У гэты ўік-энд да ўсяго гэтага дададуцца першая і другая лігі, каб стварыць ва ўсім акіяне каранавіруса цэлую паўнавартасную выспу з крэпасцю, што абараняе футбол у Еўропе ад поўнага знікнення.

Разам з Букмекерскай канторай Леон мы працягваем асвятляць найлепшы футбольны чэмпіянат у свеце.

Пасля правалу на старце БАТЭ здолеў перамагчы ў двух апошніх турах, наблізіўшыся да першага месца на адлегласць адной перамогі. На вяршыні ж апынулася жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ», якое ў вочнай дуэлі ўпэўнена перагуляла «Энергетык-БДУ».

Працягваюць буксаваць «Шахцёр» і мінскае «Дынама». У салігорцаў чарговая нулявая нічыя — на гэты раз са «Смалявічамі», а мінчукі наогул нечакана прайгралі «Гарадзеі».

Вось як скончыліся матчы чацвёртага тура:

  • «Нёман» — «Белшына» 1:1 (42, Кадзімян — 59, Ковель)
  • «Слуцк» — «Віцебск» 1:1 (63, Каанда — 32, Нікалаеску)
  • «Тарпеда-БелАЗ» — «Энергетык-БДУ» 2:0 (55, Хачатуран; 66, Рамас)
  • «Гарадзея» — «Дынама-Мінск» 1:0 (14, Архіпаў (п))
  • «Мінск» — БАТЭ 0:3 (26, Драгун; 34, Сарока; 62, Няхайчык)
  • «Смалявічы» — «Шахцёр» 0:0 
  • «Дынама-Брэст» — «Іслач» 3:1 (45+2, Габі; 77, Мілеўскі; 90+4, Савіцкі (п) — 39, Камароўскі)
  • «Славія» — «Рух» 0:0

Давайце паглядзім, што нас чакае ў наступным туры.

«Энергетык-БДУ» — «Гарадзея»

«Гарадзея» з'яўляецца самай невідовішчнай камандай чэмпіянату з мінімумам створаных небяспечных момантаў, але «цукровыя» ўжо здабылі дзве перамогі: першую ў Бабруйску дзякуючы штрафному ўдару, другую — дзякуючы пенальці. Эфектыўнасць зайздросная.

Фота: ФК «Гарадзея»

Фота: ФК «Гарадзея»

Перад мінулым турам з'явілася інфармацыя, што гульню можа прапусціць лідар «студэнтаў» Джасурбек Яхшыбоеў з-за траўмы. Але ў Жодзіне ўзбек згуляў, але не дапамог камандзе. Цяпер бойкая каманда будзе імкнуцца рэабілітавацца ў матчы з «Гарадзеяй».

Прагноз «НН»: «Энергетык» пераможа.

«Дынама-Мінск» — «Нёман»

Мінчукі ў чатырох турах набралі толькі тры балы — гэта зусім не тое, чаго мы чакалі ад каманды Гурэнкі. Наперадзе «Дынама» — сустрэча з «Нёманам», які гуляе ў вязкі абарончы футбол.

Эксперты ўпэўнена лічаць гаспадароў фаварытамі гульні. Але нам здаецца, што недаацэньваць гарадзенцаў не варта. Тыя хоць і ўпусцілі перамогу над «Белшынай», але могуць стварыць сюрпрызы любому суперніку.

Прагноз «НН»: «Нёман» не прайграе.

«Белшына» — «Смалявічы»

Як ужо паспелі пажартаваць у інтэрнэце, што праз каранавірус футбол настолькі ачышчаны, што ў яго вярнуліся галы Леаніда Ковеля. На рахунку некалі легендарнага форварда абодва мячы «Белшыны», апошні з якіх падараваў камандзе першы турнірны бал.

«Смалявічы» набралі на адзін бал больш, але абедзве нічые былі здабытыя ў матчах з топамі: брэсцкім «Дынама» і «Шахцёрам». Патэнцыял у каманды Бразевіча ёсць, ім трэба толькі скарыстацца.

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

«Шахцёр» — «Слуцк»

У «Шахцёра» вялікія праблемы ў атацы. Каманда забівала ўсяго ў адным туры з чатырох, што і адбіваецца на пазіцыі салігорцаў у табліцы. Але варта адзначыць, што прапусцілі яны ўсяго адзін мяч.

«Слуцк» і забівае прыстойна, але і прапускае нямала. Такая гульня падабаецца шматлікім замежным заўзятарам, якіх з кожным днём становіцца ўсё больш. Цяпер пытанне: ці парадуе іх каманда ў матчы супраць вельмі сур'ёзнага суперніка?

Арцём Сярдзюк прабіў нагой рэкламны шчыт — гэты момант стаў мемам сярод замежных заўзятараў «Слуцка». Фота: ФК «Слуцк»

Арцём Сярдзюк прабіў нагой рэкламны шчыт — гэты момант стаў мемам сярод замежных заўзятараў «Слуцка». Фота: ФК «Слуцк»

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

«Іслач» — «Славія»

«Славія» разам з «Энергетыкам» складаюць пару каманд, якія здзіўляюць больш за ўсё. Мазырчукі за адзін крок ад фіналу Кубка, а ў чэмпіянаце абгулялі БАТЭ і брэсцкае «Дынама».

«Ваўкі» пасля бойкага старту прайгралі дзве апошнія гульні, прапусціўшы ажно шэсць мячоў. Тактыка ў тры цэнтральныя абаронцы дае збоі. Чым Жукоўскі будзе здзіўляць у матчы са «Славіяй»?

Прагноз «НН»: «Славія» не прайграе.

«Рух» — «Мінск»

«Рух» забіў менш за ўсіх у чэмпіянаце — усяго аднойчы, і тое ў першым туры. А «Мінск» прапусціў 8 мячоў — больш за астатнія каманды.

У «Мінска» ёсць неблагі шанец зноў падцягнуцца да лідараў табліцы, але для гэтага трэба ўзламаць трывалую абарону берасцейцаў.

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

«Віцебск» — «Дынама-Брэст»

Два тыдні таму гульня з Віцебскам была перанесена ў Барысаў. Нібыта праз стан поля. Але пасля міністр аховы здароўя прызнаўся, што гэта было зроблена з-за небяспечнай эпідэміялагічнай сітуацыі ў горадзе. Босы федэрацыі працягваюць стаяць на сваім і звязваць перанос выключна з умовамі надвор'я.

Прайшло два тыдні, і матч нікуды не збіраюцца пераносіць. «Віцебск» прыме чэмпіёнаў Беларусі на сваім полі. У турнірнай табліцы каманды знаходзяцца побач, але фаварытамі эксперты лічаць берасцейцаў.

Прагноз «НН»: «Дынама» пераможа.

БАТЭ — «Тарпеда-БелАЗ»

Нягледзячы на першае месца ў табліцы, эксперты зусім не вераць у жодзінскае «Тарпеда».

Фота: ФК «Тарпеда-БелАЗ»

Фота: ФК «Тарпеда-БелАЗ»

У гэтым ёсць логіка, бо жодзінцы з 2016 года не могуць перамагчы ў БАТЭ, а барысаўцы ў чэмпіянаце пачынаюць набіраць неблагі ход. Ці змогуць яны скінуць «Тарпеда» з першага радка?

Прагноз «НН»: БАТЭ пераможа.

У сувязі з распаўсюдам каранавіруса мы не раім вам наведваць людныя мерапрыемствы, у тым ліку футбольныя матчы. Калі ўсё ж вырашыце пайсці на стадыён, прытрымлівайцеся мераў засцярогі.

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?