Калектыў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі занепакоены падзеямі, якія адбываюцца ў апошнія дні ў нашай краіне. Ужыванне гвалту ў дачыненнні мірных грамадзян і масавыя затрыманні пасля 9 жніўня 2020 г. не маглі пакінуць абыякавымі работнікаў архіва.

У ліку затрыманых аказаліся нашы калегі, навукоўцы, работнікі сферы культуры і адукацыі, у тым ліку карыстальнікі чытальных залаў архіва, сваякі і блізкія многіх супрацоўнікаў.

Паколькі ўсе слаі беларускага грамадства зацікаўлены ў падтрыманні правапарадку і захавання законнасці,

мы заклікаем кіраўніцтва краіны:

— забяспечыць грамадзянам захаванне правоў і свабод, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці, свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама права на атрыманне, захаванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі;

— даць прававую ацэнку парушэнням, дапушчаным у ходзе выбарчай кампаніі; — вызваліць з месцаў прымусовага ўтрымання ўдзельнікаў акцый пратэсту, затрыманых пасля 9 жніўня 2020 г., і забяспечыць аб'ектыўны і неперадузяты разгляд іх спраў;

— спыніць ужыванне гвалту з боку прадстаўнікоў органаў правапарадку і, у прыватнасці, выкарыстання спецсродкаў у дачыненні да мірных дэманстрантаў і журналістаў;

— правесці расследаванне і даць прававую ацэнку фактам збіцця ўдзельнікаў акцый пратэста і гвалту ў дачыненні асоб, затрыманых за ўдзел у іх, а таксама дзеянням, якія прывялі да гібелі дэманстрантаў.

Гэтыя захады дазволяць пазбегнуць далейшага росту напружанасці і будуць спрыяць устанаўленню ў беларускім грамадстве атмасферы дыялогу і ўзаемаразумення. Як захавальнікі шматвекавой дакументальнай спадчыны нашага народа, перакананы, што ацэнку дзеянняў усіх бакоў любых канфліктаў заўсёды дае аб'ектыўны і неперадузяты суд Гісторыі.

Лёс кожнага грамадзяніна важны для будучыні ўсёй краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0