Паліну жартам называюць загадчыцай вытворчасці

Паліну жартам называюць загадчыцай вытворчасці

«Мы даўно шукалі для сябе нейкія цікавыя алеі, але ў нас іх купіць складана, — кажа Аня. — У наяўнасці бываюць рэдка, каштуюць дорага, захоўваюцца ў крамах няправільна, без халадзільнікаў. І ніхто дакладна не ведае, як яны зробленыя і чым апрацоўваліся.

Да таго моманту я нядаўна стала мамай, пара было ўводзіць дачцэ прыкорм. Якасці прадуктаў мы надавалі вельмі шмат увагі і задумаліся, чаму б не паспрабаваць адціскаць алей самім.

Для запуску вытворчасці трэба было зрабіць шэраг пакупак. Перш за ўсё купілі галоўны атрыбут — спецыяльны прэс, які пад вялікім ціскам адціскае алей, і бочку да яго.

Маленькі прэс з бочкай доўга шукалі ў Беларусі, але знайшоўся такі толькі ў Краснадары. А вырабіў яго мужчына, які сам збірае спецыяльныя прэсы для маленькіх вытворчасцяў.

Пачатак быў пакладзены, але прэс ніяк не мог даехаць да новых уладальнікаў, а калі даехаў, аказаўся не так просты. Поршань захрасаў у бочцы і былі думкі, што задума праваліцца. Але ўрэшце прэс прыручылі.

Затым неабходна было набыць бутэлечкі, але першая іх партыя так і не прыехала — згубілася на Еўрапошце:

«Цікава, як можна было згубіць такую велізарную цяжкую скрынку, — дагэтуль задаецца рытарычным пытаннем Ганна. — Замовілі новую партыю, закупілі коркі для алею, налепкі для кожнага віду прадукцыі, памяткі, крафт-пакеты для ўпакоўкі бутэлечак, скрынкі для падарункаў. А галоўнае — сама сыравіна, усе віды арэшкаў і семак.

Спатрэбіліся яшчэ сістэмы захоўвання для арэхаў і насення, тканіна для пашыву спецыяльных ільняных мяшэчкаў для прэса. Акрамя бочкі і прэса, усе астатнія выдаткі ў нас у спісе пастаянных».

Ганна Навумавец з дачкой Палінай

Ганна Навумавец з дачкой Палінай

«І алей разліваўся, і на пошце пасылкі разбівалі»

Вялікай вытворчасці ў герояў публікацыі няма, для працы ім патрэбны толькі адзін прэс і невялікае памяшканне, дзе захоўваюцца арэхі і адціскаецца алей. А ў сямейным бізнэсе ў кожнага свая роля.

Аня вядзе сацсеткі, робіць фота і здымае відэа, шукае інфармацыю для пастоў і нават ноччу прымае замовы пакупнікоў. А пры вялікай колькасці заказаў дапамагае маме збіраць і афармляць падарункавыя скрыначкі.

Наталля з мужам Юрыем закупляюць сыравіну, правяраюць яе і адціскаюць алей — грэцкі, ільняны, сланечнікавы, канапляны, гарбузовы, кунжутны, міндальны. Афармляюць замовы бутэлечак і іншай неабходнай прадукцыі, а потым адпраўляюць замовы поштай і робяць дастаўку па Магілёве.

Нядаўна Наталля стала ўдзельнічаць з уласнай прадукцыяй у фермерскім рыначку «Свая ежа» ў магілёўскім гандлёвым цэнтры «Е-сіці».

Наталля, якая разам з мужам закупляе сыравіну, правярае яе і адціскае алей

Наталля, якая разам з мужам закупляе сыравіну, правярае яе і адціскае алей

Як і ў любой справе, у вытворчасці алею не заўсёды ўсё ідзе гладка:

«Пару разоў ламаўся прэс у самы разгар заказаў, гэта было вельмі стрэсава. І алей разліваўся, і на пошце пасылкі разбівалі, і налепкі на бутэлькі адзін раз пераблыталі — гэта было ў самым пачатку, але своечасова выправілі, дзякуй богу. Чаго толькі не было.

Адзін раз мы дзве гадзіны чакалі пакупнікоў пад домам, у які дастаўлялі заказ, яны ехалі з іншага горада. Аднойчы самі прыйшлі не ў той дом».

Паступова асартымент стаў пашырацца. Акрамя карыснага алею, героі публікацыі вырабляюць арэхавую муку, гранолу, raw-цукеркі і нават бальзамы для вуснаў. Працуюць з вытворцамі з Беларусі, Расіі і Узбекістана.

Знайсці добрую сыравіну той яшчэ квэст:

«Здараецца, прыходзіць дрэннае, даводзіцца мяняць, або больш не працаваць з гэтымі пастаўшчыкамі. Рэдка, але бывае, што людзі чакаюць замовы, а арэшкі прыйшлі дрэнныя — гэта затрымкі і нязручнасці.

Вельмі радыя, што цяпер знаходзім фермераў у Беларусі. Нядаўна з намі звязаўся мужчына, які вырошчвае гарбуз і грэцкі арэх. Гарбуз мы ўжо паспыталі — і ён цудоўны, ні з чым не параўнаецца. Смак, як у дзяцінстве ў бабулі. Арэх пакуль чакаем, ён яшчэ сушыцца».

«Пра велізарныя заробкі казаць пакуль рана»

«Адцісканне алею працэс няхуткі, адціскаць трэба не адну пазіцыю ў дзень, а шмат, — адзначае Аня. — Гэта халоднае адцісканне, і выхад алею атрымліваецца невялікі. З двух кілаграмаў насення лёну атрымаецца 2-3 бутэлечкі алею па 200 мл.

Трэба ўсё разліць па бутэлечках, закаркаваць, наклеіць налепкі, спакаваць бутэлечкі і сфармаваць замовы. Потым іх трэба адвезці замоўцам, нешта адправіць поштай, а нешта пакінуць для самавывазу. А калі замоў шмат, то адцісканне ідзе пастаянна.

Акрамя іншага, гэта яшчэ і няпроста фізічна — бочка з сыравінай важыць шмат, і ціск у прэсе нагнятаецца ўручную. Біцэпсы мы ўжо сабе накачалі».

Аня прызнаецца, што пакуль пра нейкі велізарны заробак казаць рана, бо вытворчасць алею — даволі дарагая справа і патрабуе бесперапынных укладанняў. Пастаянна даражэе сыравіна і ўсе расходныя матэрыялы.

Аднак задзіраць цэны да столі магілёўцы не хочуць. У іх планах — пакідаць сыравыціснуты алей даступным для большасці пакупнікоў. 

Чытайце таксама:

Жанчына з Баранавічаў кінула працу ў школе і стала зарабляць на тыльдах

«Хацелася б стварыць творчую талаку». Кіроўца аўтобуса ўцёк са сталіцы і цяпер у вёсцы майструе флейты

«Больш чым сярэдні заробак». Магілёўскі рамеснік расказаў, ці рэальна пракарміцца з драўлянага посуду

Клас
10
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
2