Aficyjny partret karalia Karla III, 2023 hod

Афіцыйны партрэт караля Карла III, 2023 год. Крыніца: Gov.UK

Маўрыцый Гаўке: быў з Касцюшкам, прысягнуў Аляксандру, будаваў канал

Калі ў 1815 годзе ўзнікла аўтаномнае ў складзе Расійскай Імперыі Царства Польскае, уладу ў ім атрымалі былыя напалеонаўскія генералы, якія прысягнулі на вернасць імператару Аляксандру І. Сярод іх быў і Маўрыцый Гаўке, спольшчаны саксонец, які гераічна змагаўся ў шэрагах арміі Тадэвуша Касцюшкі і цэлы год у 1813-м абараняў ад расейцаў крэпасць Замасць.

Maurycy Haŭkie jak napalieonaŭski aficer

Маўрыцый Гаўке як напалеонаўскі афіцэр

У Царстве Польскім Гаўке кіраваў корпусам інжынераў і артылерыяй, а калі ўзнік план будаўніцтва Аўгустоўскага канала, то арганізаваць яго даручылі менавіта яму. Гаўке спыніў свой выбар на маладым афіцэры Ігнацыю Прандзінскім, якога прызначыў праекціроўшчыкам канала.

Прандзінскі быццам нават сказаў Гаўке: «Я фартыфікатар і не ўмею будаваць каналы», на што атрымаў адказ ад Гаўке: «Я не магу стаць перад расійскім імператарам і сказаць, што ў Польшчы няма ніводнага афіцэра, які б не мог запраектаваць нейкі канал».

Застрэлілі ўласныя салдаты

У выніку канал пабудавалі, некаторыя будаўнічыя матэрыялы дастаўлялі нават з асабістага маёнтка генерала Гаўке. Аднак лёс генерала склаўся трагічна.

У лістападзе 1830 года ў Варшаве пачалося антырасійскае паўстанне. Гаўке, які тады ўжо быў вайсковым міністрам, добра ўсведамляў, на што ідуць паўстанцы, і паехаў іх супакойваць.

На заклікі салдат «Генерал, вядзі нас у бой» ён запрапанаваў ім вярнуцца ў казармы. Салдаты далі ў генерала залп, пацэліўшы ў яго аж 19 разоў. Гаўке сканаў на месцы.

Як паўстала дынастыя Батэнбергаў

Пасля разгрому паўстання, у якім, дарэчы, прынялі ўдзел тры сыны Гаўке, Мікалай І распарадзіўся паставіць у Варшаве помнік генералам, забітым паўстанцамі. Адзін са львоў на помніку сімвалізаваў акурат Маўрыцыя Гаўке, які быў не столькі прыхільнікам расійскага імператара, колькі не хацеў, каб любімая ім краіна заглыбілася ў чарговую крывавую завіруху.

Adzin z ĺvoŭ na hetym pomniku simvalizavaŭ Maŭrycyja Haŭkie

Адзін са львоў на гэтым помніку сімвалізаваў Маўрыцыя Гаўке

Дзвюх асірацелых дачок генерала (а жонку Гаўке паўстанцы таксама забілі) узяла на выхаванне жонка Мікалая І Аляксандра. Дзяўчынкі выраслі сімпатычныя і ўвесь час былі пры двары ў якасці фрэйлін.

Адна з сясцёр, Юлія Гаўке, трапіла на вочы Аляксандру Гесэн-Дармштацкаму, роднаму брату жонкі будучага расійскага імператара Аляксандра II. Праз нейкі час Юлія зацяжарыла. У такіх выпадках фрэйліну, як правіла, выдавалі замуж за якога-небудзь афіцэра, але князь Аляксандр Гесэн-Дармштацкі вырашыў ажаніцца са сваёй каханай, што было абсалютна незвычайна і ў Расіі бадай немагчыма.

Julija Haŭkie i Aliaksandr Hiesenski

Юлія Гаўке і Аляксандр Гесэнскі пражылі доўгае жыццё

Яны разам уцякаюць з Расіі ў Аўстрыю, дзе доўга жывуць у горадзе Батэнбергу і нараджаюць пецярых дзяцей. Ад іх, Аляксандра і Юліі, пачалася дынастыя Батэнбергаў, адзін з прадстаўнікоў якой нават стаў князем Балгарыі.

З Батэнбергаў у Маўнтбатэны

Напярэдадні Першай сусветнай вайны некаторыя з Батэнбергаў перабраліся ў Вялікабрытанію, дзе краінай кіравалі іх сваякі з Гесэнскай дынастыі. Адзін з унукаў Юліі і Аляксандра Луіс Маўнтбатэн стаў брытанскім адміралам і апошнім віцэ-каралём Індыі, пры якім гэтая краіна атрымала незалежнасць.

У 1917 г. Батэнбергі перайменаваліся ў Маўнтбатэнаў, таксама як і Гесэны сталі Віндзарамі. Не да гонару было насіць англійскім дынастыям нямецкія прозвішчы.

Кажуць, што менавіта Луіс Маўнтбатэн пазнаёміў брытанскую прынцэсу Лізавету са сваім пляменнікам Філіпам, прапраўнукам будаўніка Аўгустоўскага канала, польска-саксонска-французска-расійскага генерала Маўрыцыя Гаўке.

Luis Maŭntbaten

Луіс Маўнтбатэн, праўнук генерала Гаўке, загінуў ад рук ІРА ў 1979 годзе

Кроў Гаўке ў венах Віндзараў

Філіп і Лізавета пажаніліся ў 1947 годзе. Праўда, на вянчанне не былі запрошаныя цёткі Філіпа, паколькі іх мужы змагаліся ў гады Другой сусветнай вайны на баку Германіі. Ды і Філіпу прыйшлося ўзяць дзявочае прозвішча сваёй маці — Маўнтбатэн.

Zaručyny i šliub pryncesy Lizaviety i Filipa Mantbatena

Заручыны і шлюб прынцэсы Лізаветы і Філіпа Маўнтбатэна

Менавіта таму цяпер кароль Карл III і спадкаемцы брытанскага трона носяць падвойнае прозвішча Віндзар-Маўнтбатэн, хаця ў іх венах таксама цячэ кроў генерала Маўрыцыя Гаўке.

70 hoddzie šliubu Lizaviety II i Filipa Maŭntbetana, 2017 hod

70 годдзе шлюбу Лізаветы II і Філіпа Маўнтбэтана, 2017 год

Спадкаемцы генерала Маўрыцыя Гаўке:

Юлія Гаўке (па мужу Батэнберг) → Людвік Аляксандр Батэнберг (з 1917 — Маўнтбатэн) → Аліса Маўнтбатэн, прынцэса грэчаская і дацкая → Філіп Грэчаскі, герцаг Эдынбургскі, муж каралевы Лізаветы II → Карл III, кароль Вялікабрытаніі.

Aficyjny partret karalia Karla III, 2023 hod

Афіцыйны партрэт караля Карла III, 2023 год. Крыніца: Gov.UK

Чытайце таксама:

Брытанскі кароль надзеў гальштук са сцягам Грэцыі пасля спрэчкі прэм'ераў

У час каранацыі Карл III сядзеў на вялікім камені. Чым адметны гэты кавалак пясчаніку? 

У прэсе з'явіліся першыя фота прынцэсы Уэльскай пасля рэтушаванай фатаграфіі. Яна на фота пасміхаецца

Клас
32
Панылы сорам
8
Ха-ха
6
Ого
13
Сумна
10
Абуральна
29