Сенат ЗША аднагалосна прагаласаваў за законапраект аб маштабных мерах па стымуляванні амерыканскай эканомікі для змякчэння наступстваў пандэміі каранавіруса, паведамляюць інфармагенцтвы.

Цяпер законапраект павінны разглядзець Палата прадстаўнікоў і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Апошні ўжо выказаў гатоўнасць ухваліць новыя меры па барацьбе з каранавірусам.

Пакет мер коштам у $2 трлн утрымлівае прамыя грашовыя выплаты амерыканцам, павелічэнне дапамогі беспрацоўным, буйныя інвестыцыі ў сістэму аховы здароўя і прадастаўленне пазык кампаніям.

Так, $250 млрд будзе выдзелена на прамыя выплаты грамадзянам, $350 млрд — на крэдыты для малога бізнэсу, $250 млрд — на выплаты па беспрацоўі і $500 млрд — на крэдыты прадпрыемствам.

Лідар дэмакратаў у Сенаце Чак Шумер заявіў, што гаворка ідзе пра «найбуйнейшы пакет дапамогі ў амерыканскай гісторыі». Ён назваў гэтую ініцыятыву «планам Маршала» для бальніц і медыцынскіх патрэб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0