Цяпер міжнародныя справы саступаюць цэнтральную ролю лакальнаму першынству, у якое зборнікі вяртаюцца дэмаралізаванымі.
Чытаць таксама:
Пакуль без сенсацый. 5 назіранняў пасля першых тураў чэмпіянату Беларусі па футболе
Давайце згадаем, як скончыліся матчы другога тура:
- «Славія» — «Тарпеда-БелАЗ» 0:1 (80, Нікалаевіч)
- «Іслач» — «Смаргонь» 2:0 (17; 50 (п), Камароўскі)
- «Энергетык-БДУ» — «Шахцёр» 1:2 (58, У. Васільеў — 18 (п), Кендыш; 31, Сачыўка)
- «Віцебск» — «Дынама-Мінск» 0:0
- «Дынама-Брэст» — БАТЭ 0:0
- «Мінск» — «Рух» 2:2 (81 (п), Зяньковіч; 86 (аг), Рахманаў — 2, Лапцеў; 34, Канцавы)
- «Слуцк» — «Нёман» 1:1 (64, Альфрэд — 42, Джыгера)
- «Гомель» — «Спутнік» — 2:0 (9, Гомза; 56, Ан. Салавей)
Якія матчы адбудуцца ў першыя дні красавіка?
«Нёман» — «Дынама-Брэст»
- 02.03, 17:30. Гродна, ЦСК «Нёман» (штучнае поле)
Тур адкрывае заходняе дэрбі. Гарадзенцы, якія летась сталі камандай-сенсацыяй, забуксавалі ў пачатку новага сезону і пасля двух тураў маюць два турнірныя балы. Прычым нічыю ў Слуцку па тым, як развівалася гульня, можна лічыць станоўчым вынікам.
«Дынама» выстаяла пад напорам БАТЭ і застаецца сярод лідараў табліцы. Падобна, Сяргею Кавальчуку ўдалося сабраць каманду, якая будзе пакідаць фаварытаў без перамог.
БАТЭ — «Гомель»
- 03.04, 14:00. Барысаў, гарадскі стадыён
На барысаўскім «Гарадскім» БАТЭ здабыла не адзін дзясятак знакавых перамог: яго трыбуны памятаюць радасць першых чэмпіёнстваў і першага выхаду ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў.
У БАТЭ не атрымалася раскалоць моцнае «Дынама» ў Брэсце, а цяпер у Барысаў едзе «Гомель», з якім таксама будзе вельмі няпроста. Ці дапаможа аўра олдскульнага стадыёна гульцам «жоўта-сініх»?
«Спадарожнік» — «Мінск»
- 03.04, 16:00. Гомель, СДЮШАР-8 (штучнае поле)
Пасля двух тураў у рэчычан і мінчукоў усяго адзін турнірны бал на дваіх і даволі хмарныя перспектывы. Але «Мінск» у другім туры прадэманстраваў характар, адгуляўшыся з ліку 0:2 у матчы з «Рухам».
На пачатковым этапе любая перамога можа хоць часова, але ператварыць любога аўтсайдара ў серадняка. Таму роля нават такога несамавітага матча можа быць вельмі важнай.
«Шахцёр» — «Іслач»
- 03.04, 18:00. Салігорск, стадыён «Шахцёр»
За не самай вогненнай афішай хаваецца гульня лідараў турнірнай табліцы. Дзёрзкая «Іслач» выйграла абодва матчы ў супастаўных па ўзроўні супернікаў, а цяпер едзе ў Салігорск на першы сур'ёзны іспыт.
Падчас паўзы «Шахцёр» аддаў у арэнду «Нёману» Паўла Забеліна, а таксама змяніў дырэктара — замест Андрэя Лявончыка руліць будзе былы кіраўнік «Гарадзеі» Аляксандр Марчанка. Наўрад ці ракіроўка кардынальна зменіць вектар развіцця чэмпіёнаў, але будзем сачыць за далейшымі пераменамі.
«Тарпеда-БелАЗ» — «Віцебск»
- 03.04, 20:00. Жодзіна, стадыён «Тарпеда»
Бронзавым прызёрам мінулага года пакуль вельмі няпроста. У Мазыры каманда Пунтуса толькі ў канцы гульні здабыла перамогу, а цяпер прымае «Віцебск», які хоць сам і не забівае, але і сабе забіваць таксама не дае.
Футбалісты «Тарпеда» радуюцца перамозе ў Мазыры. Фота ФК «Тарпеда-БелАЗ».
Напэўна, чакаць галявой феерыі ад каманд з відавочнымі праблемамі ў атацы не варта, але наўрад ці матч будзе сумным.
«Дынама-Мінск» — «Слуцк»
- 04.04, 14:00. Мінск, стадыён «Дынама»
З адным з фаварытаў лігі пасля разгромнай перамогі ў першым туры здарыўся канфуз у Віцебску. У гульні са сціплым «Слуцкам» «Дынама», відаць, будзе праводзіць работу над памылкамі.
Але год таму, на пачатку трэнерскай кар'еры Кучука ў Мінску, «Слуцк» перамог у «Дынама». Пра гэта забываць не варта, нават калі ў случчакоў застаўся мізер з гульцоў, якія здабывалі тую перамогу.
«Славія» — «Смаргонь»
- 04.04, 16:00. Мазыр, стадыён «Юнацтва»
Яшчэ адна гульня аўтсайдараў табліцы. У кампанію да дэбютантаў даволі нечакана трапіла «Славія» з дзвюма мінімальнымі паразамі, атрыманымі ў канцы матчаў.
Прыезд «Смаргоні» — добрая нагода нарэшце перамагчы і спісаць мінулыя паразы на няўдачы.
«Рух» — «Энергетык-БДУ»
- 04.04, 18:00. АСК «Брэсцкі»
Тур скончыцца ў Брэсце, дзе «Рух» будзе з трэцяй спробы спрабаваць здабыць першую перамогу.
Фота ФК «Рух».
Відавочна, нягледзячы на прабускоўку, берасцейцы з'яўляюцца фаварытамі гульні, але нагадваць у чарговы раз, на што здольныя мінскія «студэнты», не варта.
Першая перамога «Руху» можа адкласціся яшчэ на адзін тур.