Учора стала вядома пра затрыманне начальніка галоўнага ўпраўлення кадраў Мінабароны РФ Юрыя Кузняцова. Выданне «Камерсант» расказала, у чым яго вінавацяць.

Кузняцова вінавацяць у атрыманні ў 2021-2023 гадах хабару на суму большую за $330 тысяч ад прадпрымальніка з Краснадара за дапамогу ў заключэнні дзяржаўных кантрактаў на аказанне гасцінічных паслуг. Па версіі следства, гэты бізнэсмен купіў і аформіў на жонку вайскоўца зямлю ў Краснадары і пабудаваў на ёй дом плошчай звыш 1 тысячы квадратных метраў.

Справай Кузняцова займаецца тое ж падраздзяленне Следчага камітэта Расіі, якое расследуе справу намесніка міністра Цімура Іванова. Паведамляецца, што іх справы не звязаныя, але ў СКР фарміруюць спецыяльную брыгаду па расследаванні карупцыі сярод высокапастаўленых вайскоўцаў.

Па звестках «Камерсанта», галоўны вайсковы кадравік Расіі сваю віну ў карупцыі не прызнаў. Следства і ФСБ тым часам правяраюць яго на датычнасць да здзяйснення іншых злачынстваў карупцыйнай скіраванасці і рыхтуюцца да новых расследаванняў супраць буйных вайсковых службоўцаў.

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
42
Ого
5
Сумна
4
Абуральна
1