Айгуль і свяцільня з Пагоняй. Кадр з серыяла

Айгуль і свяцільня з Пагоняй. Кадр з серыяла

Герб Пагоню беларускія гледачы здолелі разгледзець у першай жа серыі папулярнага расійскага серыяла. У сцэне, калі Марат Сувораў тэлефануе Айгуль, на сцяне кватэры, у якой жыве дзяўчынка, вісіць свяцільня з выявай вершніка.

Стваральнікі серыяла імкнуліся строга прытрымлівацца гістарычнай адпаведнасці, каб праўдападобна і дакладна аднавіць атмасферу канца 1980-х гадоў. Пагоня ж на свяцільні, тым больш у расійскай правінцыі, выглядае дзіўным анахранізмам з 1990-х.

Выгляд свяцільні «Віцебск»

Выгляд свяцільні «Віцебск»

Але такая свяцільня сапраўды існавала і з'явілася яна на дзесяцігоддзе раней за падзеі, якія паказваюцца ў серыяле, яшчэ ў часы Брэжнева.

Гэта свяцільня «Віцебск» (ВТ-4), якая мела ў ніжняй частцы графічную выяву, на якой былі адлюстраваны старажытны і сучасны (то-бок савецкі) Віцебск, паміж якімі змешчана выява вершніка з шасціканцовым крыжам на шчыце, а таксама беларускамоўны надпіс «Віцебск». 

Этыкетка свяцільні-сувеніра

Этыкетка свяцільні-сувеніра

Ніжняя частка свяцільні з Пагоняй і краявідамі Віцебска

Ніжняя частка свяцільні з Пагоняй і краявідамі Віцебска

Як можна даведацца з этыкеткі на заднім баку гэтых свяцільняў, сувенір «Віцебск» быў выраблены на Віцебскім заводзе электравымяральных прыбораў (ВЗЭП) і каштаваў 5 рублёў 83 капейкі. Віцебскі завод стаў першым прадпрыемствам прыборабудавання ў пасляваеннай БССР, а ў 1968 годзе асвоіў новы кірунак — выпуск тавараў народнага спажывання, да якіх адносіцца і гэтая свяцільня. 

Марка да 1000-годдзя Віцебска

Марка да 1000-годдзя Віцебска

Але чаму ўсё ж «сувенір» і Пагоня? Рэч у тым, што ў 1974 годзе ў Віцебску адзначалі 1000-годдзе з моманту заснавання горада. Паводле падання з Віцебскага летапісу, Віцебск быў заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974 годзе. Дата сумнеўная, бо вядома, што Вольга памерла 11 ліпеня 969 года. Магчыма, што летапісец проста пераблытаў лічбы і сапраўднай датай заснавання горада быў 947 год.

Пагоня на ўязным знаку ў Віцебск. Кадр з фільма «Віцебскія ўзоры» 1973 года

Пагоня на ўязным знаку ў Віцебск. Кадр з фільма «Віцебскія ўзоры» 1973 года

Менавіта да такога юбілею было выраблена шмат сувенірнай прадукцыі з мясцовай сімволікай і пазнавальнымі гарадскімі помнікамі. Гарадскім сімвалам была выбрана Пагоня. Яна з'явілася таксама на ўязным знаку ў горад, на сімвалічных ключах ад горада.

Агульнавядома, што за савецкім часам у беларускіх гарадоў і адміністрацыйных адзінак ніякіх афіцыйных гербаў не існавала. На розных значках і іншай прадукцыі, якая была аб'ектам калекцыянавання шматлікіх савецкіх калекцыянераў, спарадычна адлюстроўваліся абсалютна розныя кампазіцыі, якія былі мала звязаныя з гісторыяй месца.

Ключы ад Віцебска з Пагоняй

Ключы ад Віцебска з Пагоняй

Падкова-сувенір з выявай Пагоні і надпісам «Віцебск»

Падкова-сувенір з выявай Пагоні і надпісам «Віцебск»

Да таго ж і ў наш час, і ў часы Вялікага Княства Літоўскага на гербе Віцебска быў адлюстраваны абраз Спаса Збавіцеля з мячом, а зусім не Пагоня. 

Праз гэта выбар Пагоні савецкімі мастакамі да юбілею абласнога цэнтра выглядае яшчэ больш дзіўным. Але быў усё ж перыяд у гісторыі Віцебска, калі ягоным гербам была Пагоня — гэта, як ні дзіўна, часы Расійскай імперыі. 

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе горад адышоў пад расійскую ўладу. У 1781 годзе былі зацверджаны гербы гарадоў Полацкага намесніцтва, сярод якіх быў і Віцебск. Віцебскі герб меў наступны выгляд:

«Шчыт падзелены напалам: у верхняй частцы ў залатым полі Расійскай імперыі палова дзяржаўнага герба, а ў ніжняй частцы, у чырвоным са срэбрам паласатым полі на кані воін, які трымае ў правай руцэ чырвоны шчыт з падвойным на ім крыжом».

Герб Віцебска за часамі Расійскай імперыі

Герб Віцебска за часамі Расійскай імперыі

Усе гарады намесніцтва атрымалі амаль аднолькавыя гербы з Пагоняй і імперскім арлом, якія адрозніваліся толькі колерам поля шчыта. Пасля Пагоня таксама перайшла на герб Віцебскай губерні.

У савецкі час кіраўніцтва горада, такім чынам, звярнулася да гістарычнай спадчыны, але звярнуліся, як заўсёды, спецыфічным чынам. Магчыма, на выбар паўплываў яшчэ той факт, што арыгінальны герб Віцебска меў відавочна рэлігійнае паходжанне і выява Хрыста была менш пажаданай і прымальнай за Пагоню. Прынамсі пра гістарычнае значэнне Пагоні савецкія грамадзяне ўжо забыліся пасля доўгай негалоснай забароны на нацыянальную сімволіку і масавыя рэпрэсіі супраць «нацдэмаў».

Каб атрымаць свяцільню-сувенір, не абавязкова было наведваць Віцебск у юбілей, выраб шырока прадаваўся ў Беларусі i па-за яе межамі. Такое бра мелі многія савецкія сем'і.

Вокладка буклета Віцебскага тэлевізійнага завода 1982 года з варыянтам Пагоні — «Віцязем»

Вокладка буклета Віцебскага тэлевізійнага завода 1982 года з варыянтам Пагоні — «Віцязем»

Свяцільня — не адзінае ўвасабленне спароджанай юбілеем віцебскай Пагоні, якое было шырока даступна жыхарам краіны. У 1982 годзе, відаць, пад уплывам сімволікі 1000-годдзя горада, эмблемай Віцебскага тэлевізійнага завода стала Пагоня. Выяву «Віцязя», як яна афіцыйна называлася праз сугучнасць з абрэвіятурай завода — ВТЗ, распрацаваў мастак Аляксандр Вышка.

Так Віцебск нечаканым чынам — праз ідэалагічныя савецкія патрабаванні і расійскую частку гісторыі — трохі апярэдзіў беларускае нацыянальнае адраджэнне, росквіт якога прыпаў на 1980-я гады, у вяртанні спрадвечных нацыянальных сімвалаў.

Сёння гэты артэфакт можна пабачыць не толькі мелькам у серыяле. Аматары вінтажных савецкіх рэчаў і беларускага прадметнага дызайну з лёгкасцю знойдуць яго на інтэрнэт-пляцоўках.

Чытайце таксама:

Навумчык адказвае Цэслеру: Ніякіх дапрацовак герб «Пагоня» не патрабуе

Беларускі саюз мастакоў ліквідаваў суполку «Пагоня»

Беларуса затрымалі на пагранпераходзе ў Брэсце: у яго была бірулька з «Пагоняй»

Клас
65
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
3
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?