13 жніўня ў Менску прайшоў чарговы Сойм БНФ «Адраджэньне» і Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі – БНФ. Удзельнікі Сойму заслухалі даклад лідэра партыі Зянона Пазьняка, што знаходзіцца ў часовай эміграцыі.

«Масква рыхтуецца да нейкіх маштабных падзеяў у Беларусі. Пасьля выбараў на трэці тэрмін адчувальна павялічылася вынішчэньне ўсяго беларускага; прытым у сваіх антынацыянальных дзеяньнях рэжым стаў дзейнічаць цалкам адкрыта па тыпова акупацыйнай схеме», – зазначае лідэр КХП-БНФ.

З. Пазьняк чарговы раз падверг рэзкай крытыцы «прамаскоўскую псэўдаапазыцыю. «Пасьля зрабленьня справы згодна імпэрскай традыцыі, Масква заўсёды кідала сваіх выканаўцаў як адпрацаваны матэрыял. (...). Так зьнік у багне гэтай маскоўскай паліттэхналёгіі (якую Крэмль надта і не хавае) цэлы шэраг палітычна нявырабленых людзей, якія мелі амбітныя задумкі і хацелі верна супрацоўнічаць з Расеяй (В. Ганчар, М. Чыгір, Г. Карпенка, В. Лявонаў, М. Марыніч, А. Казулін). Наступнымі пасьля зрабленьня прамаскоўскай справы і «адпрацоўкі» будуць «кінутыя» А. Мілінкевіч, С. Калякін».

Тэкст дакладу цалкам

З дакладамі аб палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі выступілі Юры Беленькі, в.а. у Беларусі старшыні БНФ «Адраджэньне» і КХП-БНФ, а таксама Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні БНФ «Адраджэньне» і КХП-БНФ.

Удзельнікі Сойму прынялі заяву «Не галасаваць для дыктатуры, а яднацца для Беларусі», у якой зазначаюць, што паколькі «беларускі і сусьветны досьвед неаднаразова пацьвердзіў, што пад акупацыйным рэжымам і дыктатурай ня можа быць справядлівых выбараў, бо вышэйшым крытэрам такіх выбараў ёсьць не закон і ня права, а некантраляваная народам злая воля палітычнае ўлады. Удзельнічаць у такіх выбарах нельга».

Кіраўніцтва КХП-БНФ зазначае: «Гэта ніякія не выбары. Няма выбараў пад дыктатурай. Удзел людзей у галасаваньні рэжым скарыстоўвае ў сваіх інтарэсах».

Што рабіць у дзень выбараў? «У дзень галасаваньня трэба ісьці не на выбарчыя ўчасткі галасаваць, а на вуліцы і плошчы, яднацца ў пратэстах і дзеяньнях. Тады выявяцца і будуць сапраўдныя беларускія змагары і сапраўдныя беларускія арганізатары», -- зазначаюць удзельнікі Сойму КХП-БНФ.

Тэкст заявы цалкам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0