Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Попыт ёсць — цэны растуць

Аўтамабілі коштам каля 5000 тысяч даляраў карыстаюцца вялікай папулярнасцю, бо дазволіць сабе больш дарагія многія не могуць. Тым жа, хто мае такі бюджэт, даводзіцца выбіраць сярод машын, выпушчаных у канцы дзевяностых — пачатку нулявых.

Асабліва цэняцца мінівэны. Так, напрыклад, VW Sharan першага пакалення апошніх гадоў выпуску (1998-1999) прадаюць па цэнах ад 4 тысяч даляраў. Столькі просяць за машыны, якія патрабуюць укладанняў яшчэ на этапе прагляду аб'явы.

Фота: скрыншот з сайта av.by

Фота: скрыншот з сайта av.by

За варыянты, якія прынамсі візуальна знаходзяцца ў больш-менш годным стане, просяць ад 5 да 6 тысяч даляраў. І гэта за машыны, якім па 25-26 гадоў.

У Літве амаль у чатыры разы танней

Аналагічная сітуацыя і з мінівэнамі Opel Zafira. За бензінавыя варыянты 1999 года выпуску, якія патрабуюць пераваркі і перафарбоўкі, просяць ад 3200 даляраў. Цэны на больш-менш годныя варыянты пачынаюцца з $4500.

Фота: скрыншот з сайта av.by

Фота: скрыншот з сайта av.by

Рэстайлінгавыя Opel Zafira 2004-2005 гадоў выпуску, прадаюць па цэнах ад 5 тысяч да 7 тысяч даляраў.

Адметна, што ў Літве цэны на Opel Zafira А пачынаюцца з 500 еўра за машыны з відавочнымі кузаўнымі дэфектамі. Большасць Zafir першага пакалення там прадаюць па цэнах ад 800 да 1200 еўра. 

Фота: скрыншот з сайта autoplius.lt

Фота: скрыншот з сайта autoplius.lt

За самыя дарагія просяць па 1500-1700 еўра. І калі Opel Zafira першага пакалення ў Літве прадаецца адносна шмат, бо машына выпускалася з 1999 па 2005 год, то VW Sharan першага пакалення ў продажы ў Літве амаль не засталося, паколькі іх не выпускаюць ужо чвэрць стагоддзя. За рэдкія экзэмпляры VW Sharan з канца дзевяностых, якія дажылі да нашых часоў, просяць ад 800 да 1800 еўра.

Іншы папулярны ў народзе аўтамабіль — Opel Astra G. За 20-гадовыя легкавушкі з праблемамі па кузаве ў Беларусі просяць ад 3200 даляраў. Аўтамабілі ў добрым візуальным стане прадаюць за 4500-5000 даляраў.

Фота: скрыншот з сайта av.by

Фота: скрыншот з сайта av.by

У Літве 20-гадовыя Opel Astra G прадаюць за 700-1200 еўра.

Прычым літоўскі Opel за 690 еўра прынамсі візуальна выглядае значна лепш за тыя, што ў нас прадаюць за тры тысячы даляраў і больш.

Спіс 20-гадовых машын, якія ў Беларусі каштуюць у некалькі разоў даражэй, чым у Еўрасаюзе, можна працягваць бясконца. Апроч 20-25 гадовых аўто за 4000-6000 даляраў, у Беларусі дагэтуль масава прадаюць і купляюць і больш старыя варыянты. Чаго толькі варты VW Passat B4.

Фота: скрыншот з сайта av.by

Фота: скрыншот з сайта av.by

Дызельныя В4 у кузаве ўніверсал у нас і цяпер прадаюць па 2000-3500 даляраў у залежнасці ад стану, а гэта, на хвіліначку, машыны, якім каля 30 гадоў.

Адметна, што ўзроставыя аўто ў Беларусі не толькі не таннеюць з гадамі, але і даражэюць. Асабліва адчувальна гэта назіраецца ў самым танным сегменце. Машыны, якія да вайны каштавалі каля 2000 даляраў, сёння прадаюцца за 3000. І іх купляюць, галоўнае, каб стан быў адпаведны.

Пабочны эфект ад высокіх цэн

На фоне таго, што старыя машыны ў Беларусі каштуюць у некалькі разоў даражэй, чым у ЕС, актывізуюцца нелегальныя схемы іх увозу ў краіну. 

Толькі ў красавіку беларускія мытнікі двойчы справаздачыліся пра спыненне дзейнасці двух груп дзялкоў, якія ўвозілі ў Беларусь узроставыя аўтамабілі нелегальным чынам. 

Адметна, што ў абодвух выпадках незаконна ўвозіліся аўтамабілі, якія былі выпушчаныя яшчэ ў двухтысячных.

Па якіх схемах неразмытненыя машыны трапляюць у Беларусь?

Узроставыя машыны з Еўропы ў Беларусь без аплаты мытных пошлін увозяць па некалькіх схемах: Першая патрабуе ўдзелу грамадзяніна ЕС. Ён мусіць законна заехаць у Беларусь на зарэгістраваным у Еўропе аўто. На мяжы кіроўца афармляе часовы ўвоз на аўто, але пасля пакідае яго ў Беларусі, а сам вяртаецца дамоў і больш ніколі не ездзіць у Беларусь.

Яшчэ адзін магчымы варыянт патрабуе наяўнасці дакументаў і рэгістрацыйных нумароў ад беларускага аўтамабіля. У Еўропе дзялкі знаходзяць аналагічны аўтамабіль, вешаюць на яго беларускія нумары і па беларускіх дакументах такая машына ўязджае ў Беларусь. Пазней у такім аўто пераварваюць або перабіваюць арыгінальны нумар кузава на той, які знаходзіцца ў тэхпашпарце.

Трэці варыянт — машыну завозяць у краіну па падробленых дакументах. Прычым часцей не па беларускіх, а любой іншай краіны ЕАЭС. 

Клас
9
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
5