Фота: rsti.by

Фота: rsti.by

З 23 кастрычніка займацца арганізацыяй канцэртаў могуць толькі дзяржаўныя ўстановы культуры і некалькі дзясяткаў прыватных арганізацый, для якіх культурна-забаўляльная дзейнасць з'яўляецца асноўнай. З канцэртнага рэестра выключылі каля 50 кампаній.

Санаторыі цяпер паводле законаў не могуць быць арганізатарамі культурна-відовішчных мерапрыемстваў, паколькі гэта не асноўны від іх дзейнасці. І калі санаторый хоча правесці танцавальнае шоу, канцэрт ці проста запрасіць выканаўцу, то ён абавязаны заключыць дамову з прыватнымі арганізатарамі з рэестра або дзяржустановамі культуры. Самастойна гэтага рабіць цяпер нельга.

У РСТІ адзначаюць, што людзей прываблівае ў санаторыі не толькі лячэнне як такое, але і адпачынак у сучасным яго фармаце — з анімацыяй і жывой музыкай. І гэта ў апошнія гады санаторыі імкнуліся забяспечыць, стараючыся адпавядаць патрабаванням перадусім турыстаў з Расіі, якія традыцыйна складаюць асноўную базу кліентаў.

«Да 23 кастрычніка нашы супрацоўнікі былі ў рэестры арганізатараў культмасавай праграмы, цяпер па новай падаюць дакументы, каб пастарацца застацца ў гэтым статусе. Што будзе далей — пакуль незразумела», — гаворыць кіраўнік аддзела продажаў санаторыя «Альфа Радон» Леанід Закрышка. — Шукаем розныя шляхі. Мы і раней узгаднялі праграму і артыстаў ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама. А цяпер усё тое ж самае трэба рабіць, але праз пасярэдніка. Гэта лішняя бюракратыя і страта часу».

Паводле Закрышкі: «Нашы госці прывыклі да пэўнага ўзроўню, і мы не можам іх расчараваць, інакш страцім рэпутацыю і грошы».

Тая ж праблема — і ў іншых санаторыях. Іх кліенты прызвычаіліся, адзначаюць у РСТІ, што ім гарантаваныя як мінімум 3 выступленні на тыдзень, жывая музыка ў рэстаране: скрыпка, гітара, саксафон, фартэпіяна. А цяпер узнікаюць пытанні часу на ўзгадненне заяўкі ва ўпраўленні культуры аблвыканкама, цаны і графікі музыкі.

Начальніца санаторна-аздараўленчага комплексу «Веста» Алена Осіпава наракае: у санаторыяў былі напрацаваныя кантакты з артыстамі, танцорамі, групамі, што дазваляла ім дамовіцца і ўзгадніць усё за некалькі дзён. Цяпер жа арганізацыя мерапрыемстваў запатрабуе яшчэ больш узгадненняў, часу і пераплат.

На думку старшыні праўлення РСТІ Філіпа Гулага, рашэнне аб выключэнні санаторыяў з рэестра арганізатараў культмерапрыемстваў паменшыць прывабнасць турыстычнага прадукту і ўдарыць па экспарце ў турыстычнай галіне.

Таму ён прапануе даць санаторыям магчымасць надалей працягваць займацца арганізацыяй культурна-масавых мерапрыемстваў самастойна, асабліва ва ўмовах усё большай канкурэнцыі з рэгіёнамі Расіі за расійскага ж турыста.

У Саюзе туріндустрыі лічаць, што калі раней прынятыя рашэнні не перагледзяць, то ў беларускіх санаторыях можа адбыцца адкат назад, да кіназалаў і шахматаў, і тады тыя ж расійскія турысты аддадуць перавагу адпачынку ў іншых месцах.

Чытайце таксама:

У топ-5 гарадоў, у якія расіяне збіраюцца выпраўляцца на Новы год, тры беларускія

Мінспорту ўвяло 13 афіцыйных відаў турызму

Замежнік выкупіў недабудаваны корпус браслаўскай райбальніцы. Там будзе прыватны VIP дом састарэлых

Беларускія турысты выбіраюць Расію? Як змянілася геаграфія паездак беларусаў за мяжу ў 2022 годзе

Беларусь не Еўропа? Топ-5 краін, дзе адпачывалі летась беларусы

Клас
2
Панылы сорам
4
Ха-ха
15
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
3