Фота з архіваў гераіні.

Фота з архіваў гераіні.

Для чэмпіёнкі свету па лыжнай акрабатыцы і спартсменкі года-2019 Аляксандры Раманоўскай 2020-ы дакладна стаў чорным годам: аднаўленне пасля траўмы, новая аперацыя на каленным суставе, інсульт бацькі і скандал са звальненнем з нацыянальнай каманды неўзабаве пасля яе публічнага выказвання з асуджэннем гвалту ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

— Я, безумоўна, не магла ўявіць, што выбары так моцна паўплываюць на маё жыццё. Ды і на жыццё краіны ў цэлым. Але я дакладна ні пра што не шкадую: няма правільнага ці няправільнага выбару. Ёсць проста выбар, які робім, — кажа Саша. — У сітуацыі з гвалтам я не магла паступіць інакш, прамаўчаць. Шкада, вядома, што гэта прывяло да такіх наступстваў. Але ўсё ж куды важней, што я жыву ў гармоніі з сабой і сваім сумленнем. Часам, вядома, на мяне накатвае «ўпадніцкі» настрой, пачуццё безвыходнасці. Як і на ўсіх беларусаў, у прынцыпе. Але я імкнуся з гэтым змагацца. 

Сур'ёзныя карэкціроўкі ў жыццё спартсменкі ўнёс і інсульт бацькі:

— Нам з мамай цалкам давялося перабудаваць графік: першыя дні тата быў зусім ляжачы. Цяпер яму ўжо лепш — можа перасоўвацца сам, хоць і з кійком. Толькі левая рука пакуль не працуе зусім, — расказвае суразмоўца.

— У любым выпадку ў 2020-м я моцна перагледзела свае каштоўнасці: калі раней галоўнай марай былі, напрыклад, спартовыя дасягненні, кар'ерны рост, то пасля падзей у сям'і я стала больш часу прысвячаць родным. Пасля падзей у краіне — больш цікавіцца навінамі, сачыць за тым, што адбываецца, імкнуцца ўсімі магчымымі для сябе спосабамі браць удзел у сённяшніх падзеях і рабіць свой унёсак у перамены. Таму што хочацца, каб яны адбыліся.

Саша і сама цяпер напоўніцу аднаўляецца пасля аперацыі: ходзіць на лекавую фізкультуру, каб займець шанец выступаць на спаборніцтвах хаця б у наступным годзе. Гэты сезон яна прапусціла цалкам.

— Вельмі спадзяюся, што смогу ўзяць удзел у зімовай Алімпіядзе: адбор туды ўжо стартаваў, мне будзе цяжка наганяць прапушчанае, застанецца зусім мала часу, каб паспрабаваць заваяваць ліцэнзію на Алімпійскія гульні. Веру, што ў мяне атрымаецца.

Звольніць Сашу канчаткова з фармулёўкай «прагул» у кіраўніцтва РЦАП пакуль не атрымалася: яна пайшла на афіцыйны бальнічны.

— Я ведаю, што шмат якіх нашых спартсменаў шантажавалі і адразу звальнялі за іх пазіцыю. Але мой загад пра звальненне страціў сваю юрыдычную сілу. Калі выйду з бальнічнага, кіраўніцтву, калі захоча, давядзецца рабіць новы, з новымі датамі. Не ведаю, што мяне чакае. Ведаю, што некаторым намякалі: будзеце паводзіць сябе добра — вам, магчыма, дадуць шанец вярнуцца. Падтрымлівае тое, што я заўсёды магу разлічваць на падтрымку Свабоднага аб’яднання, нават калі мяне канчатковага пазбавяць грошай РЦАП і Міністэрства спорту. Само разуменне, што ты не адзін, дае сіл. 

Аляксандра рада абвешчаным санкцыям МАК у дачыненні Нацыянальнага алімпійскага камітэта:

— Хай людзі, якіх закрануць санкцыі, падумаюць пра свае паводзіны, як кажуць. На дзейнасці ж спартоўцаў гэта ніякім чынам не адаб'ецца. Наадварот: МАК гатовы дапамагаць усім, каго закрануць рэпрэсіі. 

З'язджаць з Беларусі, як гэта зрабілі некаторыя іншыя спартоўцы, Саша не плануе.

— Я наўрад ці змагла б з'ехаць кудысьці на пастаяннае месца жыхарства, таму што люблю Беларусь і хачу для яе лепшага. І стапрацэнтна не змагла б выступаць за іншую краіну. Спадзяюся, усе мы неўзабаве зможам жыць тут шчасліва. Складана нават уявіць, што дабро можа не перамагчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?