Найболей выразна прадбачыць каляпс «беларускага цуду» афіцыйны кіраўнік. Піша Аляксандар Класкоўскі.

Мае побытавыя кантакты апошніх дзён засьведчылі: аб судзе над «Партнэрствам» паспаліты люд ня ведае ні грама. У яго сьвядомасьці засталася толькі засохлая прапагандысцкая каша паўгадовай даўніны: нешта пра крывавую змову, грузінскіх галаварэзаў, плянаваныя выбухі ў школах...

Вузкі слой сьвядомых праціўнікаў рэжыму абураецца цынізмам тых, хто перад выбарамі павесіў на маладзёнаў з «Партнэрства» ўсіх сабак (ці, дакладней, дохлых пацукоў). Незалежныя аналітыкі грэбліва калупаюць белыя ніткі, якімі ад пачатку шылася справа. Але маса жыве зь перакананьнем, што толькі пільнасьць спэцслужбаў, якія раскалашмацілі 73 варожыя арганізацыі, выратавала краіну ад крывавага віру.

Чорны піяр у адныя вароты дае свой плён.

Тое ж самае тычыцца порнаскандалу з латыскім дыпляматам. Пасьля агульнанацыянальнага цікаваньня праз шчыліну народ, натуральна, не інфармуюць пра абурэньне лібэральнага Захаду ўварваньнем у асабістае жыцьцё ды парушэньнем Вэнскай канвэнцыі. У масавую сьвядомасьць яшчэ мацней убілі тэзу: усе, хто супраць улады, – вычварэнцы. Мэтад дохлага пацука працуе!

І было б вялікім спрашчэньнем сьпісваць праблему выключна на дэфіцыт альтэрнатыўных мэдыя-крыніцаў. «Хто хоча, заўжды знойдзе ўсю патрэбную інфармацыю», – даводзіць палітоляг Сяргей Нікалюк. Ён упэўнены, што каштоўная для грамадзтва інфармацыя выдатна распаўсюджваецца нават без дапамогі СМІ. І прыводзіць прыклад, падмацаваны сацыялёгіяй: пра ня надта афішаваны дзяржаўнымі мэдыямі намер «Газпрому» драць сем скураў ведае болей народу, чым як пра прэзідэнцкае пасланьне, што гучала з кожнага праса.

«Нашу Ніву» ці «Народную волю» і сёньня пры жаданьні можна атрымліваць у любым кутку. Пра Інтэрнэт і казаць няма чаго: цалкам заглушыць яго ня мараць нават цемрашалы. У блогах пішуць пра ўсё, там – неабмежаваны абсяг свабоды.

Але многія непараўнальна вышэй ставяць асалоду ад кілбасы. І гэта, прынамсі, іхняе права. Мы бачым дзьве Беларусі: адна – упарта супраціўляецца тупой сіле, другая – радасна купляе ўсё болей прадуктаў ды рэчаў (нават апазыцыйныя эканамісты канстатуюць спажывецкі бум). Улада добра пралічвае маштаб рэпрэсіяў і дакладна выбірае арэал: выпальваючы вузкі слой апазыцыйнага актыву, яны не кранаюць апалітычнага абываталя.

Парадокс, але ці не найболей выразна прадбачыць імаверны каляпс «беларускага цуду» афіцыйны кіраўнік? Нядаўні выступ перад дыпляматамі быў прасякнуты востраю трывогай. Без мадэрнізацыі, інавацый, шчыльнай інтэграцыі ў глябальныя працэсы Беларусь зь яе ўменьнем тачыць шасьцерні неўзабаве выпадзе ў сусьветны асадак. Дзе катастрафічна не стае свабоды, там рана ці позна канчаецца і кілбаса. І тады ўжо піплу ня скорміш дохлых пацукоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0