Напярэдадні юбілею з дня нараджэння царкоўнага, дзяржаўнага і культурнага дзеяча і Сімяона Полацкага (1629—1680) Нацыянальная бібліятэка Беларусі набыла рэдкі экзэмпляр «Псалтири рифмотворной», надрукаванай у 1680 годзе, піша «Будзьма».

Выданне выйшла ў свет у Маскве, у Верхняй друкарні, якую арганізаваў Сімяон Полацкі.

Псалтыр — адна з галоўных навучальных і богаслужбовых кніг, а таксама адзін з першых біблейскіх тэкстаў, перакладзеных на славянскую мову. Сімяон Полацкі першым ажыццявіў поўны пераклад гэтай біблейскай кнігі сілабічным вершам.

Выданне ўключае тры прадмовы аўтара, сам тэкст «Псалтири рифмотворной», а таксама старазапаветныя «песні», «малітвы» і «Месяцеслов» у вершаваным перакладанні. Прадмовы Сімяона Полацкага звернуты да цара Феадора Аляксеевіча і набожных чытачоў, адна з прадмоў напісана таксама ў вершаванай форме.

На адной са старонак Сімяон Полацкі ўпершыню ў Расіі выкарыстаў «друкарскую гульню»: пачаў набор фразы «Псалмы пойте Богу нашему» з цэнтра наборнай паласы, так што фразу можна чытаць і злева направа, і справа налева, і знізу ўверх, і зверху ўніз.

Кніга багата ўпрыгожана застаўкамі, канцоўкамі, ламбардамі, наборнымі ўпрыгажэннямі. Уключае гравюру цара Давіда ў выкананні вядомага іканапісца Сімона Ушакова. Выява стала наватарскай для свайго часу. Вобраз цара Давіда выкананы рэалістычна, трактоўка задняга плана гравюры вырашана прасторава і ў перспектыве.

На палях кнігі ёсць рукапісныя нотныя радкі. Паклаў вершы на музыку ў 1685 годзе гасудараў пеўчы дзяк, кампазітар Васіль Цітоў (каля 1650 — 1710).

Як адзначаў Сімяон Полацкі, кніга прызначалася не для царкоўна-богаслужбовага ўжывання, а для «хатняй патрэбы» чытача, які шануе «рыфматворную гаворку».

«Псалтирь рифмотворная» з’яўляецца помнікам кніжнай культуры XVII стагоддзя і ўяўляе вялікую цікавасць для даследчыкаў.

Чытайце таксама:

Біблія на беларускай мове: цяжкасці перакладу

Берасцейскую Біблію і іншыя беларускія каштоўнасці распрадае былы міністр?

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2