Здарэнне адбылося пры канцы мінулага тыдня, у аддзел па надзвычайных сітуацыях звярнуўся мужчына з просьбай выратаваць ката, паведамляе «Браслаўская звязда».
Гаспадар на час адсутнасці пакінуў свайго ўлюбёнца на апеку сябра. Банцік — кот хатні, і пагуляць надвор выходзіць рэдка, але, бывае, цікаўнасць бярэ верх над звыклым жыццёвым укладам.
Апынуўшыся на вуліцы, Банцік, хутчэй за ўсё, не змог супернічаць з дваровымі насельнікамі, і яму нічога іншага не заставалася, як уcкараскацца на дрэва, прычым на самую верхавіну высачэзнай хвоі.
Тры дні, дарэчы, ката не маглі знайсці зусім, і толькі суседка выпадкова пачула ягоны крык аб дапамозе і ледзь заўважыла жывёлу на самым версе.
Ніякія ўгаворы спусціцца не дзейнічалі: кот прасядзеў на дрэве яшчэ два дні. Выбару не было: прыйшлося тэлефанаваць 101.
Каб выратаваць ката, спатрэбілася вышка, якую даў «Браслаў-камунальнік», спрытны спецыяліст і некалькі хвілін.
Пажарнік-выратавальнік Сяргей Лябік узняўся на вышыню трохпавярховага дома і зняў няшчасную жывёліну. Ката вярнулі гаспадару.