Пробашч адной з ашмянскіх каталіцкіх парафій (Гродзенская вобласць) трапіў у бальніцу з каранавірусам. Ва ўсім ашмянскім дэканаце не праводзяцца публічныя багаслужбы, піша Радыё Свабода.

Заражэнне каранавірусам святара пацвердзілі ў курыі Гродзенскай дыяцэзіі.

«Ксёндз-канонік цяпер знаходзіцца на лячэнні ў шпіталі. Праведзеныя тэсты на прысутнасць каранавіруса ў арганізме далі станоўчы вынік. Здароўе святара паступова ідзе на папраўку», — гаворыцца ў паведамленні курыі.

У касцёлах Ашмянаў і навакольных вёсак уведзены каранцін. Публічныя багаслужбы скасавалі. Аднак храмы застаюцца адкрытымі для наведвання тых, хто хоча памаліцца індывідуальна.

Напярэдадні шпіталізацыі ксяндза ў ашмянскім касцёле адправілі масавую імшу з прычашчэннем вернікаў і бежмаваннем (мірапамазаннем) падлеткаў.

Па словах мясцовых жыхароў, пасля шпіталізацыі ксяндза ва ўдзельнікаў багаслужбы пачалі масава браць тэсты на каранавірус.

У каментары Deutsche Welle месяц таму той ксёндз здзіўляўся, што людзі ўспрымаюць рэкамендацыі наконт каранціну сур’ёзна. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0