Беларускі мадэльер Іван Айплатаў выйграў конкурс, арганізаваны джынсавым брэндам F5 (кампанія Intesa s.r.l.) сярод расійскіх дызайнераў. Конкурс прайшоў у рамках Тыдня моды ў Маскве 25 кастрычніка.

Як паведаміла прэс‑аташэ мадэльера Алеся Вольгіна, Айплатаў атрымаў права выпусціць лімітаваную джынсавую калекцыю пад лагатыпам F5. Другі прыз — акрэдытацыю і паездку на еўрапейскі fashion‑форум Bread & Butter — выйграла расійскі дызайнер Вольга Дэфі.

Паводле слоў прэс‑аташэ, у конкурсе ўдзельнічалі такія маркі, як I am, Angel, Markalina, Izeta, 2 Gun Towers, Alina Assi, дызайнеры Вікторыя Андраянава, Лада Калініна, Вольга Дэфі, Каця Франкфурт, Сяргей Сысоеў, Іван Айплатаў, Наташа Дрыгант, Віялета Літвінава, Вольга і Анастасія Калашнікавы.

Падчас конкурсу мадэльеры прадэманстравалі ўвесь магчымы спектр мадэляў — ад строгіх і класічных да авангардных з вываранымі прынтамі і трыкатажнымі ўстаўкамі. Работы ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі крэатыўны дырэктар маркі F5 Юлія Мяткоўская, генеральны дырэктар Тыдня моды ў Маскве Юрый Штромбергер, а таксама рэдактары часопісаў і інтэрнет‑парталаў пра моду, стылісты і fashion‑крытыкі.

Таццяна Дарашчонак, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0