Планка па тэмпах росту інвестыцый на ўзроўні 125% па выніках года занадта высокая і можа прывесці да неэфектыўнага выкарыстання сродкаў.

Аб гэтым заявіў першы намеснік міністра эканомікі Пётр Жабко 18 жніўня на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў у Мінску.

Паводле яго слоў, можна патрабаваць выкананне ўстаноўленага паказчыка па прыросце інвестыцый у 125%, «але зыходзячы з крыніц, якія ёсць, гэта вялікая планка, і гэта можа паслужыць штуршком да неэфектыўнага выкарыстання сродкаў».

У сувязі з гэтым першы намеснік міністра эканомікі лічыць неабходным

«устанавіць рашэннем прэзідыума Савета міністраў пад персанальную адказнасць органам дзяржкіравання мінімальныя заданні, выкананне якіх дазволіць у канечным выніку выйсці на 117—118%». На думку Жабко, гэта разумны паказчык, які можна выканаць.

Першы намеснік міністра таксама прапанаваў устанавіць мінімальны парог па тэмпах росту інвестыцый у асноўны капітал, у прыватнасці для Мінпрама і Мінэнерга на ўзроўні 105% да ўзроўню 2008 года, для Мінтранса, Мінсувязі, Мінгандлю — 123%, канцэрна «Белнафтахім» — 120%, Мінсельгасхарчу, канцэрнаў «Беллеспаперапрам» і «Белбіяфарм» — 100%.

Жабко адзначыў, што на працягу апошніх трох месяцаў тэмп росту інвестыцый утрымліваецца ў межах 117—118%.

Паводле яго слоў, аналіз структуры інвестыцый паказвае, што заданне па іх прыцягненні з апераджэннем выконваюць арганізацыі, падначаленыя мясцовым саветам і выканкамам: тэмп росту інвестыцый склаў 129%. Амаль удвая менш забяспечылі тэмп росту рэспубліканскія органы дзяржкіравання — 113,5%.

Разам з тым, заявіў прадстаўнік Мінэканомікі, галоўны тормаз росту інвестыцый — арганізацыі, якія не маюць ведамаснай падначаленасці, яны забяспечылі прырост інвестыцый усяго на 3,8%. У прыватнасці, як паведаміў Жабко, за першае паўгоддзе толькі ў арганізацыях прыватнай формы ўласнасці ў Брэсцкай вобласці тэмп росту інвестыцый склаў 130,6% (пры заданні 125%).

«Астатнімі рэгіёнамі заданні не выкананы, і тэмпы адставання такія, што яны не будуць выкананы па выніках года», — падкрэсліў Жабко. У прыватнасці, па Гомельскім аблвыканкаме адставанне складае 33,6 працэнтнага пункта, па Мінскім гарвыканкаме — 48,4.

Прадстаўнік Мінэканомікі таксама паведаміў, што ў першым паўгоддзі органамі дзяржкіравання ажыццёўлены 681 інвестыцыйны праект. Падчас рэалізацыі гэтых інвестпраектаў было асвоена 47,2% запланаванага гадавога аб’ёму сродкаў. Разам з тым у першым паўгоддзі не асвойваліся сродкі па 110 праектах, у тым ліку па 10 праектах, уключаных у пералік найважнейшых, на якіх планавалася асвоіць 800 млрд. рублёў.

«Гэта адзін з рэзерваў, каб падцягнуць тэмп росту інвестыцый у гэтым годзе», — адзначыў Жабко. «Каб атрымаць эканамічную аддачу ад інвестыцыйнага працэсу, трэба прадоўжыць працу па падрыхтоўцы і разглядзе інвестыцыйных прапаноў і рэалізацыі праектаў», — дадаў ён.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0