Пасхальнае пасланне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы, — Богам сцеражоны народ Божы!

    «…Таму прабудзіся, каб злітаваўся над табою Хрыстос Бог,
    Які ўсюды прысутны і ўсё напаўняе»
    Кандак 6‑й песні Вялікага канона
    прападобнага Андрэя Крыцкага

Суровыя і прамыя словы Пакаяннага канона на працягу Вялікага посту рыхтавалі нашы сэрцы да Пасхальнай радасці — да Светлага Хрыстовага Уваскрасення. І вось сёння, прабудзіўшыся ад грахоўнага сну, мы пакліканы, паводле слова Святога Евангелля, увайсці ў радасць Госпада нашага (Мф. 25: 21, 23) і сведчыць перад Богам і людзьмі пра тое, што

Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!

Перамогу Жыцця над смерцю мы вызнаём у гэтыя дні ўсімі сіламі нашага сумлення, якое мы пастараліся ачысціць постам і малітваю. І таму для нас становіцца вельмі блізкім вобраз абуджэння ад сну і пераход да творчай дзейнасці.

«Госпадзі Божа мой! Прасвятлі вочы мае, каб не заснуў я сном смяротным», — усклікае да Тварца Псалмаспевец Давід (Пс. 12: 4). Не толькі аб захаванні свайго цялеснага жыцця моліць ён Бога, але і аб прасвятленні розуму і сэрца, бо грэх — гэта таксама «сон смяротны».

Калі прырода нашага краю пачынае квітнець вясною, мы кажам, што і яна абуджаецца ад зімовага сну. І чалавек вясной таксама нейкім простым і натуральным чынам адтайвае ад ільду абыякавасці. Хоць бы на час, — але ўсё ж ён пераадольвае сваю халоднасць да бліжняга; хоць бы на імгненне, — ён усміхаецца сонечнаму святлу і звяртае свой твар да Сонца Праўды, Якім ёсць Хрыстос, Бог наш.

Веру, што такое абуджэнне ў свой час перажывае кожны чалавек! І таму заклікаю ўсіх вас, узлюбленыя мае: дзяліцеся цяплом веры з бліжнімі і дальнімі; ні ад каго не засланяйце сваімі чалавечымі мудраваннямі жыватворнае святло Нябеснага Айца, але ўсім і заўсёды нясіце добрую вестку пра Уваскрасенне Сына Божага, Сына Чалавечага.

«Устань, хто спіць, і ўваскрэсні з мёртвых, і асвятліць цябе Хрыстос», — паўтарае словы Псалтыра апостал Павел (Эф. 5: 14). І адразу ж пасля гэтага па‑сапраўднаму пасхальнага благаславення святы апостал народаў спяшаецца папярэдзіць нас пра небяспеку: «Дык, глядзіце, дзейнічайце асцярожна, — кажа ён, — не як неразумныя, а як мудрыя, цэнячы час, бо дні — ліхія» (Эф. 5: 15—16).

Цяпер настаў час, калі крызісныя выпрабаванні напаткалі «новы свет», збудаваны чалавекам без Бога. Свет нажывы і гардыні, карысталюбства і нястрымнага спажывання падмануў сваіх жыхароў. Збянтэжанасць і страх, разгубленасць і ўнутраную спустошанасць адчуваюць сёння мільёны людзей па ўсім абліччы Зямлі. «Паводле якіх правіл цяпер жыць? — задаюць пытанне ганарлівыя. — Як зноў знайсці апірышча, калі пад нагамі — толькі зыбкі пясок, а дом, збудаваны на пяску, пачынае абрушвацца на вачах?» Што ж, спустошанасць сэрцаў нязменна прыводзіць да спусташэння дамоў…

Ці можам мы не смуткаваць з‑за патрасенняў роду чалавечага ў гэты паваротны момант сусветнай гісторыі? Ці можам заставацца абыякавымі да людзей і тым больш — злараднічаць з няшчасцяў? Не, бо ў такім выпадку мы самі будзем асуджаны паводле горкага прароцтва Хрыста Спасіцеля пра тыя часы, калі «з‑за памнажэння беззаконня астыне любоў у многіх» (Мф. 24: 12).

Задача свету хрысціянскага заключаецца ў тым, каб «камень, які адкінулі будаўнікі», паводле слова Пісання, зноў «стаў галавою вугла» (Мф. 21: 42). Ужо не толькі палымяным словам, а і канкрэтнай справаю мы пакліканы пацвердзіць ісціну пра тое, што «калі Господзь не збудуе дома, марна працуюць будаўнікі яго» (Пс. 126: 1).

Стан хрысціянскіх сем’яў і добраўпарадкаванасць праваслаўных храмаў, грамадскае служэнне членаў Царквы і асабісты прыклад веры кожнага хрысціяніна: усё, што становіцца галавою вугла нашага асабістага спасення, мы павінны зрабіць дастойным шырокай павагі і дзейнага пераймання.

У час выпрабаванняў радасць аб Уваскрасенні Хрыстовым павінна быць не проста лікаваннем аб ісціннасці нашай веры! Дарагія браты і сёстры, мы пакліканы да ацалення ран тых людзей, якія пакутуюць. Хрысціянская місія сярод тых, хто хворы і бедны, хто адзінокі і пакінуты, — гэта абавязак Царквы і пакліканне кожнага яе члена. Але мы павінны памятаць, што не менш важнай з’яўляецца місія хрысціян, звернутая да тых, хто пакутуе з‑за страты сэнсу жыцця, з‑за адсутнасці жыццёвых арыенціраў, з‑за крушэння ілжывых ідэалаў.

У тым самым Пасланні да Эфесянаў апостал Павел дае простую і мудрую параду, як і чым мы можам дапамагчы веруючым і няверуючым: «Не будзьце безразважнымі, а пазнавайце, у чым ёсць воля Божая» (Эф. 5: 16—17).

Разважлівасць і разуменне Божай волі не даюцца хрысціяніну проста так. Гэта — плод нястомнай працы над самім сабою, вынік асэнсавання ў святле Евангелля Хрыстовага перш за ўсё свайго жыцця, і толькі потым — жыцця і ўнутранага свету іншага чалавека, свайго бліжэйшага асяроддзя, свайго народа і, урэшце, ўсёй чалавечай супольнасці.

Цвёрда і справядліва гучаць словы з Паслання Прадстаяцеляў Праваслаўных Памесных Цэркваў, якія сабраліся ў горадзе Канстанцінопалі, цяперашнім Стамбуле, у кастрычніку мінулага года: «Праваслаўныя хрысціяне падзяляюць з іншымі рэлігійнымі і нерэлігійнымі людзьмі планеты адказнасць за сучасны крызіс, — гаворыцца ў Пасланні, — таму што яны неразумна дапускалі злоўжыванні свабоды альбо зміраліся з імі, не супрацьстаялі ім дастойна словам веры. Такім чынам, нашым галоўным абавязкам з’яўляецца ўклад у пераадоленне раздзяленняў у свеце».

Пад гэтым дакументам стаіць подпіс заўждыпамінаемага Свяцейшага Патрыярха Аляксія II, і таму мы ўспрымаем місію «пераадолення раздзяленняў у свеце» як духоўны запавет Яго Свяцейшаства. Добрым знаменнем для нашай Маці‑Царквы стала і місіянерская скіраванасць пачатага служэння шаснаццатага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, сведкамі выбрання і інтранізацыі якога мы сталі ў дні працы Архіерэйскага і Памеснага Сабораў Рускай Праваслаўнай Царквы.

Дарагія мае! Святкуючы светлае Хрыстова Уваскрасенне, вызнаючы перад Богам і прапаведуючы свету дабравесце аб тым, што «Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць зваяваў», — мы словам і справаю сцвярджаем адзіны спасіцельны выбар, які адвеку прапанаваны чалавеку яго Тварцом. З глыбіні вякоў Багавідзец Маісей звяртае да чалавечага роду боганатхнёны заклік: «Жыццё і смерць прапанаваў я табе, благаславенне і пракляцце. Выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё» (Друг. 30: 19).

«Уваскрэс Хрыстос, і жыццё жыве», — рэхам гучыць у дні Пасхі Гасподняй сведчанне праваслаўнага свету пра наш выбар. Сапраўды, веданне Божага Закона жыцця — самае каштоўнае ў скарбніцы агульначалавечай думкі.

…І зноў багамудры апостал Павел падтрымлівае нас у пошуку адказаў на вечныя і на неадкладныя пытанні быцця. «Любоў ёсць выкананне закона, — кажа ён. — Так рабіце, ведаючы час, што наступіла ўжо гадзіна прабудзіцца нам ад сну». І сёння, у час сусветных выпрабаванняў, сярод хрысціян не выклікаюць недаўмення наступныя словы святога апостала: «Цяпер бліжэй да нас спасенне, чым калі мы ўверавалі» (Рым. 13: 10—11).

Дык будзем добрымі работнікамі на ніве Хрыстовай, і Айцец наш, Які бачыць тайнае, узнагародзіць свет яўна (Мф. 6: 4, 6: 18)!

Нашу светлую надзею і радаснае сведчанне веры накіроўваю разам з пасхальным віншаваннем адзінаверным і адзінакроўным братам і сёстрам нашым, якія жывуць ва ўсіх канцах Зямлі. Сардэчна вітаю ўсіх, хто носіць імя Хрыстова і заклікае Бога ў Сведкі свайго жыцця, свайго сумлення, сваіх слоў і спраў.

Узлюбленыя! Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс! — і нас уваскрасіць сілаю Сваёю. Амінь.

+Філарэт,

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Пасха Хрыстова, 2009 г., Мінск

Глядзі таксама:
Велікоднае пасланне япіскапа БАПЦ Святаслава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?