Гэтую чабурэчную на вуліцы Дзяржынскага ведаюць не толькі мясцовыя жыхары — сюды заязджаюць праездам, сюды нават адмыслова прыязджаюць са сталіцы, каб пачаставацца піражкамі ды чабурэкамі.

«Наша Ніва» вырашыла на свае вочы пабачыць, што ж такога асаблівага ў тых смілавіцкіх чабурэках.

Інтэр’ер

Як толькі вы ступаеце на ганак гэтай чабурэчнай, вы трапляеце ў мінулае, гадоў так на 40 таму.

Сціплая шыльда са сціплай назвай «Чабурэчная», на якой пазначана, што з 14.00 да 15.00 чабурэчная закрываецца на абед. Яшчэ ў так званым «прылазніку» вы позіркам упіраецеся ў пано. З кавалачкаў пліткі выкладзены гляк, хлеб, міска з пяльменямі. Над уваходам з тых жа плітачак выкладзены надпісы: налева «СТАЛОВАЯ», направа — «КУЛІНАРЫЯ». Раней гэта была сталовая Чэрвеньскага райспажыўтаварыства. Цяпер дзверы справа зачыненыя, а сталовая пераўтварылася ў чабурэчную.

Драўляныя дзверы, старыя вокны, звычайная плітка на сценах. Нідзе нават няма намёку на пластык і на тое, што на дварэ 2020 год.

«Я не памятаю, каб гэту сталоваю калісьці зачынялі на рамонт. Было неяк, што столю закрылі пластыкам, але пасля яго знялі, толькі дзіркі ад яго ў столі засталіся», — расказвае прадавачка Алена Нежавец.

«Мне 57 гадоў, я памятаю як яшчэ дзіцём мяне дзядуля прывозіў сюды на ровары. Тут тады была звычайная піўнуха. Можна было выпіць 100 грамаў. Пасля была сталовая», — прыгадвае спадарыня Алена.

Калі і чаму тут сталі пячы чабурэкі, Алена не ведае. Расказваюць, што ў Смілавічах жыло шмат татар, таму іх нацыянальная страва тут і прыжылася.

З часоў дзяцінства Алены Нежавец тут мала што змянілася.

Па-ранейшаму тут можна выпіць 100 грамаў і закусіць піражком.

«Асабліва шмат людзей у нас перад святамі, калі скарочаны дзень. Тады забягаюць на чарку каньяку», — кажа Алена Нежавец.

Цэны

Працоўны дзень у чабурэчнай пачынаецца а 8 гадзіне раніцы. Кухня пачынае працаваць раней, каб ужо пад адкрыццё падаць праз акенца металічную ёмістасць, да верху запоўненую тлустымі чабурэкамі і смажанымі піражкамі з розным начыннем.

Чабурэкі самыя дарагія — адзін каштуе 70 капеек. Беляшы па 55 капеек, піражкі з павідлам, рысам, бульбай, капустай каштуюць 50 капеек.

Кухня працуе ўвесь дзень, таму што гэтыя металічныя ёмістасці вельмі хутка пусцеюць. Рэдка хто забягае купіць толькі адзін чабурэк ці піражок. У асноўным адсюль выходзяць з поўнымі пакетамі.

Адна з пакупніц, мінчанка Кацярына, адмыслова прыехала сюды за піражкамі з павідлам.

«Мае дзеці абажаюць гэтыя піражкі. Што датычыцца чабурэкаў і беляшоў, у Мінску я іх не купляю. Страшна. А тут іх купляць не страшна. Смачнае цеста, смачнае мяса», — кажа Кацярына.

Пах і смак

Пахнуць гэтыя піражкі і чабурэкі дзяцінствам. Менавіта так калісьці пахлі піражкі, якімі гандлявалі з металічных бітончыкаў вулічныя гандляркі.

Пах чабурэчнай не выветрываецца з адзення аж да вечара. 

«У нас моладзь не працуе. Усе кухары жанчыны са стажам, перадпенсійнага ўзросту. Канечне, ёсць кніга рэцэптаў, але хто туды глядзіць? Ужо гадоў дваццаць гатуем па адным і тым жа рэцэпце», — расказвае Алена Нежавец.

У чабурэчную забягаюць людзі рознага ўзросту. Школьнікі прыбеглі пасля ўрокаў перакусіць і пабегчы на бокс, работнікі ЖКГ з Чэрвеня прыехалі ў Смілавічы па справах і зайшлі паабедаць. 

«Першыя наведнікі пачынаюць прыходзіць недзе а 10 гадзіне раніцы. Тут жа ў нас рынак за рогам, гандляры забягаюць перакусіць свежым піражком, напоўніць тэрмасы чаем», — прызнаецца Алена Нежавец.

Заходзіць у чабурэчную і сястра прадавачкі Алены. Яна адзіная, хто не купляе чабурэкі.

«Мне 66 гадоў, я стройная і адчуваю сябе добра, таму што не ем гэтых чабурэкаў. Я ўжо не ў тым узросце, каб есці такую цяжкаю ежу», — прызнаецца жанчына.

«Ой дзевачкі, я акрамя вас, больш толькі каранавіруса баюся»

Калі мы з’явіліся на парозе чабурэчнай, акенца кухні адразу закрылася. Работніцы кухні пабаяліся журналістаў.

Баялася нас і прадавачка Алена.

«Ой, дайце мне да пенсіі дапрацаваць. Не дазваляе нам начальства з вамі размаўляць», — шчыра прызналася прадавачка.

Справа не ў тым, што начальства нешта хавае, а ў тым, што проста саромеецца непрыгожай, старой установы.

Чабурэчную ў Смілавічах толькі-толькі перадалі з балансу Чэрвеньскага райспажыўтаварыства на баланс Бярэзінскага.

Кіраўніцтва райспажыўтаварыства абяцае, што неўзабаве ў чабурэчнай пачнецца рамонт. Але вельмі хочацца, каб рамонт абмежаваўся толькі рэстаўрацыяй і абнаўленнем таго, што ёсць, а не заменай усёй мазаікі, усяго інтэр’еру на танны сайдынг.

«Ой, дзевачкі, больш чым вас, я толькі каранавіруса баюся», — уздыхае Алена Нежавец.

Жанчына расказвае, што на абед зараз чабурэчная амаль не закрываецца, негледзячы на тое што ў раскладзе на абед адведзеная цэлая гадзіна.

«Не, гэта раскоша закрыцца на гадзіну, трэба ж план выконваць. Мы закрываемся ненадоўга. Прыбіральшчыца мые падлогу, а я старанна адмываю рукі, бо працую з грашыма, а на іх столькі мікробаў. А хто ж нам праўду скажа, колькі тых захварэлых на самой справе», — адказвае Алена Нежавец.

Час на гадзінніку 14.00, дзверы ў чабурэчнай не закрыліся, але ўваход перагароджаны крэслам. Падлога памытая, і пакуль яна не высахне, па памытаму прайсціся не наважваецца ніхто.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?