Ліст кіраўніцтва сацыял-дэмакратычнай партыі мяне як аўтара згаданага артыкулу парадаваў. Тым, што палітыкі надаюць увагу прэсе, яна для іх мае значэньне. Тым, што зьвяртаюцца да такіх паняткаў, як «маральнасьць» і «сумленнасьць».

Інфармацыя, пададзеная ў артыкуле «Грамада шукае замену Казуліну», была атрыманая з вартых даверу крыніцаў, і газэта мела права яе зьмяшчаць, сумленна пазначыўшы, што яна грунтуецца на чутках, і ўстрымаўшыся ад ацэнак.

Мы ня ставілі на мэце ўзьняць скандал напярэдадні суду над лідэрам сацыял-дэмакратаў. Скандалы ўвогуле не па нашай частцы.

Просім зьвярнуць увагу і на тое, што тэма артыкулу «НН» неўзабаве атрымала разьвіцьцё на сайце «Еuramost.org»: пра факт свайго вяртаньня і прыхільнасьць да сацыял-дэмакратыі заявіў Леанід Сініцын. А Мікалай Статкевіч заявіў, што перамовы наконт прыходу да кіраўніцтва партыі вядуцца зь ім і зь Сяргеем Калякіным.

Дарэчы, Статкевіча на Казуліна БСДП(Г) памяняла паўтара году таму ў абсалютна аналягічнай сытуацыі: лідэр партыі чакаў суду за «арганізацыю вулічных беспарадкаў». Тады такі крок не здаваўся лідэрам партыі «цынічным».

Так, дым без агню бывае. (Агню, дарэчы, увогуле ў дзейнасьці палітычнай апазыцыі апошнім часам было малавата.) Калі чуткі акажуцца проста чуткамі – мы ня спынімся пра гэта паведаміць.

Гэта ўнутраная справа сацыял-дэмакратаў – мяняць лідэра ці не. Але і ў першым, і ў другім выпадку мы будзем пра гэта інфармаваць. А грамадзтва само будзе рабіць вывады. Зыходзячы з матываў, якімі будзе кіравацца партыя ў сваім выбары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?