«Масква хоча абмяняць крэдыты для Мінска на доступ да беларускага ПЭК», — піша расійскае выданне «КоммерсантЪ».

Артыкул «Падкупальны рух» апублікаваны 28 мая, у дзень пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў Мінску.

Паводле звестак «Ъ»,

падчас перамоў «Мінск паспрабуе ўгаварыць Маскву працягнуць крэдытаванне беларускай эканомікі», у той час як расійскі бок разлічвае паўдзельнічаць у прыватызацыі прадпрыемстваў беларускага ПЭК.

Афіцыйны парадак дня сённяшняга пасяджэння Саўміна Саюзнай дзяржавы «выглядае бяскрыўдна і нават руцінна», зазначае выданне. Аднак, «улічваючы тыя выпады, якія за апошні час спадар Лукашэнка зрабіў у адрас спадара Пуціна, сённяшнія перамовы абернуцца або сенсацыйнымі дамоўленасцямі, або грандыёзным скандалам».

Са спасылкай на крыніцу ў сакратарыяце Саюзнай дзяржавы «Ъ» піша, што «беларускі бок падрыхтаваўся ў чарговы раз узняць пытанні крэдытавання сваёй эканомікі Расіяй».

«Размова ідзе пра апошні 500‑мільённы транш расійскага доларавага крэдыту ў $2 млрд. ($1,5 млрд. з іх ужо атрымана Мінскам.— «Ъ»), а таксама пра дадатковы крэдыт у 100 млрд. руб., на выдзяленні якога Лукашэнка настойвае з мінулага года», — зазначае расійскае выданне.

Паведамляецца таксама пра яшчэ адну «крэдытную просьбу Мінска».

«Размова ідзе пра гіганцкую суму ў $9 млрд., якія Беларусь хацела б патраціць на будаўніцтва АЭС, — піша «Ъ».

— У Расіі наконт гэтага — сустрэчная прапанова. На гэтым тыдні кіраўнік «Расатама» Сяргей Кірыенка даў зразумець, што на Саўміне ў Мінску можа быць падпісана расійска‑беларускай міжурадавае пагадненне аб будаўніцтве атамнай станцыі. Зрэшты, у МЗС РФ кажуць, што пытанне аб АЭС яшчэ знаходзіцца ў стадыі абмеркавання».

Паводле інфармацыі выдання, Пуцін мае намер нагадаць беларускаму боку пра дамоўленасці, дасягнутыя прэзідэнтамі Лукашэнкам і Мядзведзевым 19 сакавіка ў Завідаве.

«Расійскі бок тады ўзняў пытанне аб прыватызацыі расійскім капіталам малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі, а таксама рэалізацыі сумесных праектаў у паліўна‑энергетычнай сферы», — піша выданне.

Паводле звестак «Ъ», шэраг расійскіх кампаній «прыглядаюцца да беларускіх ААТ «Нафтан», «Гомельскі хімічны завод», «Гродна Азот», «Магілёўхімвалакно».

«Расійскія дыпламаты чакаюць сённяшніх перамоў з трывогай. Беларускае кіраўніцтва ў асобе Аляксандра Лукашэнкі і Сяргея Сідорскага зрабіла ўсё, каб Уладзімір Пуцін і дэлегацыя расійскіх чыноўнікаў, якую ён узначальвае, не адчувала сябе ў Мінску гаспадарамі становішча», — зазначае «Ъ».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0