Заўзятары «Нёмана», «Шахцёра», БАТЭ, «Белшыны», мінскага і брэсцкага «Дынама», «Віцебска», «Тарпеда-БелАЗ» і «Слуцка» не будуць актыўна падтрымліваць свае каманды з-за пандэміі каранавіруса, паведамляе Tribuna.com.

Фанаты падтрымалі акцыю самаізаляцыі.

«Тут не працуе прынцып «За «Тарпеда» нават у пекла!», бо пад удар мы можам паставіць не толькі сваё здароўе і жыццё, але і ў першую чаргу — здароўе і жыцці сваіх блізкіх, калег па працы і паплечнікаў. Хочам заявіць гэтак жа, што ні жыватворчы трактар, ні 100 грамаў гарэлкі не дапамогуць у дадзенай сітуацыі, таму настойліва рэкамендуем устрымацца ад наведвання спартыўна-масавых мерапрыемстваў, піцейных і забаўляльных устаноў, іншых спартыўных і забаўляльных пляцовак (спорт-залаў, дыска-клубаў і да т. п.), а таксама мінімізаваць паходы ў крамы, аптэкі, банкі. Не забываем пра сродкі індывідуальнай абароны. Здароўя вам і вашым родным», — гаворыцца ў паведамленні на старонцы «Тарпеда» Жодзіна.

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе праводзіцца футбольны чэмпіянат. Гуляюць таксама ў Нікарагуа. 6 красавіка мае распачацца чэмпіянат Швецыі, але папярэдне напісана, што матчы першых тураў перанеслі.

Трэці тур чэмпіянату Беларусі павінен стартаваць у пятніцу.

Кіраўнік федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў заявіў, што, калі будзе крытычная сітуацыя з-за каранавіруса, то чэмпіянат паставяць на паўзу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0