Калаж: «Наша Ніва»

Калаж: «Наша Ніва»

Ядзерны дысананс паміж Расіяй і Лукашэнкам

Лукашэнка гаворыць пра ядзерную зброю як пра сваю ўласнасць і называе Беларусь краінай, якая валодае ёю. «Наўрад ці хтосьці захоча ваяваць супраць краіны, у якой ёсць такая зброя (…) Не дай бог, мне давядзецца прымаць рашэнне на выкарыстанне гэтай зброі», — адзначыў Лукашэнка.

У той жа час у Маскве падкрэсліваюць, што ядзерная зброя не перадаецца Беларусі, а толькі размяшчаецца на тэрыторыі нашай краіны. Кантроль і рашэнне аб ужыванні застаецца за Масквой. І максімум, на што можа разлічваць Мінск, дык гэта выкарыстанне беларускімі вайскоўцамі зброі масавага знішчэння пад расійскім камандаваннем.

Розніца для такога адчувальнага пытання істотная.

Кажучы простай мовай, расіяне лічаць сябе кімсьці накшталт бацькоў на дарозе, якія даюць маленькаму дзіцяці патрымацца за руль. У той час як Лукашэнка лічыць сябе кіроўцам аўтамабіля.

Чаму так атрымліваецца і няўжо дыктатары не змаглі дамовіцца?

Уяўляецца, што бакі проста глядзяць на гэтае пытанне крыху з розных перспектыў.

Для расіян больш значную, чым для лукашыстаў, ролю мае Дамова аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі, якая прамым тэкстам забараняе дзяржавам перадаваць ці прымаць гэтую зброю ці ядзерныя выбуховыя прылады як наўпрост, так і ўскосна.

Безумоўна, Расія як заўсёды груба парушае міжнароднае права, бо з прычыны даступнасці тактычнай ядзернай зброі ў Лукашэнкі ўсё ж з'яўляецца пэўны доступ да кнопкі. Аднак адначасова Масква спрабуе прыкрыцца рыторыкай, застаючыся нібы ў рамках міжнародных правіл і прынцыпаў ААН, якія, дарэчы, яе нямала абараняюць, як краіну — сябра Рады Бяспекі з правам вета.

Лукашэнка і Пуцін у снежні 2022 года. Фота: Contributor / Getty Images

Лукашэнка і Пуцін у снежні 2022 года. Фота: Contributor / Getty Images

Таксама і заявы Лукашэнкі, што за ім зараз ядзерная кнопка, відаць, зробленыя не па яго душэўнай прастаце. Выглядае гэта як адна з яго прапаноў расіянам, дзе ім ёсць над чым падумаць, бо калі «доступ да кнопкі» будзе ў абодвух партнёраў, то яны разам будуць несці адказнасць як за эскалацыю ў рэгіёне, так і ў выпадку прымянення ядзернай зброі. І Лукашэнка, зноў і зноў пасылаючы сігнал да не асабліва схільнай на падарункі Маскве, усведамляе, што гэтая прапанова ёй цікавая. І ёрш калючы, але і юшка смачная.

Чаму Лукашэнка навучыўся ў Кастра

Ядзерная зброя патрэбная Лукашэнку для яго ўласных палітычных мэтаў.

Лукашэнка, які паспеў яшчэ асабіста перасекчыся з дыктатарам Кубы Фідэлем Кастра, разумее і некаторыя высновы з Карыбскага крызісу 1962 года.

Па-першае, жаданне Лукашэнкі дацягнуцца сінімі пальцамі і да ядзернай кнопкі — гэта імкненне ўзмацніць сваю асабістую ролю ў рэгіёне (не варта яе блытаць з інтарэсамі Беларусі).

У 1962-м Вашынгтон і Масква дамовіліся аб вырашэнні крызісу над галовамі кубінцаў. Кастра гэта прывяло ў лютасць, даўшы яму падставу абвінаваціць сваіх савецкіх апекуноў у здрадзе. У Кастра не было ніякага кантролю над савецкімі ракетамі. І пасля іх вываду з Кубы ён застаўся з пустымі рукамі.

Па-другое, і пра гэта Лукашэнка кажа прама, ён спадзяецца, як і ў выпадку з Кубай, вытаргаваць недатыкальнасць свайго рэжыму і захавання створанай ім палітычнай сістэмы пасля яго смерці.

Па-трэцяе, хвальба ядзернай зброяй абумоўленая банальнымі інтарэсамі Лукашэнкі ва ўнутранай палітыцы. Для кагосьці ён дасылае сігнал, што менавіта ён, а не Пуцін, гаспадар у доме. А кагосьці спрабуе пазбавіць усялякіх надзей на нармальную будучыню, пераканаўшы, што сістэма лукашызму ў Беларусі — назаўжды.

Як будзе выглядаць рашэнне аб прымяненні ядзернай зброі

Наколькі Лукашэнка зможа кантраляваць расійскую ядзерную зброю? І як наогул будзе выглядаць прыняцце рашэння аб яе прымяненні?

На жаль, адкрытай інфармацыі вельмі мала. Пра ланцужок прыняцця рашэння аб прымяненні тактычнай ядзернай зброі вядома менш, чым аб стратэгічнай. Лічыцца толькі, што ў цяперашняй Расіі ў параўнанні з СССР яно стала менш цэнтралізаваным — непасрэднае рашэнне прымаюць камандуючыя войскамі.

Ніжэй выкладзеная прыкладная спроба ўзнавіць ланцуг прыняцця рашэння аб прымяненні тактычнай ядзернай зброі.

1. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на падставе ўласных высноў дае «зялёнае святло» войскам на прымяненне тактычнай ядзернай зброі. Усё гэта апраўдваецца існаваннем «пагрозы дзяржаве».

2. Дазвол паступае ў Міністэрства абароны Расіі і адтуль у яго структурнае падраздзяленне — Генеральны штаб Узброеных сіл Расіі. Ад Шайгу да Герасімава.

3. Генеральны штаб УС РФ задзейнічае камандаванне войскаў. У беларускім выпадку размова ідзе таксама пра камандаванне Рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі, разгорнутай загадам А. Лукашэнкі 10 кастрычніка 2022 года.

Міністры абароны Беларусі і Расіі Хрэнін і Шайгу, 2021 год. Фота: Mil.ru

Міністры абароны Беларусі і Расіі Хрэнін і Шайгу, 2021 год. Фота: Mil.ru

Ключавыя персаналіі тут:

В. Герасімаў — начальнік Генштаба УС РФ і камандуючы групай войскаў СВА;

А. Салюкоў — намеснік В. Герасімава, які адказвае за паўночны напрамак у СВА;

А. Матоўнікаў — слынны палкаводзец, камандуючы РГВ Беларусі і Расіі.

4. На ўзроўні Генштаба — камандаванне групай войскаў па правядзенні СВА рыхтуе загад аб прымяненні тактычнай ядзернай зброі. Зацвярджаецца месца і характар удару.

Гэты этап не можа праходзіць без уплыву беларускага боку — Міністэрства абароны, Генеральнага штаба УС Беларусі, войскаў ВПС і СПА.

З'яўляюцца фігуры В. Хрэніна, В. Гулевіча, І. Голуба.

5. Аформлены загад паступае ў 12-е галоўнае ўпраўленне Міністэрства абароны Расіі, у руках якога знаходзіцца ўся тактычная ядзерная зброя.

6. Адтуль загад ідзе ў цэнтральныя базы захоўвання, дзе знаходзіцца сама ядзерная зброя. Усяго ў Расіі 12 такіх арсеналаў. Магчыма, беларускі стане 13-м, але пакуль цяжка сказаць, як гэта будзе.

На гэтых арсеналах ідзе тэхнічная падрыхтоўка: распакоўванне, выдача, ядзерны снарад далучаюць да носьбітаў і г. д.

7. Беларускія вайскоўцы наносяць удар. Адбыцца гэта можа як з зямлі, так і з самалётаў — яны для гэтага прайшлі адпаведную падрыхтоўку.

Ведаючы, як у такіх выпадках прымаюцца рашэнні, трэба чакаць, што ўсе бюракратычныя і падрыхтоўчыя працэдуры пройдуць загадзя. У такім выпадку з моманту, як Пуцін дасць «зялёнае святло», і да нанясення ўдару могуць прайсці хвіліны.

У адрозненне ад стратэгічных сіл, тактычная ядзерная зброя прымяняецца даволі хутка, фактычна на ўзроўні вайсковага камандавання. Усё гэта наводзіць на думку, што Пуцін можа проста даць Лукашэнку «дазвол» на прымяненне ядзернай зброі, тады быццам уся брудная праца будзе ўскладзена на саюзніка.

Імавернасць прымянення

Магчымасць прымянення Расіяй і Лукашэнкам ядзернай зброі падзяліла меркаванні на два лагеры. Адныя лічаць, што такога не будзе і гэта не прынясе Пуціну ніякай выгады. Другія ўважаюць такое стаўленне за патуранне агрэсару.

Так ці інакш суразмоўцы «Нашай Нівы» адзначаюць, што магчымасць размяшчэння ў Беларусі расійскай ядзернай зброі ніколі не была сакрэтам і абмяркоўвалася экспертамі задоўга да вайны Расіі супраць Украіны. Больш за тое, падрыхтоўка да гэтага аб'ектаў і выдзяленне дадатковых бюджэтных сродкаў пачалася ў канцы 2020 года, то-бок калі на вуліцах Беларусі яшчэ падаўлялі народныя пратэсты супраць скрадзеных выбараў.

І магчымасць выкарыстання альбо Пуціным, альбо Лукашэнкам ядзернай зброі выключаць нельга.

Па-першае, маральны, псіхалагічны і ідэалагічны ўзровень гэтых людзей даўно не выклікае ніякіх сумневаў. Ён пацвярджаецца іх справамі і ў Беларусі, і ў Расіі, і ва Украіне і даўно прайшоў пункт незвароту. Спадзявацца на іх добрыя намеры азначае займацца самападманам.

Па-другое, сучасныя расійскія вайсковыя тэарэтыкі, у адрозненне ад часоў СССР, лічаць ядзерную зброю дзейным канцэптам, прычым даволі эфектыўным як для вядзення вайны, так і для нанясення папераджальнага ўдару. Навуковыя распрацоўкі аб эфектыўнасці такіх метадаў вайны вяліся ў Расіі яшчэ ў канцы 1990-х гг.

Па-трэцяе, становішча ў галіне ядзернай бяспекі сёння горшае, чым у часы халоднай войны. Тады паміж СССР і ЗША нават у самыя змрочныя дні дзейнічала негалосная каардынацыя па «складаных выпадках» ядзернага характару, пра якую казаў яшчэ Андрэй Грамыка. Сёння яе няма.

Па-чацвёртае, нягледзячы на тое, што барацьба Расіі з Украінай застаецца лакальным канфліктам, па сваіх маштабах ён ужо супастаўны з Другой сусветнай вайной. Такіх вялікіх войнаў Масква з тых часоў не вяла. І падобна, акрамя ядзернай зброі, у яе не засталося іншых спосабаў, якія могуць схіліць шалі вайны на свой бок.

Ахвяраваць краінай

Ва ўсёй гэтай ядзернай гісторыі ёсць яшчэ адзін жахлівы бок. У інтэрв'ю каналу «Россия» Лукашэнка паскардзіўся, што з'яўляўся і з'яўляецца для створаных ім жа геапалітычных апанентаў «мішэнню». Пасля ж размяшчэння ядзернай зброі «мішэнню» будуць і беларусы.

У прыватнасці, у Атлантычнай радзе Стывен Пайфер і Уіяльм Пэры адзначаюць: «НАТА магло б палічыць неадкладны ўдар па тэрыторыі Расіі занадта эскалацыйным. Як ахвяра нападу Расіі (…) Украіна таксама будзе выключаная. Застаецца Беларусь. А. Лукашэнка дазволіў расіянам размясціць на сваёй тэрыторыі мноства вайсковых аб'ектаў (…) Лукашэнка можа выявіць, што ўцягнуў Беларусь у нешта значна большае, чым ён разлічваў». 

Пры гэтым беларускае грамадства, як паказваюць апытанні, застаецца праціўнікам як вайны з Украінай, так і размяшчэння на сваёй тэрыторыі ядзернай зброі.

І калі дойдзе да ядзернай вайны, то сітуацыя можа скласціся па-рознаму. Пуцін, можа, і забярэ Лукашэнку і ягоную сям'ю ў адзін са сваіх бункераў на Урале, але яго атачэнню і прапагандыстам у «каўчэгу» наўрад ці знойдзецца месца.

У гэтым галоўнае адрозненне сітуацыі Кубы і Беларусі: калі Кастра быў гатовы ахвяраваць кубінцамі дзеля перамогі сацыялізму, то Лукашэнка беларусамі — без асаблівай мэты.

Клас
8
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
45

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?