Больш як у палавіне ўведзеных у 2008 годзе аграгарадкоў аб’ём работ на аб’ектах сацсферы выкананы не поўнасцю. Аб гэтым паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сямён Шапіра сёння на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім разгледжаны вынікі выканання ў 2005‑2008 гадах Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005‑2010 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сямён Шапіра адзначыў, што праведзена абследаванне ўсіх уладкаваных у мінулым годзе аграгарадкоў. «У 144 аграгарадках, або ў 53 працэнтах, ёсць 317 аб’ектаў сацыяльнай сферы, па якіх не выкананы ўвесь аб’ём работ па праектах», — сказаў міністр. Частка аб’ектаў уведзена ў эксплуатацыю ў студзені‑лютым бягучага года, аднак усё яшчэ застаюцца не ўведзенымі 173 аб’екты. Неабходна ўсім дзяржаўным заказчыкам і выканаўцам дзяржпраграмы прааналізаваць прычыны гэтай сітуацыі з прыцягненнем да адказнасці вінаватых службовых асоб, падкрэсліў Сямён Шапіра.

На думку міністра, на месцах ёсць выпадкі фармальнага падыходу да стварэння аграгарадкоў. «У некаторых населеных пунктах большасць аб’ектаў сацыяльнай сферы засталася ў такім жа нездавальняючым стане, як і да прысваення ім статусу аграгарадка», — канстатаваў ён. Многія школы, дзіцячыя сады, дамы культуры і іншыя сацыяльныя аб’екты ў вёсцы пабудаваны 30 і больш гадоў таму, нягледзячы на гэта, як правіла, тут абмяжоўваюцца бягучым рамонтам. Асабліва ў нездавальняючым стане знаходзяцца інжынерныя камунікацыі. Таму асаблівы кантроль будзе ўдзяляцца таму, каб мерапрыемствы ў аграгарадках не зводзіліся да касметычнага рамонту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?