Пакуль безназоўны праспект у Магілёве злучае цэнтр горада з буйнымі спальнікамі. Фота: СБ. Беларусь сегодня

Пакуль безназоўны праспект у Магілёве злучае цэнтр горада з буйнымі спальнікамі. Фота: СБ. Беларусь сегодня

Выказацца наконт новай назвы прапануе Магілёўскі гарвыканкам. 

Назву «праспект Адзінства» (па-руску «проспект Единства») прапануюць прысвоіць часткова пабуданаваму праспекту, размешчанаму ў межах вуліц Касманаўтаў, Аляксея Пысіна, Бялыніцкага-Бірулі і Цішкі Гартнага.

Праспект пачалі будаваць у пачатку 2020 года як дарогу-дублёр праспекта Міру, вуліцы Якубоўскага, Загараднай і Мінскай шашы, якія перацякалі адно ў адно і з'яўляліся адзінай сувяззю паміж цэнтрам горада і вялікімі жылымі раёнамі — «Мір», «Спадарожнік», «Казіміраўка», адрэзаных чыгункай. Гэтая ж дарога звязвала горад са сталіцай. Праз гэта ў горадзе заўсёды была даволі складаная транспартная сітуацыя.

Дублёр пачалі будаваць за 2 км на поўдзень ад старой трасы. Пад яго знеслі значную частку домабудаўнічага камбіната, гаражнага кааператыва. Над чыгуначнымі лініямі пабудавалі складаныя развязкі, каб злучыць з новым праспектам усе разрозненыя раней раёны, у тым ліку Ямніцкі пасёлак і прыгарадную вёску Гарадшчыну.

Першая чарга дублёра, адкрытая ў 2021 годзе. Фота: СБ. Беларусь сегодня

Першая чарга дублёра, адкрытая ў 2021 годзе. Фота: СБ. Беларусь сегодня

Першую чаргу дублёр з вялікай помпай адкрылі яшчэ 17 верасня 2021 года, у дзень гадавіны ўз'яднання Усходняй і Заходняй Беларусі, які быў абвешчаны лукашыстамі «Днём народнага адзінства».

Тады выступіў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, які прапанаваў назваць новы праспект імем 17 Верасня. Але ўжо ў снежні таго ж года Зайца забралі назад у Мінск з ганаровай магілёўскай ссылкі, і, відаць, на паперу перанесці ідэю не паспелі.

Адкрыццё чыноўнікамі дублёра ў 2021 годзе. Фота: СБ. Беларусь сегодня

Адкрыццё чыноўнікамі дублёра ў 2021 годзе. Фота: СБ. Беларусь сегодня

Але вось плошчу перад гарвыканкамам паспелі за два дні да новага дзяржаўнага свята перайменаваць у плошчу Адзінства і паставіць сціплы знак.

Назва, прапанаваная Зайцам, аднак, замацавалася за дублёрам. Праспект 17 Верасня быў нанесены на ўсе карты, на назву спасылаліся абласныя ўлады, вызначаючы межы выбарчых акруг для нядаўніх мясцовых выбараў.

Тупіковы праспект 17 Верасня на «Яндэкс.Картах»

Тупіковы праспект 17 Верасня на «Яндэкс.Картах»

У верасні 2023 года здалі другую чаргу дублёра. Кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка да здзіўлення ўсіх прысутных выказаў спадзяванне, што да наступнай гадавіны дублёр будзе завершаны і «здабудзе сваю назву, не выключана, што звязаную з датай 17 верасня».

Спатрэбілася яшчэ паўгода, каб мясцовыя ўлады прыдумалі нейкую назву, звязаную з 17 верасня. Выбар быў невялікім, спыніліся на Адзінстве. 

Другая чарга дублёра, здадзеная ў 2023 годзе. Фота: magilev.by

Другая чарга дублёра, здадзеная ў 2023 годзе. Фота: magilev.by

Магчыма на такую маруднасць уплываў той факт, што сёння праспект непрыгожа абрываецца тупіком пасярод прыватнага сектара, то-бок літаральна вядзе ў нікуды. Ідэолагам маглі не спадабацца такія паралелі.

Цяпер наконт гэтага выбару мясцовых уладаў прапануюць выказацца магілёўцам. 

Абмеркаванне працягнецца з 10 па 24 красавіка 2024 г. Свае меркаванні і прапановы па гэтым пытанні можна накіраваць на адрас установы «Рэдакцыя газеты «Веснік Магілёва»: 212030, г. Магілёў, вул. Першамайская, 89, e-mail: [email protected] з паметкай «Вывучэнне меркавання».

Варта заўважыць, што такая назва ўжо прысвоена плошчы, з якой праспект ніяк не звязаны, што стварае непатрэбную блытаніну. Чаму не захацелі назваць у гонар 17 Верасня таксама зразумела: па цяперашніх правілах па-руску праспект называўся б «17 Вересня».

Цікава, што гісторыя з найменнем праспекта ў Магілёве паказвае на культурную і ідэалагічную «галечу» беларускай сістэмы. Праспект у Магілёве, адна з галоўных магістраляў горада, няхай і не завершаная, існуе ўжо не першы год без назвы.

У абсалютнай большасці выпадкаў назвы новым вуліцам і праспектам прысвойваюцца яшчэ на стадыі, калі яны толькі праектуецца. Але сёння беларускі нацыянальны пантэон для чыноўнікаў чужы і небяспечны, а ў сваім нікога вартага цэлага праспекта папросту няма.

Застаюцца толькі абстракцыі кшталту «Незалежнасці» і «Адзінства».

Чытайце таксама:

Бондарава ашалела. «Нам скажуць, што гэта народны выбар. Выбару народа няма!» 

У Бабруйску вуліцу думалі назваць у гонар славацкага горада, але вырашылі «актуальна»

«Зваротаў усё больш». Гігін анансаваў перайменаванне вуліцы Каліноўскага ў Мінску

Клас
3
Панылы сорам
5
Ха-ха
7
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?