Фота: Pixabay.com
Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) затрымалі яшчэ аднаго, ужо пятнаццатага чалавека, які на тэрыторыі Польшчы павінен быў удзельнічаць у працы шпіёнскай сеткі, якая працуе на карысць Расіі, піша WNP.pl.
«Такім чынам, затрымана ўжо 15 чалавек, якім выстаўлена абвінавачанне ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе ў сувязі з вядзеннем шпіёнскай дзейнасці», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы каардынатара спецслужбаў Станіслава Жарына.
У прэс-службе Нацыянальнай пракуратуры паведамілі, што затрыманы — грамадзянін Украіны, які знаходзіўся на тэрыторыі Польшчы з 2019 года.
Следчыя ўстанавілі, што мужчына назіраў за крытычнай інфраструктурай, уключаючы вайсковыя аб'екты і марскія парты. Ён пастаянна інфармаваў заказчыкаў аб выніках праведзенай працы, за што атрымліваў узнагароду.
Пракурор выставіў затрыманаму абвінавачанні ў дачыненні да арганізаванай злачыннай групы і дзейнасці на карысць замежнай разведкі супраць інтарэсаў Польскай Рэспублікі.
«Дзеянні, учыненыя падазраваным, прадугледжваюць пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі», — растлумачылі ў прэс-службе пракуратуры.
У канцы чэрвеня ў Польшчы па гэтай справе быў затрыманы расійскі хакеіст.
У сярэдзіне сакавіка ў Польшчы была знойдзена і ліквідавана, паводле польскай пракуратуры, расійская шпіёнская сетка, якая сачыла за лагістычнымі маршрутамі паставак заходняй зброі Украіне і планавала дыверсіі. У яе склад таксама ўваходзіла трое грамадзян Беларусі.