24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны. Вайна не спыняецца ўжо два гады.

Ад першых дзён вялікага канфлікту ў ім бяруць удзел і сотні беларускіх добраахвотнікаў, якія аб’ядналіся вакол розных фармаваньняў. Самым вялікім стаў полк імя Кастуся Каліноўскага, таксама беларусы ваююць у атрадзе спэцыяльнага прызначэньня «Тэрор», 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе, II Інтэрнацыянальным легіёне, у групе «Танга-Рамэа» пры Інтэрнацыянальным легіёне ГУР, тактычнай групе «Афіна». Частка беларусаў ваюе ва ўкраінскіх і грузінскіх частках.

Ад 2022 году ва Ўкраіне загінулі як мінімум 38 беларускіх ваяроў, больш за сотню былі параненыя. Па ацэнках «Свабоды», ва Ўкраіне на сёньня ваюе больш за 400 беларускіх добраахвотнікаў. Агулам жа праз вайну ўжо прайшлі звыш тысячы беларусаў.

«Свабода» паразмаўляла з трыма беларусамі, каб дазнацца, як за гэтыя два гады памянялася іх стаўленьне да вайны і перамогі, і ці зьмяніліся яны самі.

Добраахвотнік Павал

Добраахвотнік Павал

«Павал»: «Жаданьне зьнішчыць імпэрыю расьце»

Мінамётнік, ваюе з сакавіка 2022 году. Падразьдзяленьне папрасіў не пазначаць.

«Калі я ехаў на вайну, то думаў, што было б клясна выйсьці на межы Ўкраіны 1991 году. Цяпер жа я бачу, што ўсё маё далейшае жыцьцё будзе накіраванае на разбурэньне Расеі як дзяржавы, на разьдзел яе на дзясяткі малых краін. Толькі тады я зразумею, што Беларусь і краіны вакол будуць адчуваць сябе спакойна. Імпэрыя павінна перастаць існаваць.

Калі гэтага не адбудзецца, то Расея працягне прасоўваць свае наратывы фінансаваньнем, адкатамі, подкупам людзей. Усім тым самым брудным, што ёсьць у палітыцы. У іх няма рамак, яны выкарыстоўваюць усё — ад шантажу да карупцыі.

Я раней меркаваў, што пасьля выхаду Ўкраіны на межы 1991 году можна будзе вызваліць Беларусь. Цяпер я мысьлю далей. Мне раней здавалася, што ва Ўкраіне мы можам справіцца за год, цяпер жа разумею, што яшчэ патрэбна 2-3 гады. Потым — Беларусь. Мая «вайна» яшчэ будзе 7-8 гадоў.

Рамантыка для мяне скончылася дзесьці праз два месяцы. У той час і мазалі перасталі зьяўляцца, бо рукі сталі жалезнымі: ты ж увесь час капаеш (акопы. — РС). Калі хочаш жыць — трэба капаць.

Калі ў пачатку я разглядаў вайну як спрынт, то цяпер гэта маратон. Трэба эканоміць сілы, трымацца сярэдзінкі, каб дайсьці да фінішу.

Нават «пазыцыёнка» (пазыцыйная вайна. — РС) — гэта перамолваньне сілаў. Калі на нейкім участку вы зьнішчылі 20 расейцаў, то яны ня зьявяцца ў іншым месцы. Трэба сьціснуць зубы і малоць, малоць…

Я ўвесь час успамінаю показку, якую мне аднойчы расказаў адзін пастар: «Госпадзе, дай мне, калі ласка, цярпеньня… і як мага хутчэй!». Я гэтую фразу сабе паўтараю ўвесь час, потым усьміхаюся і працягваю рабіць сваю манатонную працу.

Я не хачу страляць камусьці ў патыліцу, але гэтае жаданьне зьнішчыць імпэрыю ўсё расьце і расьце. Гэтая імпэрыя закідвае пазыцыі «мясам». Для іх чалавечае жыцьцё нічога ня вартае. А эўрапейскі падыход, што чалавечае жыцьцё — самае важнае ў сьвеце. Я часта кажу, што ніводзін акоп, ніводная пазыцыя не каштуе чалавечага жыцьця. А ў расейцаў усё наадварот.

На вайне і цяжка, і страшна. Малы «савок» ня можа перамагаць вялікі «савок». Таму мы зможам перамагчы толькі пасьля таго, як кардынальна перабудуемся, зьменім тактыку.

Я цяпер у вольны час за грошы трэнуюся ў стральбе з інструктарамі, ежджу на аматарскія спаборніцтвы. Я рыхтуюся да вельмі-вельмі доўгай гонкі.

Мне здаецца, я стаў больш дарослым. Ведаеш, як кажуць: «Я чую словы ня хлопца, а мужчыны». Я магу прыехаць у Кіеў і сказаць: «Хлопцы, вы тут адбіліся ад рэальнасьці, вы не разумееце, што важна, а што — не». Усё павінна ісьці для «перадка», для фронту. Мы павінны жыць і працаваць для тых людзей, хто цяпер на пярэднім краі.

Калі нас абстрэльваюць, то я заўсёды думаю пра сына. Вельмі цаню любую магчымасьць пабыць зь ім, хоць пару хвілін паразмаўляць па відэасувязі.

Іншае важнае правіла — не эканоміць на рыштунку. Нават калі нейкая штука дасьць 1% лішні для выжываньня, то гэта трэба скарыстаць».

Добраахвотнік Туз

Добраахвотнік Туз

«Туз»: «Разуменьне «перамогі» зьмянілася»

Снайпэр, ваяваў з сакавіка 2022 году, потым звальняўся. У верасьні 2023 году зноў вярнуўся на фронт. Ваюе ў 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе.

«Я разумеў, што вайна — гэта ня нешта добрае. Я разумеў, што там паміраюць людзі, што гэта не галівудзкі бляск. Але ўнутры ўсяго гэтага ты больш дасканала разумееш, як нешта працуе ці не працуе. Вайна — гэта ня толькі тое, што пішуць у загалоўках навінаў, унутры ўсё зусім інакш.

Цяпер я амаль увесь час праводжу блізка да лініі судакрананьня з ворагам. У сакавіку 2022 году я ня так шмат бачыў. Усю інфармацыю тады я атрымліваў ад іншых хлопцаў. Нават сама вайна тады была зусім іншая.

Тады ўсё было больш актыўна: узялі адну вёску, другую. Цяпер жа зьмены на лініі фронту адбываюцца вельмі рэдка. Пры гэтым вельмі шмат агню, перастрэлак, загінулых.

Раней я бачыў як вызваляліся ўкраінскія тэрыторыі. Нават калі гінулі людзі, то я разумеў, дзеля чаго гэта адбываецца. Цяпер жа, мне здаецца, ёсьць адчуваньне з абодвух бакоў, што людзі проста гінуць. А дзеля чаго, наагул незразумела. На лініі фронту здаецца, што нічога не мяняецца, апроч таго, што гінуць людзі.

Маё разуменьне «перамогі» таксама зьмянілася. Калі мы ўспамінаем 2022 год, калі былі актыўныя фазы, то ва ўкраінскай арміі былі бачныя добрыя перамогі — Херсон, харкаўскі кірунак. Мы бачылі маленькія і вялікія перамогі. Цяпер у навінах мы чытаем, як у расейскім флёце адзін за адным тонуць караблі, пра ўдары ў тылавых частках. А ў прыфрантавой зоне мы кожны дзень пад абстрэламі.

Перамогай сёньня выглядае прыпыненьне баявых дзеяньняў. Ёсьць адчуваньне, што ніводзін з бакоў ня ў стане пераламіць сытуацыю ў вайне.

Мне, вядома, хочацца верыць, што ў Расеі нешта здарыцца падчас выбараў, што Пуціна зрынуць, але ўпэўненасьці ў гэтым няма. Я сачу, як там зьяўляліся кандыдаты ў прэзыдэнты, якіх не рэгістравалі. Не разумею, ці выклікае сьмерць Навальнага хоць нейкую незадаволенасьць і пратэсты ў Расеі.

У 2022 годзе Ўкраіна здавалася больш падрыхтаванай, зьяўлялася новая зброя. Я думаў, што сотню-другую тысяч расейцаў перамелем — і людзі ў Расеі зразумеюць, што гэта зусім не сьвятая вайна. А цяпер і ў Расеі, і ва Ўкраіне прывыклі да вайны. Ёсьць і ёсьць, як калісьці з каранавірусам.

Можа, гэта пэсымізм, а можа, рэалізм. Мне хочацца верыць, што я ня моцна зьмяніўся. У нейкіх пытаньнях я стаў больш упэўненым у сабе, чым гэта было ў 2020 годзе падчас пратэстаў. Тады я, як і большасьць, хаваўся, уцякаў. Сёньня я бачу шмат непрыемных і жудасных рэчаў і нейкі АМАП цяпер ужо не такі страшны, як раней.

Я стаў больш патрабавальным. Людзі, якія вакол мяне сёньня, павінны быць адказнымі нават у дробных пытаньнях. Бо ад гэтага можа залежаць жыцьцё тваё і тваіх пабрацімаў.

Хочацца верыць, што больш жорсткім я ня стаў. Я разумею, што ёсьць нейкае разьмежаваньне між вайной і цывільным жыцьцём. І гэта зусім розныя рэчы».

Добраахвотнік Альгерд

Добраахвотнік Альгерд

«Альгерд»: «Каб не стамляцца ад вайны, гляджу сэрыялы»

Мінамётнік, ваюе ад лютага 2022 году. Цяпер у складзе батальёну «Ліцьвін» палка імя Кастуся Каліноўскага.

«Маё разуменьне вайны за два гады не зьмянілася. Усё тое, што я бачыў у 2022 годзе, я бачу і сёньня. І ўяўленьні мае адносна гэтага не мяняюцца.

Магчыма, нехта і ўяўляў вайну як нешта рамантычнае, але ў мяне асабіста такога ніколі не было. Я даўно ведаў і разумеў, што вайна — гэта кроў, бруд, чалавечыя страты. А з другога боку — гераізм.

Калі думаць увесь час пра вайну, жыць ёю, не адпачываць, то гэта вельмі цяжка. Мне таксама цяжка, але калі мы ня будзем рабіць гэтую справу, то хто будзе? Я лічу, што гэта вайна і беларусаў.

Я асабіста, каб моцна не стамляцца ад вайны, у вольны час працягваю займацца любімымі справамі: вайсковай рэканструкцыяй, праглядам улюбёных сэрыялаў. Цяпер гляджу «Дзяцінства Шэлдана» — гэта прыквэл да «Тэорыі вялікага выбуху». Там ёсьць і камэдыйны складнік, і драма.

Пра вайну фільмы і сэрыялы таксама гляджу. Мне цікава паглядзець на вайну з кіношнага боку, ці праўдзіва яна паказваецца. Магу параіць клясычную стужку «Выратаваньне шарагоўца Раяна» — там клясна паказаныя і сьмерці пабрацімаў, і цяжкасьці. Яшчэ раю сэрыялы «Браты па зброі» Тома Хэнкса і Стывэна Спілбэрга і «Ціхі акіян» (пра вайну ЗША зь Японіяй).

У сілу аб’ектыўных прычын перамога расьцягнулася, але гэта ня наша віна. Перамога будзе празь зьнішчэньне вайсковага і эканамічнага патэнцыялу Расеі. У Крамля ня будзе больш сродкаў на ўтрыманьне рэжыму Лукашэнкі. Тады і зьявіцца магчымасьць вызваліць Беларусь.

Першапачаткова я думаў, што вайна скончыцца хутчэй — максымум за два гады. Цяпер жа бачу, што як мінімум год вайна будзе яшчэ. Я ніколі не казаў і ня думаў, што вораг слабы. Ён моцны, вучыцца, ён можа сабе дазволіць зьнішчаць чалавечыя рэсурсы. Ніхто ня думаў, што гэта будзе лёгкай прагулкай.

Мне здаецца, я стаў менш эмпатычным за гэтыя два гады. Раней мяне вельмі краналі навіны пра нейкі прылёт ці зьнішчаны дом, цяпер жа так востра не ўспрымаецца ўсё. Гэта ўсё стала руцінай.

Я не перагледзеў за гэты час сыстэмы сваіх каштоўнасьцяў. Хіба што крыху болей стаў цаніць жыцьцё».

Чытайце таксама:

Ва Украіне не сабралі неабходную колькасць подпісаў для ўганаравання званнем Героя загінулага беларуса Лобава

Актывісты, журналісты, палітыкі, добраахвотнікі. Каго з беларусаў абвясцілі ў вышук у Расіі

Бацькам беларускіх байцоў-добраахвотнікаў прапануюць пераканаць іх вярнуцца і пакаяцца

«Змяншэнне падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне — гэта ў тым ліку і цана, якая плаціцца за палітычныя амбіцыі некаторых людзей»

Клас
23
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
15
Абуральна
3