Фота: fcastana.kz

Фота: fcastana.kz

Найдаражэйшы ў сваёй лізе і адзіны беларус у еўракубках

Беларускія клубы не ззяюць на міжнародным узроўні, дый зборная ледзьве перамагае Андору — яўна не футбольнага гіганта. Як у такіх выпадках выбіраць футбаліста года? Відавочны варыянт на званне — Ілля Шкурын, форвард польскай «Сталі», які паказвае файную статыстыку ў тамтэйшым чэмпіянаце. 

Але ж спадзявацца на тое, што федэрацыя футбола ўганаруе Шкурына, не даводзілася, бо добра вядома — у 2020 годзе Ілля адмовіўся выступаць за зборную Беларусі, пакуль краінай кіруе Аляксандр Лукашэнка. У такой сітуацыі футбольныя чыноўнікі выбралі Макса Эбонга, і гэты беларус насамрэч мае пэўныя дасягненні за мінулы год.

24-гадовы паўабаронца скончыў сезон у статусе срэбнага медаліста казахстанскага чэмпіяната і ў складзе «Астаны» выступаў на групавым этапе Лігі канферэнцый — сёлета гэта адзіны беларус на такім узроўні.

Дадамо, што хлопец стаў капітанам беларускай зборнай. А ў лістападзе, пасля абнаўлення трансферных коштаў футбалістаў на рэсурсе Transfermarkt, Эбонг аказаўся яшчэ і адным з найдаражэйшых гульцоў у чэмпіянаце Казахстана: яго, як і яшчэ двух футбалістаў, ацанілі на мільён еўра.

Эксперты адзначаюць гульнявыя якасці беларуса. Напрыклад, казахстанскі журналіст Эрык Садыкаў называе Макса дыхтоўным футбалістам: «Ён і за зборную пышна гуляе, разганяе атакі. Яму трэба з'язджаць». А беларускі футбольны інсайдар Уладзіслаў Татур кажа, што хацелася б убачыць Эбонга ў Еўропе.

Рос у няпоўнай сям'і

Поўнае імя Эбонга — Афрыд Макс Эбонг Нгоме, хлопец нарадзіўся 26 красавіка 1999 года ў Віцебску. Яго маці — беларуска Наталля, бацька — камерунец Эстэл. Некалі ён прыехаў у нашу краіну са сталіцы Камеруна Яундэ і паступіў вучыцца ў медыцынскі коледж, дзе і сустрэў будучую жонку.

Моцнай сям'і, аднак, у Макса не было. У сярэдзіне нулявых бацька паехаў зарабляць грошы ў Расію, а потым вярнуўся ў Камерун. Ні з жонкай, ні з сынам Эстэл не кантактуе. Апошні раз Макс бачыў бацьку пятнаццаць гадоў таму, калі наведваў таго ў Маскве.

Пляменнік віцебскага футбаліста

Макс — не першы ў сям'і, хто прысвяціў жыццё футболу. У адным з нешматлікіх інтэрв'ю хлопец прызнаваўся, што брат яго маці, Сяргей Ярэменка, таксама быў прафесійным футбалістам. Відаць, не ўсё ў яго атрымоўвалася — кажучы пра дзядзьку, Макс прызнаваўся, што маці нагледзелася на яго траўмы.

Сяргей Ярэменка насамрэч гуляў у вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі ў складзе слонімскага «Камунальніка», але да буйных клубаў не дабраўся. Футбаліст скончыў кар'еру ў 2005-м у складзе «Оршы», цяпер яму 50 гадоў.

Мог трапіць у інтэрнат, а замест гэтага аказаўся ў клубе з дагаварнякамі

Першы трэнер Эбонга — Уладзімір Вайцяховіч з футбольнай школы «Камсамолец», ён жа быў першым настаўнікам у футболе легенды БАТЭ Віталя Радзівонава. 

Калі Максу было 15, яго кватэру наведала інспекцыя, якая правярае абстаноўку, дзе жывуць вучні. Тады ў сям'і было блага з грашыма: накапіліся даўгі, ў тым ліку па камуналцы, нават адключылі святло. Вынікі праверкі былі несуцяшальныя — маме юнага футбаліста далі два месяцы, каб знайсці месца, дзе ён будзе дагледжаны і накормлены. Інакш — пазбаўленне бацькоўскіх правоў і інтэрнат для хлопца.

Макс Эбонг у складзе зборнай Беларусі

Макс Эбонг у складзе зборнай Беларусі

Дапамог Вайцяховіч. Трэнер пазваніў знаёмым з салігорскага «Шахцёра», які тады быў адным з лідараў лігі, і сасватаў перспектыўнага хлопца. Кароценькі прагляд – і Эбонгу прапанавалі кантракт.

У Салігорску хлопец затрымаўся да 2020 года, пакуль яго не прадалі за 250 тысяч еўра ў «Астану».

Марыць гуляць у «Рэале»

У верасні 2023-га Эбонг даў невялічкае інтэрв'ю, дзе падзяліўся ў тым ліку і планамі на кар'еру. У хлопца спыталі, дзе б ён хацеў зайграць, калі б быў шанец апынуцца ў адной з еўрапейскіх топ-ліг.

Віцябчук назваў іспанскі чэмпіянат і падзяліўся амбіцыйнай марай: «Што да клуба, думаю, ва ўсіх ёсць мара патрапіць у мадрыдскі «Рэал». Для гэтага трэба старацца і працаваць. Але чаму б не марыць пра гэта?»

У БАТЭ — найгоршыя вынікі за гісторыю. Топ-5 прычын правалу

Ведаеце, хто абганяе «Барселону» ў чэмпіянаце Іспаніі? Заштатны клуб з двума ўкраінцамі ў складзе

Беларуская спартоўка запісала крык душы: Я стамілася выходзіць на пустыя стадыёны

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?