Не так даўно амаль увесь свет абляцела навіна: старшыня Кенійскай жаночай арганізацыі развіцця прапанавала жанчынам сваёй краіны ўстрымацца ад сэксуальных адносін з мужчынамі на працягу тыдня. Такім чынам жанчыны вырашылі падштурхнуць моцную палову чалавецтва да хутчэйшага вырашэння палітычных рознагалоссяў.

«Мы вырашылі, што самая дзейсная зброя — гэта сэкс, — патлумачылі сваю пазіцыю кенійскія кабеты. — Сэкс не ведае расавай прыналежнасці, не адносіцца да нейкай палітычнай партыі і мае месца нават у самых бедных сем’ях».

Паведамлялася, што акцыю пратэсту падтрымала нават жонка кенійскага прэм’ер‑міністра.

Выданне «Тут і цяпер» паспрабавала высветліць, як да сэкс‑забастовак ставяцца некаторыя беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы.

Некаторыя адказы шчыра здзівілі.

Лявон Баршчэўскі, старшыня партыі БНФ, перакладчык:

— Думаю, гэта найбольш дзейсны метад для паўднёвых краін. У нас трошкі не той тэмперамент.

Нашы суайчыннікі менш цікавяцца сэксам і могуць перажыць без яго нават і не тыдзень. У Беларусі гэтым нікога не напужаеш!

Так што вопыт кенійскіх жанчын трэба яшчэ адаптаваць да беларускай прасторы.

Адам Глобус, пісьменнік і выдавец:

— Сярод каханкаў гэта даволі эфектна. А вось у сям’і такі метад менш дзейсны, бо мужчына проста пойдзе на бок. Зразумела, што

знойдуцца штрэйкбрэхеры (у дадзеным выпадку штрэйкбрэхершы), якія не падтрымаюць, а здрадзяць жаночай салідарнасці.

Наогул, я лічу, што гульні супраць біялогіі даволі небяспечныя. Гэта ж свайго роду біялагічная зброя, якую ўжо даўно забаранялі, а цяпер яна зноў у нейкай такой пачварнай форме выкарыстоўваецца. Я лічу, што гэта даволі кепска. Мужчына падчас любой сэкс‑забастоўкі знойдзе сабе іншую жанчыну.

У рэшце рэшт, пэўныя мужчыны могуць любіць і іншых мужчын. Альбо самі сябе задавальняць.

Таму для медыйнай прасторы сэкс‑забастоўка, безумоўна, даволі эфектны ход, а ў рэальнасці, я думаю, гэта проста дэкларацыя.

Анатоль Ляўковіч, старшыня Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада):

— Гэта ж толькі дадумацца так мірыць мужчын‑палітыкаў! Вельмі суровая мера ўздзеяння, на мой погляд.

На Беларусі, я думаю, такое пакуль што немагчыма. Не ведаю, які соцыум у Кеніі, але ж у нас я не бачу такой вялікай жаночай салідарнасці. Асабліва ў плане супрацьстаяння мужчынскаму пачатку. І гэта добра. У Беларусі не настолькі ўжо кепская сітуацыя, каб жанчыны ішлі на такія радыкальныя меры.

Мне падаецца, што беларускія жанчыны больш‑менш задаволены сваім цяперашнім жыццём, яны не вельмі апантаныя нейкай ідэяй.

Напрыклад, у палітыцы зараз вельмі цяжка арганізаваць жанчын па нейкіх сацыяльных пытаннях. Ведаю, што дэмакратычныя прафсаюзы, наша партыя працавалі і працуюць над тым, каб стварыць жаночую сетку. І не надта далёка, шчыра кажучы, мы прасунуліся ў гэтым пытанні.

Я сам ніколі не аб’явіў бы сэксуальную забастоўку, таму што палітыка — гэта толькі адзін з модусаў быцця чалавека ў свеце. Ёсць рэчы нашмат важнейшыя за палітыку. Каханне для мяне больш важнае чым палітыка, каханне — гэта кіданне ў бездань, якая ўзносіць цябе да нябёс.

А працяг роду чалавечага і наогул святая справа…

Сяргей Калякін, лідэр партыі камуністаў Беларускай:

— Як я стаўлюся да сэкс‑забастовак? Думаю, што калі б усе беларускія жанчыны аб’ядналіся ў гэтым сэнсе, то гэта мела б каласальнае ўздзеянне на мужчын і, зарумела, на палітыкаў. І акцыя нават прывяла б да жаданага выніку. Але гэта павінна быць ні ў якім разе не тыднёвая акцыя. Тыдзень без сэксу беларускія мужчыны здольныя вытрываць…

***

Экспертыза

Андрэй Залатухін, урач‑сэксолаг Мінскага гарадскога сэксалагічнага цэнтра:

«Дзеля міру на планеце можна было б арганізаваць сусветны дзень без сэксу…»

— Памятаеце камедыю Арыстафана «Лісістрата»? Там падрабязна напісана: калі жанчынам надакучыла, што мужчыны ўвесь час ваююць, яны проста аб’явілі сэксуальную забастоўку.

Наколькі гэты метад эфектыўны сёння? Нават і не ведаю. Не выключана, што пры пэўных абставінах ён можа даць нейкі плён. Аднак дактары‑сэксолагі звычайна шукаюць такое выйсце, якое б задавальняла б абодвух партнёраў.

У якіх выпадках увогуле можна было б адмовіцца ад сэксу? Напэўна, дзеля міру на планеце можна было б арганізаваць Сусветны дзень без сэксу. Пакуль такога яшчэ няма.

Але калі на поўным сур’ёзе, то мне падаецца, што няма ніякай прамой сувязі паміж палітыкай і сэксам. Дый варта памятаць, што ўстрыманне ад сэксу не ўсім на карысць.

Напрыклад, мужчынам пенсіённага ўзросту я б не рэкамендаваў прымаць удзел у такіх пратэстных мерапрыемствах.

Што тычыцца жанчын, то я не ведаю даных, якія б сведчылі пра шкоду, якую нясе адмова ад сэксу жаночаму арганізму. Іншая справа, як яны суб’ектыўна гэта пераносяць. Не выключана, што ім ад гэтага проста некамфортна…

***

Ніна Стужынская, старшыня Беларускай жаночай лігі, гісторык:

«Палітыкі мала цікавяцца сэксам…»

— Ведаю, што ў прыватным жыцці некаторыя жанчыны спрабуюць выхоўваць мужчын, якія, так бы мовіць, адбіліся ад хатняй працы: маўляў, калі не дапаможаш перакапаць агарод, пазбаўлю сэксу. Такія моманты здараюцца. А што тычыцца палітыкаў, то…

На мой погляд, яны мала цікавяцца сэксам. І жанчынамі таксама. Іх больш цікавяць грошы, міжсабойчыкі…

***

Чужы вопыт

У Судане сэкс‑забастоўка дапамагла пакласці канец 19‑гадовай грамадзянскай вайне.

У 2006 годзе калумбійскія жанчыны ў горадзе Пярэйра заявілі, што не будуць займацца каханнем, пакуль мужчыны будуць забіваць адзін аднаго. «Мы хочам патлумачыць ім, што насілле — гэта не сэксуальна».

У Італіі Вярхоўны суд задаволіў іск сіцылійкі, якая патрабавала ад мужа кампенсацыі за невыкананне шлюбных абавязкаў.

Іван Уцюрын, Тут і цяпер

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0