Лідэр кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў крытыкуе еўрапейскія краіны за мяккасць у адносінах з Аляксандрам Лукашэнкам.

Артыкул двух міністраў нібы напісаны летась у жніўні. Менавіта тады еўрапейцы мелі надзеі, што ў Беларусі магчымыя нейкія змены пры рэжыме Лукашэнкі. Аднак за мінулы год гэты рэжым даказаў адваротнае,
развязаўшы новыя рэпрэсіі супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці з ужываннем катаванняў, фізічнага гвалту і бруднага паклёпу. Адных палітвязняў змянілі на іншых. Можна цалкам пагадзіцца з тэзісам артыкула пра тое, што Беларусь мае патрэбу ў Еўропе. Але менавіта Беларусь, беларускі народ, а не правячы ў краіне рэжым. Перыяд пацяплення адносінаў Еўропы да беларускіх уладаў красамоўна прадэманстраваў, хто стаіць на шляху Беларусі ў Еўропу, і хто замінае развіццю нармалёвых адносінаў Еўропы з Беларуссю
З артыкула вынікае, што некаторыя еўрапейскія палітыкі ўсё яшчэ спадзяюцца перавыхаваць Лукашэнку.
Гэта выглядае даволі дзіўна, калі ўлічыць рэакцыю людзей у краінах Балтыі на манеўры з удзелам беспрэцэдэнтнай колькасці расейскіх войскаў і тэхнікі, што адбыліся нядаўна на тэрыторыі Беларусі. Адной з мэт гэтых вучэнняў была адпрацоўка прарыву да «блакаднага Калінінграда» праз тэрыторыю Літвы. Не бачыць пагрозу, якая сыходзіць ад такіх ваенных падрыхтовак, значыць не надаваць сур’ёзнага значэння еўрапейскай і міжнароднай бяспецы.
Толькі дэмакратычная апазіцыя і грамадзянская супольнасць з’яўляюцца гарантам нармалёвага развіцця Беларусі,
аднаўлення поўнамаштабных адносінаў з Еўропай, умацавання бяспекі ў рэгіёне. Свабодныя выбары ў Беларусі не адбудуцца, калі Еўропа будзе заплюшчваць вочы на свае базавыя каштоўнасці: правы і свабоды чалавека. Свабодныя выбары не адбудуцца, калі будзе працягвацца падтрымка рэжыма Лукашэнкі на карысць надуманым геапалітычным інтарэсам.
Нельга падмяняць пытанне пра дэмакратыю ў Беларусі пытаннем пра прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
Такая падмена паняццяў дазваляе Лукашэнку дастаткова эфектыўна гандлявацца ў двух напрамках – ва ўсходнім і заходнім.

Я разумею спробу двух міністраў яшчэ раз патлумачыць беларускаму рэжыму магчымасці для супрацоўніцтва з Еўропай, якія адкрываюцца. Але час ужо паглядзець на вынікі новай палітыкі Еўропы ў дачыненні Беларусі і цвяроза іх ацаніць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?