Група вучоных на чале з спецыялістам з Оксфардскага ўніверсітэта распрацавала першы ў гісторыі «Сусветны індэкс кіберзлачыннасці» (World Cybercrime Index, WCI).

Як адзначаюць самі аўтары, паколькі кіберзлачынцы часта выкарыстоўваюць проксі-сэрвісы, каб схаваць свае IP-адрасы, звычайныя тэхнічныя сродкі не дазваляюць вызначыць сапраўднае геаграфічнае размяшчэнне зламыснікаў. Для рашэння гэтай праблемы вучоныя вырашылі выкарыстаць меркаванне экспертаў.

Яны апыталі 92 вядучых спецыялістаў з усяго свету, якія займаюцца зборам і аналізам адпаведнай інфармацыі і расследаваннямі кіберзлачыннасці. Ім было прапанавана назваць краіны, якія ўяўляюць, на іх погляд, найбольшую пагрозу па пяці розных катэгорыях кіберзлачыннасці. Сярод іх: тэхнічныя прадукты; атакі і вымагальніцтва; крадзеж даных; анлайн-махлярства; адмыванне грошай. Таксама экспертаў папрасілі ранжыраваць кожную краіну ў адпаведнасці з уплывам, прафесіяналізмам і тэхнічнымі навыкамі кіберзлачынцаў.

Сусветны індэкс кіберзлачыннасці

Фота: матэрыялы даследавання / journals.plos.org

Вынікам стала стварэнне рэйтынгу, які паказвае глабальныя «ачагі» кіберзлачыннасці і іх значнасць. Як адзначаюць самі аўтары, «дзякуючы гэтаму індэксу мы цяпер глыбей разумеем геаграфію кіберзлачыннасці і спецыялізацыю розных краін».

Індэкс паказвае, што большасць кібератак па стане на 2021 год адбывалася ўсяго з некалькіх краін. Пры гэтым з вялікім адрывам лідарам была Расія, якая з'яўлялася асноўнай крыніцай усіх катэгорый кібератак з індэксам 58,4. За ёй ішлі Украіна, Кітай, ЗША і Нігерыя.

Сусветны індэкс кіберзлачыннасці

Фота: матэрыялы даследавання / journals.plos.org

Іншы аспект, на які звяртаюць увагу распрацоўшчыкі Індэкса кіберзлачыннасці, гэта тое, што заўважна спецыялізацыя краін на пэўнай катэгорыі кіберзлачыннасці.

Кітай вылучаецца перш за ўсё ў стварэнні і распаўсюджванні складаных шкоднасных праграм і крадзяжы даных. У Злучаных Штатах хакеры часцей за ўсё шукаюць магчымасці крадзяжу даных, у тым ліку асабістых. Нігерыя, якая займае пятае месца ў рэйтынгу кіберзлачыннасці, нясе асноўную адказнасць за анлайн-махлярства. З іншага боку, як высветлілі навукоўцы, хакеры ў Румыніі, краіне, якая заняла шостае месца, звычайна імкнуцца атрымаць канфідэнцыйныя даныя.

Сусветны індэкс кіберзлачыннасці

Фота: матэрыялы даследавання / journals.plos.org

Узровень тэхнічнай складанасці таксама моцна адрозніваецца. Расійскія хакерскія атакі і шкоднаснае праграмнае забеспячэнне маюць самы высокі тэхнічны і прафесійны ўзровень. За імі ідуць Украіна і Кітай. А вось тэхнічныя рашэнні хакераў з Нігерыі ці Індыі часта ўяўляюць сабою простыя спробы фішынгу і махлярства.

Што тычыцца Беларусі, то яна ўвайшла ў топ-15 лідараў, заняўшы 12 месца з індэксам кіберзлачыннасці 3,87. А вось па складанасці кібератак наша краіна ў пяцёрцы лідараў.

Сусветны індэкс кіберзлачыннасці

Фота: матэрыялы даследавання / journals.plos.org

Калі гаварыць аб спецыялізацыі беларускіх хакераў, то гэта распрацоўка тэхнічных прадуктаў і паслуг. Напрыклад, кадаванне шкоднага праграмнага забеспячэння, доступ да заражаных камп'ютараў (ботнэтаў) і скампраметаваных сістэм, вытворчасць інструментаў для здзяйснення кібератак. Як паказвае рэйтынг, па гэтай пазіцыі беларускія хакеры знаходзіліся на сёмым месцы. А вось такія катэгорыі як анлайн-махлярства і адмыванне грошай эксперты не змаглі ацаніць.

Як адзначаюць аўтары, распрацаваны імі індэкс дазволіць дзяржаўнаму і прыватнаму сектарам засяродзіць свае рэсурсы на ключавых цэнтрах кіберзлачыннасці, траціць менш часу і сродкаў на супрацьдзеянне кіберзлачыннасці ў краінах, дзе праблема не такая значная.

Чытайце таксама:

Хакеры, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі, удзельнічаюць у атаках на польскія вайсковыя структуры

Украінскія хакеры здабылі ў расійскіх салдат каардынаты базы з дапамогай фота прывабных дзяўчат

Расійскія хакеры спрабавалі спакусіць супрацоўнікаў амбасадаў ва Украіне рэкламай таннага BMW

Элітныя расійскія хакеры спрабавалі пашкодзіць французскую ГЭС, але пераблыталі яе з вадзяным млыном

label.reaction.like
4
label.reaction.facepalm
4
label.reaction.smile
1
label.reaction.omg
6
label.reaction.sad
2
label.reaction.anger
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?