Назіраць за Месяцам і больш даведацца пра Сонечную сістэму

Праграма Нацыянальнага мастацкага музея ў гэтым годзе прысвечаная тэме святла. Расказваць пра яго будуць мовай мастацтва і лекцый, шоу і інсталяцый.

Рэкамендуем завітаць на сустрэчу з вядомым фатографам і астраномам Віктарам Малышчыцам — ён запрашае ўсіх ахвотных разам з ім паназіраць за Месяцам з 21:00 да двух ночы — Віктару дакладна ёсць што пра яго распавесці.

З цікавых майстар-класаў у гэтым годзе — роспіс шопераў, выцінанка і малюнкі кавай.

«Вярнуць свой двухтысячны»

Досыць шырокую літаратурна-музычную праграму ў гэтым годзе прапануе Музей гісторыі беларускай літаратуры. Будзе і экспромт-тэатр ад народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова», і майстар-клас па традыцыйных беларускіх ляльках ад Ганны Сілівончык, і выступ фолк-дуэта «RALLA» — выглядае, што сумаваць не прыйдзецца.

Тых жа, хто хоча «вярнуць свой двухтысячны год», чакае літаратурны музей Петруся Броўкі. Чаго толькі варты майстар-клас па гульні ў гумачку і магчымасць запоўніць сяброўскую анкету (памятаеце, такія раней падсоўвалі сябры і аднакласнікі, дзе пыталіся, кім ты хочаш стаць і якім гуртам рэспектуеш?).

Дадатковым пагружэннем у мінулае стане калектыўны прагляд рэкламы з 90-х і нулявых, крэатыўнасць і разняволенасць якой у тыя часы зашкальвала.

Экскурсія па мемах

Мінская галерэя «Фарба» прапануе завітаць да іх на экскурсію па мемах — абяцаюць больш за 100 шэдэўраў у іх галерэі на плошчы Свабоды, 8. Так што калі вы аматар даслаць сябрам ці калегам у рабочым чаце жменьку мемаў і хацелі б разбірацца ў гэтым пласце культуры яшчэ лепш, то самы час.

Мем-экскурсія на беларускай мове стартуе 18 мая ў 19.30.

Роспіс кубкаў беларускім арнаментам

У сталічнай галерэі «Арт-фабрыка» мерапрыемствы стартуюць з 16.00 і працягнуцца да гадзіны ночы. Праграма досыць аб’ёмная. Раім абавязкова завітаць на майстар-клас Паўліны Чарапок па распісванні кубкаў вітражнымі фарбамі ў стылі беларускага арнаменту — пачатак а 20-й.

Фолк-дыскатэка

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў гэтым годзе святкуе 80-годдзе і да гэтае даты падрыхтаваў тэматычную выставу. Але пры гэтым імяніннік плануе сам арганізаваць розыгрыш падарунка ў гонар свайго дня народзінаў.

Дэсертам вечарыны стане выступ гурта «Арацэя» — этнічныя мелодыі ў сучаснай апрацоўцы для вашых сольных ці кампанейскіх танцаў.

Пачуць песні папулярнага тыктокера

Калі вы засядаеце ў тыктоку, то маглі бачыць відэа пра беларускую мову ад Іллі Шынкарэнкі — яны набіраюць дзясяткі тысяч праглядаў. 18 мая хлопец выступіць у музеі Багдановіча: выканае як песні на вершы беларускіх класікаў так і свае ўласныя.

Па-за межамі сталіцы

Па сапраўдную аўтэнтычнасць раім адпраўляцца за межы Мінска, сеўшы на машыну ці грамадскі транспарт. Вялікі выбар крутых інтэрактываў прапаноўвае, напрыклад, Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый. Вас чакае і вядомы абрад «Пахаванне стралы», і песні ў выкананні фолк-калектываў, і прагляд фільма пра абрадавы цыкл Палесся, а яшчэ — атрыманне карысных ведаў па стварэнні вясельных вяночкаў.

Што нечакана, усе актыўнасці ў гэтым музеі — бясплатныя, але каманда будзе радая любым данатам.

Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік у сваю чаргу падрыхтаваў шырокую дзіцячую праграму, у якой — спецыяльная тэатралізаваная дзея «Урокі манаха Сімяона» да 395-годдзя з дня нараджэння полацкага асветніка.

Дадатковыя цікавосткі — у філіяле музея, прысвечанага ручному ткацтву Паазер'я: выстава «Беларускі традыцыйны строй у мініяцюры» і гульня-квэст з прызамі.

Крыху бліжэй да Мінска — Сула і адмысловая праграма для тых, хто хоча бяспечна паказытаць свае нервы ў гэтыя дні пры дапамозе містычных легенд і аповедаў на лакацыях. А яшчэ наведнікаў завабліваюць факельным шэсцем — увечары павінна выглядаць вельмі інстаграмна.

Чытайце таксама:

Што за незвычайныя магілы рабілі на Палессі?

Маршруты выхаднога дня па Беларусі. Падміколле і магілёўскае барока

Квіткі на прэм’еру купалаўцаў па апавяданнях Знака разабралі за суткі. Расказваем унутраную кухню спектакля

Клас
9
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
0