БелТА

БелТА

Аляксандр Лукашэнка вітае працу ў краіне і інвестыцыі кампаніі Emaar Properties. Пра гэта ён заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй савета дырэктараў кампаніі Emaar Properties Мухамедам Алі аль-Абарам, піша БелТА.

«Перш за ўсё хачу адзначыць вашу пунктуальнасць і абавязковасць. Прыкладна год таму, сустракаючыся з вамі, мы дамовіліся аб нашай сумеснай працы. Тады быў задуманы шэраг праектаў, якія вы ўзялі ў прапрацоўку і гатовыя былі ажыццявіць у Беларусі, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы будаўніцтвам буйных інфраструктурных аб'ектаў, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы дамаўляліся з вамі, што гэтай восенню пасля прэзідэнцкіх выбараў сустрэнемся і канчаткова расставім усе кропкі над «i». І вось за гэта я вам удзячны, што вы пунктуальна, як дамовіліся, прыехалі ў гэты дзень».

«Мы разумеем, што цяпер у свеце часы не простыя. Выклік чалавецтву кінуты па многіх напрамках. За інвестара ў сувязі з гэтым ідзе вельмі вострая барацьба. І, вядома, ваша праца ў Беларусі, тыя інвестыцыі, якія вы плануеце ажыццявіць, сёння нам вельмі дарэчныя», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, аб'ёмы работ будуць вельмі вялікія. «Таму мы ў такім прадстаўнічым складзе сёння сабраліся (на сустрэчы з беларускага боку таксама прысутнічалі прэм'ер-міністр, старшыня Мінгарвыканкама, памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы), каб не было замінкі ў вашых працах», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што памятае абяцанне Мухамеда Алі аль-Абара, што ў Беларусі пабудуюць самыя прыгожыя будынкі і збудаванні, якія будуць візітнай карткай ААЭ ў цэнтры Еўропы. «Таму я гатовы абмеркаваць сёння ўсе пытанні, якія ў сувязі з гэтым узніклі, і калі ёсць нейкія праблемныя пытанні, гатовыя іх адразу ж вырашыць», — дадаў ён.

Мухамед Алі аль-Абар — саўладальнік буйных міжнародных кампаній у галіне інвестыцый, нерухомасці, гасцінічнага бізнэсу, электроннага гандлю, лагістыкі, грамадскага харчавання, моды, дызайну і іншых. Яго бізнэс прысутнічае больш чым у 50 краінах свету. Ён з'яўляецца ідэйным натхняльнікам і выканаўцам канцэпцыі стварэння сучаснага Дубая, ключавым дарадцам па эканамічных і інвестыцыйных пытаннях кіраўнікоў Абу-Дабі і Дубая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0