Двухразовая алімпійская чэмпіёнка і шасціразовая чэмпіёнка свету Кацярына Карстэн плануе ўзяць удзел у Алімпіядзе 2012 года.

Пра гэта 37‑гадовая спартоўка паведаміла журналістам 20 верасня пасля «залатога» фінішу на чэмпіянаце Еўропы па акадэмічным веславанні ў Брэсце.

«Заўтра я еду ў Мінск, дзе будзе ісці размова пра далейшыя спартыўныя планы. А найбліжэйшыя мае планы — адпачынак. Потым — пачатак новага сезона», — сказала Карстэн.

Кажучы пра сваё выступленне на чэмпіянаце Еўропы ў Брэсце, чэмпіёнка падкрэсліла, што гэта былі асаблівыя старты: «Я выступала ў сябе на радзіме, дзе мяне любяць і, канечне, чакаюць маёй перамогі. І зрабіла ўсё для таго, каб выйграць. Дарэчы, так, як сёння радаваліся маёй перамозе, не радаваліся нідзе».

Адказваючы на пытанне аб планах выступаць за Расію, Карстэн адзначыла, што ёй паступала такая прапанова. «І раней было шмат прапаноў выступаць дзесьці.

Але я хачу выступаць за Беларусь. Праўда, гэты сезон прайшоў на нервах. Было дрэннае фінансаванне. Змянілася ў федэрацыі кіраўніцтва, і пасля гэтага ўсё пайшло не так», — заявіла яна.

20 верасня на чэмпіянаце Еўропы па акадэмічным веславанні ў Брэсце Кацярына Карстэн заваявала «золата» ў класе лодак‑адзіночак (7 хвілін 40,02 секунды). «Серабро» — у чэшкі Міркі Кнапкавай (7.43,79), «бронза» — у расіянкі Юліі Левінай (7.51,15).

Падтрымаць Карстэн прыйшло больш за 3 тыс. чалавек.

Ларыса Шыганава, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0