У Менску плянуецца адкрыць інфармацыйны офіс Рады скандынаўскіх краінаў. Прапанова пра адкрыцьцё офісу абмяркоўвалася на паседжаньні Скандынаўскай рады ў Капэнгагене (Данія).

Рада разглядае адкрыцьцё офісу ў Менску як «частку сваіх абавязкаў па разьвіцьці дыялёгу з урадам і апазыцыяй у Беларусі».

«Інфармацыйны офіс зможа спрыяць намаганьням Скандынаўскай рады ў справе наладжваньня дыялёгу з уладамі і апазыцыяй Беларусі, а таксама дапамагаць ажыцьцяўленьню скандынаўскіх праектаў і каардынаваць кантакты зь недзяржаўнымі арганізацыямі, далучанымі да праграмы міністраў Паўночнай рады па падтрымцы НДА», — цытуе БелаПАН паведамленьне прэсавай службы Паўночнай рады.

Прэсавая служба зазначае, што ад 2007 году адбылося тры сустрэчы прадстаўнікоў Скандынаўскай рады з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і прадстаўнікамі палітычных партыяў, якія не патрапілі ў парлямэнт. «Прапановы наконт адкрыцьця інфармацыйнага офісу віталі ўсе ўдзельнікі сустрэчаў», — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы.

Дата адкрыцьця офісу пакуль ня вызначаная.

Рада скандынаўскіх краінаў, заснаваная ў 1952 годзе, — орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва краінаў Паўночнай Эўропы. У Раду ўваходзяць 87 парлямэнтароў зь пяці краінаў (Даніі, Ісьляндыі, Нарвэгіі, Швэцыі, Фінляндыі) і трох аўтаномных тэрыторыяў (Грэнляндыя, Фарэрскія і Аляндскія астравы).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?