Міжнародны дабрачынны фонд «Шанс» (Мінск) аб’явіў збор сродкаў у дапамогу

дзевяцігадовай Лізе Мароз, жыхарцы вёскі Каралішчавічы Мінскага раёна, якой неабходна перасадка ныркі.

Як паведаміла БелаПАН дырэктар фонду Наталля Маханько, Ліза ўжо больш за пяць гадоў жыве з дыягназам «хранічная нырачная недастатковасць» і амаль тры гады знаходзіцца на перытанеяльным дыялізе.

Донарам ныркі для Лізы стане яе бацька. Існуе дамоўленасць аб правядзенні аперацыі ў Францыі. Значная частка неабходных сродкаў ужо сабрана.

На гэты час не хапае 46 тысяч долараў ЗША для абследавання і працэсу рэабілітацыі.

Як паведамлялася раней, у гэтым годзе Міністэрства аховы здароўя Беларусі плануе пачаць праводзіць аперацыі па перасадцы нырак дзецям. Аднак, паводле слоў Н.Маханько, з‑за наяўнасці ў Лізы шэрагу спадарожных захворванняў чакаць, пакуль аперацыі па перасадцы ныркі пачнуць рабіць у Беларусі, небяспечна.

Грошы на лячэнне Лізы Мароз можна пералічваць на дабрачынныя рахункі, інфармацыя пра якія размешчана на сайце фонду «Шанс» .

Тэлефоны фонду: +375 17 216 93 32; +375 44 711 11 17.

Кантакт з бацькамі: +375 29 655 35 37 (маці — Мароз Вольга Сяргееўна, бацька — Мароз Ілья Аляксандравіч).

Міжнародны дабрачынны фонд дапамогі дзецям «Шанс» зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Беларусі 4 чэрвеня 2008 года. Асноўная мэта фонду —— аказанне дапамогі ў лячэнні цяжка хворых дзяцей. Цяпер фонд аказвае дапамогу 23 дзецям. Так, у студзені гэтага года фонд аб’явіў збор сродкаў для куплі жыццёва неабходных лекаў трохгадоваму Максіму Нарывончыку з Пінска, які пакутуе ад рэдкага захворвання — метылмалонавай ацыдэміі. Грошы сабраны, сям’я Максіма выказвае падзяку ўсім дабрачынцам.

Алена Спасюк, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0