Выява: vecteezy

Выява: vecteezy

Стартапы паміраюць на фоне гістарычнай засухі ў венчурным фінансаванні. Такую несуцяшальную для прадпрымальнікаў выснову робіць WSJ, аналізуючы апошнія тэндэнцыі на гэтым рынку.

Імклівае закрыццё стартапаў, «пажарны» распродаж і рэзкія змены бізнэс-стратэгій у Крэмніевай даліне не дадаюць аптымізму нават на фоне росту акцый некаторых тэхналагічных кампаній і буму штучнага інтэлекту.

Хоць ні для кога не сакрэт, што большасць стартапаў не выжывае больш за некалькі гадоў, але цягам большай часткі апошняга дзесяцігоддзя — ва ўмовах празмернасці капіталу і нізкіх працэнтных ставак — стартапы часта маглі разлічваць, прынамсі, на некалькі раўндаў фінансавання. Цяпер жа праекты, заснаваныя на піку нядаўняга буму стартапаў, разумеюць, што не так проста заставацца на плаве, калі інвестары адмаўляюцца ад выдаткаў.

Венчурныя інвестары кажуць, што яны пазбягаюць фінансавання прадпрыемстваў, якія не маюць відавочных прыкмет росту даходаў або шляху да прыбытковасці. Што ж, гучыць цалкам лагічна. Вышэйшая планка патрабаванняў да новых праектаў з боку капіталістаў прывяла да рэзкага зніжэння фінансавання: інвестыцыі ў амерыканскія тэхналагічныя стартапы скараціліся на 49% за год.

Хоць няўдачы стартапаў часта складана адсачыць, але можна паглядзець на стабільны паток закрыцця ці скарачэння бізнэсу венчурных кампаній у апошнія месяцы. Напрыклад, кампанія апрацоўкі плацяжоў Plastiq абвясціла аб банкруцтве ў маі. Біятэхналагічны стартап Goldfinch Bio спыніў сваю дзейнасць у пачатку гэтага года пасля таго, як не здолеў сабраць больш грошай. Buzzer, мабільная спартыўная платформа, якая сабрала 20 мільёнаў даляраў ад знакамітасцяў, у тым ліку ад Майкла Джордана, спыніла працу ў чэрвені, спасылаючыся на дынаміку рынку. Poparazzi, мабільная праграма для абмену фатаграфіямі, якую падтрымлівала венчурная фірма Benchmark і якая калісьці дасягнула вельмі добрых вынікаў у краме App Store, таксама спыніла працу.

У 2021 годзе венчурныя прадпрыемствы ў ЗША сабралі 346 мільярдаў даляраў венчурнага капіталу. Інвестары і заснавальнікі кажуць, што многія ўсё яшчэ выжываюць на гэта. Так, раўнды фінансавання звычайна даюць стартапам дастаткова часу на працу цягам як мінімум двух гадоў. Гэта значыць, што ў тых, хто апошні раз збіраў грошы ў 2021 годзе, хутка яны скончацца. Стартапы часта вырашаюць згортваць дзейнасць за некалькі месяцаў да таго, як іх банкаўскія рахункі высахнуць, каб пераканацца, што ў іх дастаткова грошай для кампенсацый кліентам, супрацоўнікам і інвестарам. 

Два гады таму такое закрыццё было адносна рэдкай з’явай (у параўнанні з цяперашнім момантам). Перанасычэнне грашыма, якія ўліваліся ў венчурныя фірмы, прывяло да фінансавання спекулятыўных бізнэс-ідэй з невялікімі перспектывамі доўгатэрміновага поспеху. Спад стартапаў з таго часу прымусіў гэтыя фірмы скараціць свае амбіцыі і больш асцярожна інвеставаць, улічваючы, наколькі цяжка сабраць новыя сродкі. Зараз, каб атрымаць сур’ёзнае фінансаванне, прадпрымальніку патрэбная сур'ёзная перспектыва добрага прыбытку. Такім чынам, паводле меркавання спецыялістаў, венчурныя капіталісты вяртаюцца цяпер да асноў вядзення бізнэсу.

Чытайце таксама:

Паспяховая стартаперка ці баранэса Мюнхгаўзен? Як Таццяна Зарэцкая трапіла ў Аб'яднаны кабінет і чаму яна яго пакінула

Стваральніца суполкі для стартапераў расказала, якія праекты гатовыя падтрымліваць інвестары

Амерыканскі стартап створыць 3D-мапы ўсёй паверхні Зямлі

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0