерантнасць? Мабыць, у стане нейкага памутнення жорстка абразіла кагось з шэрагу LGBTQIA+. А можа, пабіла, пакалечыла?
Нічога падобнага. Справа вось у чым. Яшчэ вясной, адна з экспертак CGD, Мая Форстэйтэр, у прыватным твітары падкрэслівала, што пол — гэта біялагічная катэгорыя, мае трывалы характар і не залежыць ад суб'ектыўных адчуванняў. Падкрэслім: гаворка ішла менавіта пра «пол» (sex), не пра «гендар».
За гэтыя твіты Мая Форстэйтэр была звольнена. Калі хто не ведаў: настойванне на біялагічнасці полу — гэта трансфобія. Форстэйтэр падала ў суд, але суд падтрымаў рашэнне працадаўцы, пазначыўшы, што такім поглядам, якія яна рэпрэзентуе, «не месца ў дэмакратычным грамадстве».
Вось у адказ на рашэнне суда і напісала свой твіт славутая пісьменніца. Але — увага: які твіт? Абазвала трансгендараў? Прынізіла абаронцаў іх правоў? Заклікала «даць адпор»?
Ды не. Проста ў форме пытання выразіла сумнеў у правільнасці карных санкцый у стасунку да Форстэйтэр.
«Можаце апранацца, як хочаце.
Называйце сябе, як жадаеце.
Спіце з любой паўналетняй асобай, якая згодна на гэта
…
Але выганяць жанчыну з працы за сцверджанне, што пол - гэта нешта рэальнае?»
Усё. Гэтага было дастаткова, каб залічыць Роўлінг да злосных трансфобак, якія пагражаюць роўнасці, свабодзе і прагрэсу. Дастаткова было засумнявацца ў слушнасці карных санкцый да асобы, якая ў прыватным твітары цвердзіць, што пол — гэта прыроджаная і нязменная характарыстыка.
«Тупая п***а», «с*ка», «старуха»… — сычэлі адны. Яшчэ адна «TERF» — абураліся другія. TERF — спецыфічная этыкетка, створаная для таго, каб пацыфікаваць феміністак, якія не пагаджаюцца з трансгендарнай артадоксіяй. Гэта этыкетка мае такую ж ацэнкавую нагрузку і выконвае такую ж функцыю, што і «гамафобія» або «трансфобія».
Вось вам і талерантнасць.