Віталь Лапцёнак Виталий Лаптёнок Vitaly Laptyonok

Віталь Лапцёнак. Скрын відэа: malina_by / YouTube

Віталь Лапцёнак скончыў Ліцэй БДУ, працаваў у TUT.BY, заснаваў Genesis Media, а цяпер узначальвае інвестыцыйны фонд Flyer One Ventures, які ўваходзіць у Genesis.

Пачатак бізнэсу

Віталь згадвае, што першыя крокі ў бізнэсе ён пачаў рабіць у 18 гадоў, калі вучыўся на эканамічным факультэце БДУ. Разам з сябрамі ён рабіў сайты. Пазней нарадзіўся сумесны праект з TUT.BY. Спачатку ён разам з сябрамі прыйшоў да Юрыя Зісера па інвестыцыі.

«Мы прапанавалі зрабіць беларускі Financial.com. Юрый Анатольевіч падумаў і сказаў: «Давай ты гэта будзеш рабіць разам з намі». І я пачаў гэта рабіць у рамках TUT.BY».

Як згадвае Лапцёнак, у час, калі ён прыйшоў на партал, там працавала чалавек 30 і развіваць напрамак яму давялося аднаму. Пазней была створана каманда, якая сумесна з Genesis пачала развіваць медыя-бізнэс у краінах, якія развіваюцца, у тым ліку ў Афрыцы. Калі Genesis выкупіў сваю долю ў TUT.BY, Віталь далучыўся да Genesis.

«TUT.BY — гэта ўсё ж такі беларускі бізнэс. Міжнародныя амбіцыі былі дастаткова сціплымі. Таму я прыняў рашэнне далучыцца да Genesis, бо з першага дня гэта быў міжнародны бізнэс».

Адносіны з Юрыем Зісерам

Журналіст Мікіта Мелказёраў прыгадаў інтэрв'ю Юрыя Зісера dev.by, у якім уладальнік TUT.BY, згадваючы прозвішча Лапцёнка, заўважыў: «Не ўсе захоўваюць лаяльнасць». Як Віталь ставіцца да такіх словаў? Некаторыя называюць Лапцёнка пратэжэ Зісера, адзначаючы, што ён бачыў у хлопцы патэнцыял.

Па словах Лапцёнка, ён з вялікай павагай ставіцца да Юрыя Зісера і таго, што ён зрабіў. «У нейкай меры цешыць, што маё прозвішча было згадана. Гэта значыць, што ён мяне ацаніў». Віталь дапускае, што яго сыход з TUT.BY мог засмуціць Зісера. 

«Пасля гэтага мы сустракаліся і дастаткова па-сяброўску размаўлялі», — згадвае Віталь.

Ацэньваючы ролю Юрыя Зісера ў гісторыі Беларусі, Віталь адзначыў:

«Упэўнены, што гэтаму чалавеку калі не помнік, то пэўную колькасць вуліц у новай Беларусі можна прысвяціць. Тое, што ён стварыў, было вельмі важным для краіны. Мне рацыянальна складана патлумачыць, але праект TUT.BY сапраўды быў народным медыя.

Гэта нейкі ўнікальны беларускі феномен. Нічога падобнага я не бачыў, каб людзі рэальна любілі яго, пачыналі дзень з TUT.BY. Ні ў кога не было ўражання, што нехта спрабуе з дапамогай гэтага медыя прасунуць нейкі пункт погляду. TUT.BY стараўся заўсёды быць дзесьці пасярэдзіне і даваць абʼектыўную інфармацыю».

Ці ў грашах шчасце?

Па словах Лапцёнка, для яго грошы — тая рэч, якая сурʼёзна здымае ўзровень трывожнасці, а таксама дазваляе дапамагаць іншым. «Калі ў цябе ёсць грошы, ты можаш моцна не хвалявацца, паспееш ты на рэйс ці не».

Бізнэсовец згадвае, што ў сваёй першай замежнай паездцы ён з жонкай застаўся без грошай:

«У нас у Італіі проста фізічна скончыліся грошы. Было вельмі цікавае адчуванне, калі мы шукалі самую танную піцу за 2 еўра, прасілі таварыша выслаць грошы праз Western Union. Я не хачу туды вярнуцца».

Віталь распавёў, што ён паходзіць з «дастаткова не забяспечанай сямʼі». І тое, што ён пачаў займацца бізнэсам — «гэта пра тое, каб не быць бедным».

«Есць байкі пра беднасць у спалучэнні са шчасцем. Але я бачу, што грошы і шчасце спалучаюцца. Былі даследаванні пра тое, што ўзровень шчасця пасля 100 тысяч у год не ўздымаецца. Але па новых даследаваннях, ён расце да ўзроўню паловы мільёна ў год. Ёсць усё ж залежнасць паміж шчасцем і грашыма. І частка гэтай залежнасці вызначаецца тым, што неяк менш перажываеш».

Ці можа сабе дазволіць яхту

Лапцёнак адзначае, што ў яго няма яхты. «Мне асабліва не хочацца яхты. Мне падаецца, яхта — гэта такая рэч, якая створана для таго, каб ты мог некуды патраціць грошы, калі іх у цябе вельмі шмат. Таму што ў свеце вельмі мала рэчаў, якія каштуюць столькі, колькі яхта».

На пытанне, ці можа ён цяпер дазволіць сабе яхту, бізнэсовец з усмешкай адказаў:

«Пытанне памеру. Невялікую можа быць». І патлумачыў: «Пра гэта ёсць вельмі разумная думка. Вельмі важна разумець свой памер. Калі ты купіш нешта, што табе не вельмі трэба, гэта прынясе табе толькі няшчасці, праблемы і дадатковыя выдаткі». Віталь імкнецца не рабіць такіх пакупак.

Лапцёнак радуе сябе паездкамі: «Да вайны ў нас была неверагодная паездка ў Кенію на сафары. Я лічу, калі ты можаш свайму дзіцяці падарыць тыдзень са сланамі, зебрамі і іншымі жывёламі, то гэта неверагодная, класная гісторыя. Дзеля гэтага і варта зарабляць».

Пра жыццё ў камфорце

Віталь адзначае, што ў яго ёсць пэўны ўзровень выдаткаў на данаты. Па яго словах, «хацець нейкія вялікія пакупкі, калі ёсць патрэба ў дапамозе, гэта не зусім правільная рэч у бягучай сітуацыі».

Цяпер Лапцёнак жыве ў Варшаве на здымнай кватэры. Але асноўная база яго бізнэсу знаходзіцца ў Партугаліі. Адсутнасць нерухомасці, па словах Віталя, павышае яго мабільнасць. У Кіеве ў яго была нерухомасць. Ва Украіну Лапцёнак час ад часу прыязджае. Там засталася частка бізнэсу.

Віталь лічыць, што «вельмі недарэчная рэч падымаць свой узровень жыцця кожны раз, як павышаецца твой узровень даходу. У нейкі момант трэба зрабіць так, каб твой узровень жыцця рос трохі павольней за даход».

У бізнэсоўца ёсць бары ў Варшаве, Кіеве і Лісабоне. Ён лічыць гэта інвестыцыямі ў камʼюніці. «Гэта спосаб камунікацыі з вялікай колькасцю вельмі класных людзей, якія прыходзяць да цябе ў госці. Аперацыйна я гэтым не займаюся. Гэтым займаюцца ці мае партнёры, ці мая жонка. Я інвестую і хаджу туды есці і піць».

«Калі гаварыць сурʼёзна, ёсць нейкая імавернасць таго, калі штучны інтэлект забярэ ва ўсіх нас работу, то інтэртэймент стане вельмі важнай часткай нашага жыцця і бізнэсу. Магчыма, гэта адбудзецца ў перспектыве трох пяцігодак. Цяпер гэта больш як хобі. Калі паглядзець гістарычна, то ў 19 стагоддзі вольнага часу не было зусім. З цягам часу яго станавілася ўсё болей. Думаю, што гэты трэнд працягнецца і ў будучыні»,

— тлумачыць бізнэсовец.

Ці мяняе жыццё статус мільянера

Віталь не хавае таго факта, што зʼяўляецца мільянерам. Але ў яго няма ні верталётаў, ні парка аўтамашын.

«У мяне машына Volvo XC90. Выдатная машына. Мне больш падабаецца інвеставаць у нейкія стартапы. Я інвеставаў персанальна ў пэўную колькасць стартапаў, у якія не інвеставаў фонд. Я займаюся нейкім наборам дабрачынных ініцыятыў».

Пры гэтым Лапцёнак адзначае, што бізнэс — гэта штодзённая праца: «Гэта не фестываль, а цяжкая гісторыя».

Чытайце яшчэ:

Як зарабіць у Беларусі: сакрэтамі дзеляцца ўладальнікі хостэлаў, кавярняў, вытворцы цацак і віртуальных гульняў

Стартапы паміраюць, а інвестары іх не ратуюць

Дамен tut.by канчаткова забралі ва ўладальнікаў

Клас
23
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
3