У сувязі з тым, што праваабаронцам стала вядома, што блогер тэлеграм-канала «Армія з народом» Сяргей Коршун абвінавачваецца па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), праваабарончая супольнасць Беларусі заяўляе аб прызнанні яго палітычным зняволеным, паведамляе spring96.org.
Згодна з выстаўленымі абвінавачваннямі Сяргей Коршун абвінавачваецца ў арганізацыі і падрыхтоўцы групавых дзеянняў, якія груба парушалі грамадскі парадак пры правядзенні пікета па зборы подпісаў ініцыятыўнай групай па вылучэнні ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Святланы Ціханоўскай 29 мая 2020 г. у г. Гродна і такім чынам з’яўляецца чарговым фігурантам так званай «справы Ціханоўскага».
Пры прыняцці гэтага рашэння праваабаронцы кіраваліся раней прынятымі заявамі беларускай праваабарончай супольнасці ад 1, 9 і 11 чэрвеня 2020 года аб прызнанні палітзняволенымі фігурантаў «справы Ціханоўскага».
На падставе гэтага беларускія праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення Сяргея Коршуна і спынення распачатага ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу.
Сяргей Коршун быў затрыманы міліцыяй 21 ліпеня ў Мінску разам з яшчэ адным блогерам тэлеграм-канала «Армія з народам» Сяргеем Лук’янавым.
З таго часу Сяргей Коршун знаходзіцца пад вартай ў СІЗА №1.