Гэта вынік цэнавага дыктату мясцовых вытворцаў. Агляд праводзіўся Белстатам па 29 пазіцыях, якія ахопліваюць прадукты харчавання.

Самы дарагі горад, ясна, — Мінск. Максімальныя цэны зафіксаваныя тут па 11 пазіцыях з 29: паўвэнджаныя кілбасы, рыба, смятана, тварог, цукар, мука, рыс, пшано, бульба, цыбуля, апельсіны. Але і ў Мінску ёсць два прадукты, таннейшыя ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі – гэта яйкі і сокі.

Нізкая цана ёсць вынікам высокай канкурэнцыі на сталічным рынку. Зрэшты, самыя дарагія яйкі прадаюцца ўжо за МКАД – у Мінскай вобласці. Высокую цану дыктуе мясцовы вытворца, неахвотна пускаючы на рынак канкурэнтаў.

Гэтай прычынай можна растлумачыць і феномен Брэсцкай вобласці, дзе самыя дарагія ў краіне малако, кефір і ёгурт. Тут працуе раскручаны малочны брэнд – «Савушкаў прадукт», які славіцца і высокімі цэнамі.

Экспартная арыентацыя адмоўна адбіваецца на мясцовых цэнах. Масла і сыр найбольш каштуюць у Магілёўскай вобласці, што суседзіць з асноўным экспартным рынкам – Расіяй. Розніца ў цане на масла ў гэтай вобласці і ў Мінскай складае 30%.

Самы дарагі хлеб ядуць у Брэсце

Рэкардсменам па рэгіянальных цэнавых адхіленнях з’яўляецца... пшано. Цана на яго ў Мінску адрозніваецца ад цаны ў Мінскай вобласці на 75%! Мука самая дарагая зноў‑такі ў Мінску, а самая танная – у Брэсцкай вобласці. Затое ў Брэсцкай вобласці самы дарагі хлеб! Ён на 32% даражэйшы, чым хлеб у Гомельскай.

Цэнавыя нажніцы на яблыкі складаюць 31%. Самыя дарагія яны ў Магілёўскай вобласці, а самыя танныя – у Брэсцкай вобласці. Бо побач Польшча, якая з’яўляецца асноўным пастаўшчыком яблык у Беларусь.

Белстат не знайшоў у Магілёўскай вобласці ялавічыны

Звестак па цэнах на ялавічыну па Магілёўскай вобласці зусім няма. Белстат не змог выявіць яе ў гандлі ў колькасці, неабходнай, каб палічыць сярэднюю цану.

Можа, менавіта ў Магілёве жывуць самыя актыўныя свінаеды?

Магілёў апошні па заробках

Калі ссумаваць кошт адзінкі тавару па ўсіх 29 асноўных прадуктах, у сярэднім гэты набор будзе каштаваць 156 032 рублі. Самы дарагі «кошык» ў Мінску – 162 766 рублі. Гэта адпавядае найвышэйшаму ўзроўню заробкаў у сталіцы. Але другой па дарагоўлі апынулася Магілёўская вобласць (159 733), дзе ў верасні 2009 г. былі найменшыя заробкі.

Самы танны набор прадуктаў на Гомельшчыне — 152 102 рублі. Між тым, у верасні яна займала трэцяе месца паводле ўзроўню заробку, прапусціўшы наперад Мінск і Мінскую вобласць.

Як бачым, пры нажніцах цэнаў на асобныя прадукты ў цэлым цана кошыка розніцца нязначна. Цэнавы дыктат мясцовых вытворцаў небяспечны. А вось экспарт часам дапамагае ў зніжэнні цэнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?