Суд ААН падтрымаў пажыццёвае зняволенне за яго ролю ў забойстве каля 8000 баснійскіх мусульман — мужчын і хлопчыкаў у Срэбраніцы ў 1995 годзе.

Разня ў анклаве, які павінен быў знаходзіцца пад абаронай ААН, стала самай жорсткай у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны.

Апеляцыйная калегія з пяці чалавек прыйшла да высновы, што Младзіч не падаў доказаў, якія б адмянілі папярэднія абвінавачванні супраць яго, хоць ён выказваў нязгоду па кожным пункце.

Младзіч, вядомы як «баснійскі мяснік», быў адным з апошніх падазраваных, якія паўсталі перад судом у Міжнародным крымінальным трыбунале ААН па былой Югаславіі. Яго арыштавалі ў 2011 годзе пасля 16 гадоў пошукаў.

У 2017 годзе яго прызналі вінаватым у генацыдзе ў Срэбраніцы, але апраўдалі па генацыдзе падчас кампаніі яго войска 1992 года, калі баснійцаў і баснійскіх харватаў высялялі з дамоў ці трымалі ў жудасных умовах.

Ратка Младзіч быў выканаўцам палітычнай змовы, распрацаванай наверсе, мэтай якой было знішчыць частку мусульманскага насельніцтва Босніі.

Этнічныя чысткі пачаліся з пераследаў — прапаганда настройвала суседзяў адно супраць аднаго — і для тысяч людзей завяршыліся, калі людзі Ратка Младзіча захапілі базу ААН у Патакары, якая павінна быць бяспечнай зонай.

Пракуроры спадзяюцца, што гэты працэс стане сігналам, які чакаюць у рэгіёне і за яго межамі, — што затрымка правасуддзя не азначае адсутнасці правасуддзя.

На працягу ўсяго працэсу Младзіч быў дзёрзкім і нападаў як на суд, так і на пракурора.

Па Срэбраніцы ён сказаў, што падпісаў пагадненне з войскам баснійскіх мусульман аб абароне людзей там і на іншых тэрыторыях, і заявіў, што ён не вінаваты ў парушэннях у гэтых бяспечных зонах.

Вайна ў Босніі была самым крывавым канфліктам на тэрыторыі былой Югаславіі, паколькі ў этнічным і рэлігійным плане краіна была найбольш падзеленай.

Падраздзяленні арміі Югаславіі, выведзеныя з Харватыі і перайменаваныя ў войска баснійскіх сербаў, захапілі большую частку тэрыторыі Босніі, дзе пераважаюць сербы.

Больш за мільён баснійцаў і харватаў былі выгнаныя з дамоў падчас чыстак, ад якіх пацярпелі і сербы. На момант заканчэння вайны ў 1995 годзе было забіта па меншай меры 100 000 чалавек.

З 1995 года Младзіч хаваўся. Урэшце яго высачылі і арыштавалі ў доме кузена на поўначы Сербіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0