Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў сёння прызначэнні новых намеснікаў міністраў прамысловасці, юстыцыі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, паведамляе БЕЛТА.

На пасаду намесніка міністра юстыцыі ўзгоднена Наталля Філіпава, цяпер у міністэрстве яна начальнік галоўнага ўпраўлення абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў шостага склікання Баляслаў Пірштук узгоднены на вакантную пасаду першага намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Намеснік міністра прамысловасці Сяргей Гунько пойдзе на павышэнне і стане там першым намеснікам.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўзгадніў прызначэнне Аксаны Цылько старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці. Пакуль яна намеснік начальніка галоўнага аналітычнага ўпраўлення — начальнік упраўлення аналізу і планавання КДК Беларусі.

Таксама Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне Анатоля Бубена на пасаду старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці «Белдзяржхарчпрам».

Кіраўнік дзяржавы таксама даў згоду на прызначэнне новага генеральнага дырэктара ААТ «Мінск-Крышталь» - кіруючая кампанія холдынгу «Мінск Крышталь Груп». Арганізацыю ўзначаліць Ігар Шустаў, які да цяперашняга часу працаваў першым намеснікам старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0