I коскі з месца не зрушу!..

Уладзімір Караткевіч настолькі глыбока ўвайшоў у маю свядомасць, запоўніў мяне з маладых нашых гадоў, аж не верыцца, што рана ці позна ён не прыйдзе, не прыедзе, не пазвоніць, не напіша смяшлівай паштоўкі ці ўрачыста-кеплівага ліста.

Упершыню ўбачыў я здзіўленавокага, нязвыкла даверлівага, амаль па-малечы, цыблакаватага і разам з тым мажнога хлопца, у якога нечакана спалучалася вяскова-мястэчкавая беларуская шчырасць з урбаністычнай еўрапейскай шырынёй і ўзважанасцю. Было гэта ўвосень 1954 года на традыцыйнае нарадзе маладых у Каралішчавічах. Першае ўражанне памыляецца рэдка. Такім і застаўся, такім і быў Уладзімір, Сямёнаў сын,— падлеткам, якому хочацца ведаць болей за ўсіх астатніх, таму і ведае, якому, між іншым, рупіць паказаць сваю глыбокую дасведчанасць, сваю касмічную шырыню, таму і паказвае сваю неабачлівую любоў да ўсіх, таму і любіць.

…I былі пазнейшыя Каралішчавічы, калі мы сядзелі ў лесе аж два месяцы. Уладзімір жыў у левай прыбудоўцы (калі стаць тварам да дома), а я ў правай. Пісаў, як заўсёды, шмат. Чытаў Біблію. Па тых часінах гэта было амаль выклікам не толькі кіруючай і накіроўчай, але і ўсяму грамадству. Пісьменніцкаму найбольш. Бо пісаў жа адзін паэт: «Мая зямля, мая радзіма, чуў прыказку такую я: — Народ без партыі любімай, як гай вясной без салаўя». Цэлы дзень Уладзімір працаваў, а ўвечары збіраліся звычайна ў маім пакойчыку. Кухар, які хваліўся, што гатаваў некалі маршалу Жукаву, выразаў самыя любовыя кавалачкі мясюгі, смажыў, пасля клаў у дзве плыткія талеркі, а талеркі хаваў за халяву афіцэрскіх ботаў. Ішоў да нас на агеньчык. Гэтае закусі хапала пад дзве-тры пляшкі.

…Уладзімір хадзіў у унтах. Сабакі, чуючы дух сваіх братоў, на першых часінах брахалі на ногі добрага чалавека, які частаваў іх самым смачным. Пра любімых нашых сабак нават склалі былі вершык: «Сук Дазор і сучка Джэры Жралі суп і сок з фужэра». Ці яшчэ такі, парадыруючы заклічную паэзію: «Гэй, да сонца, гэй, да зор, З намі Джэры і Дазор!» Каб пачаставаць сабак, пасля працы часцяком ехалі мы з Уладзімірам у «Мінск», у рэстаран, названы ў гонар сталіцы. Уладзімір заказваў абавязкова куранятка табака, каб костачкі завезці брахлівым любімцам. Здаралася, што швейцары не хацелі пускаць кліента ў унтах і ў шыкоўным світэры (Уладзімір падкрэсліваў, што вязалі яму світэры дамы сэрца). Усё ўладжвала невялікая, па-польску кажучы, лапуўка. Пасля вячэры ў таксі везлі сабакам костачкі.

…У Каралішчавічах падоўгу працаваў Аркадзь Куляшоў. Пры ім, мяркую, па абавязку службы на кінастудыі і на асноўнай быў і коласазнаўца [Лужанін, прыстаўлены ў свой час савецкімі спецслужбамі да Якуба Коласа. — Рэд.]. Апошняму было дадзена заданне канкрэтна ад дырэктара выдавецтва Матузава зарэзаць «Каласы пад сярпом тваім». Праўда, закрытую рэцэнзію напісаў памерам ледзь не з быкаўскую аповесць, але да пераразання жылаў твора не дайшоў. З імі па вечарах гуляла ў прэферанс маці Уладзіміра Надзея Васільеўна. I падчас збірання нашага ў «Мінск» Уладзімір па-гаспадарску журботна паведаміў, што маці прайграла аж тры рублі. А паездка нашая ў Мінск і ў «Мінск» у два бакі з вячэраю і абавязковымі костачкамі сабакам каштавала куды болей.

Пра Надзею Васільеўну трэба пісаць асобную кнігу. Выпускніца гімназіі, прыроджана панавітая і тонкая ў веданні людзей, яна была рэхам, адгалоссем былое годнасці і велічы старадаўняга беларускага роду. Яна была нейкім чынам прататыпам інтэлектуальна-велічных натур у творах сына. Недзе ў 60-я гады Павел Кабзарэўскі прывёз мне з Пецярбурга (тады Ленінграда) фотакартку свайго здымання Анны Ахматавай. Я быў уражаны, так бы мовіць, двайніковасцю. Шляхетнасць. Велікасвецкасць. I вонкавае падабенства.

…Любіла Надзея Васільеўна дарагія, тонкага густу рэчы, фамільныя рэліквіі. Гэта і сыну перадалося. Пра рэвалюцыю, пра паслярэвалюцыйную мітусню казала з ноткамі ўсмешкі. Паказвала білет на права перайсці праз мост. Ён каштаваў звыш двух мільёнаў. Эмансіпаваныя дамы (папярэдніцы сённяшніх валютных) надзявалі гадзіннік на нагу. Гэта азначала, што плата пагадзінная. I нікому я гэтак не баяўся трапляцца на вочы дужа вясёлым, як Надзеі Васільеўне. Удвух з Уладзімірам пабойваліся мы і маладзейшага за нас Зянона Пазняка, які ганяў нас за злоўжыванне аквавіты, ці за ўжыванне зла. Тут да слова прыйшлося падзякаваць Зянону за фотаздымак, які ён зрабіў у мяне дома, калі перавыхоўваў нас з Уладзімірам. Гэта на здымку найадменнага майстэрства (талент Пазняка шматбаковы) мама мая трымае маленькую Ілонку. Вадзіў я сваю Ілонку да Уладзіміра, і чула мая маленькая дачушка добрыя словы на дарогу ў жыцці ад Надзеі Васільеўны, ад дзядзькі Валодзі, нават аўтографамі ў школе хвалілася.

…Далей у каралішчавіцкі лес, болей прыпамінаў. Рэйсавым аўтобусам, відаць, апошнім, даязджаем да памянёнай павароткі. Далей трэба пехатой. Цяжкавата. Цёмна. Ды нечакана нашую ціхую самоту разбудзіў трактар з прычэпам. Галасуем. Сядаем у жывое цуда часоў калектывізацыі. У нас дзве авоські чацвяртушак (Уладзімір, бывала, казаў «чвырка»), за дзве трактарыст ахвотна згадзіўся давезці да мастка, адкуль асфальтаваная дарожка вяла ў будынак Дома творчасці. Нам трактар, а трактарысту нас сам Гасподзь паслаў. Едзем. Пад'ехалі да самага мастка. Тут я прапаноўваю яшчэ за дзве чацвяртушкі, каб трактарыст аб'ехаў два разы вакол Дома творчасці. Трактарыст згадзіўся і за адну пляшачку, як называлі мы, няпоўнагадовую, аб'ехаць хоць пяць разоў. Тут варта растлумачыць, што ўся загваздка была ў тым нечуваным грукаце матора трактара. Дый было ўжо недзе пасля дванаццаці гадзін начы. Добра, што Уладзімір праявіў пільнасць — адгаварыў трактарыста і мяне ад крамолы — парушыць спакой класікаў. У нас пуцёўка была на два месяцы. Выселілі б нас з трэскатам, не цішэйшым за трактар. Не сцярпелі б ні Куляшоў, ні коласазнаўца.

А масток гэны, можна смела сказаць, гістарычны. Уладзімір пісаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Была дамова з кінастудыяй, якая толькі называлася «Беларусьфільм», бо працавала на адходах, ці, дакладней, на отбросах маскоўскіх халтурмайстраў. Да Караткевіча прыехаў ягоны сябра Анатоль Забалоцкі. З сібірскіх беларусаў. Сяло, дзе нарадзіўся ён, затапілі, калі разлівалі так званае рукатворнае мора. Камуністы, выклікаўшы на сацыялістычнае спаборніцтва Усявышняга, недзе на шасцідзесяты год шайтанскае ўлады свет парадкавалі. Гэта Забалоцкі пасля рабіў «Каліну чырвоную». А Караткевіча болей за ўсё ўразіў акрамя майстэрства аператара тым, што аб галаву разбіваў бутэлькі з-пад «Савецкага шампанскага». Хто быў мацнейшы, ці савецкае, ці галава, мне Уладзімір ні разу не патлумачыў. Прыехаўшы да Караткевіча ўранні, не зусім упэўнена падаўся Забалоцкі недзе з паўдня. Назаўтра раніцой іду я з нашымі сабакамі. Дазор пачынае нюхаць і грэбці лапамі ў канаўцы каля самага мастка. Пачынаюць вызваляцца з-пад снегу паперы. Знаёмы почырк. Гэта Караткевіч даў Забалоцкаму сцэнарны план і накіды будучага рамана, каб завёз машыністцы перадрукаваць. Як і світэры, дамы сэрца рабілі Уладзіміру перадрук. Нават перадрукоўвалі зборнікі тады забароненага Мікалая Гумілёва.

Гусі ўратавалі Рым. Ваўчыца сасіла Ромула і Рэма. Каралішчавіцкі сабака Дазор уратаваў славуты раман Уладзіміра Караткевіча. I павінен застацца ў гісторыі нашага прыўкраснага пісьменства. Напамінаю, звалі сабаку Дазор.

…Лёталі самалётам у Полацк на святкаванне юбілею Францыска Скарыны. Славутая Сафійка, як заўсёды, рэстаўравалася. Уладзімір мне выбраў з друзу некалькі штук плінфы, пры гэтым прачытаў бліскучую, бо маланкавую, лекцыю па гісторыі і Сафійкі і Полацка. Ён мне іншы раз здаваўся сейфам, у якім захоўваюцца падзеі, факты, даты. На цяперашні час яго можна назваць і камп'ютэрам, у чыю памяць закладзена як не ўся гісторыя за шмат стагоддзяў. Ляцелі назад. Уладзімір сядзеў насупроць Еўдакіі Лось у цесненькім «кукурузніку». У галаву мне, дзе яшчэ шумеў і не вычхаўся юбілей славутага палачаніна, ускочылі радкі: «Вочы ў вочы, каленькі ў каленькі. Будзе ў Валодзі ад Дусі маленькі».

…Караткевіч любіў вандраваць. Праўда, мог наталіць любоў сваю толькі ў межах Саюза. Удалося вырвацца ў Польшчу і ў Чэхаславаччыну. Чэхі (перакладаў Караткевіча шмат і таленавіта Вацлаў Жыдліцкі, у якога шмат каму з нашых членаў Саюза пісьменнікаў трэба было б павучыцца беларускай мове) выдалі шыкоўна і з густам раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Караткевіч паехаў атрымаць узнагароду выдавецтва «Альбатрос» за лепшы бестселер. I калі вярнуўся, вітаў я яго прыкладна так:

Мой лепшы друг

Мой друг бестселер,

У поўнай сіле і красе,

Уставіў класікам прапелер —

Па адрасу ляціце ўсе!

…Караткевіч наогул ніколі не паказваў кукіш у кішэні. Яму нічога не значыла падысці да сакратара ЦК Кузьміна і прапанаваць яму пігулкі, якія адбіваюць пах алкаголю. Ні на якія кампрамісы ніколі не ішоў. У 60-я гады было гэта. Сядзім у мяне дома па вуліцы Бялінскага (Уладзімір заўсёды цытаваў абразлівае выказванне гэтага рускага крытыка пра свайго любімага Тараса Шаўчэнку) і традыцыйна бавім час за поўнай чаркай. Званок. Трэба падпісаць калектыўны ліст супраць беларускіх эмігрантаў, якія пахвалілі некалькі маладых савецкіх пісьменнікаў, у тым ліку і нас з Караткевічам. Не паспеў я і ацверазець, як супрацоўнік газеты «За вяртанне на Радзіму» ўжо стаяў на парозе з гатовым тэкстам і подпісамі. Падпісаўся. Ды Уладзімір, пачуўшы пра такое, адразу зашыўся ў цёмную бакоўку, як тады звалі, у цешчын пакой, і сядзеў, пакуль завяртанец не выйшаў з хаты.
Не толькі дурны прыклад заразлівы, добры яшчэ болей. Караткевічаў метад партызанскай вайны скарыстаў я, калі прадстаўнік той жа фірмы, з сімвалічным прозвішчам, якое стукае, прапанаваў мне падпісаць зноў жа калектыўны ліст, ужо супраць акадэміка Сахарава. Трохі выпіўшы, корчыў я п'янага ў дамавіну, які нічога не разумее. Адсталі.
Застоллі ў наш час не былі суцэльнымі п'янкамі. Нездарма ж хадзіў райкомаўскі афарызм: «Выпіўка без тостаў — п'янка, з тостамі — культурна-масавае мерапрыемства». I культурна-масавых мерапрыемстваў было багата. I пітво багатае было. Зноў жа райкомаўскі афарызм: «Каньяк — любімы напітак пралетарыяту, які ён п'е вуснамі сваіх лепшых прадстаўнікоў». Як былі грошы, і мы на момант маглі сябе лічыць лепшымі прадстаўнікамі гегемона. I тады гучала задушэўная песня ў выкананні Караткевіча «Ой, п'е казак, п'е, ў яго грошы е» альбо «Ой, сабралася бедна басота».

…У Доме акцёра мой невялікі вечар. Пасля традыцыйнае застолле.

У перапынку пад нізкім скляпеннем пастаўленым голасам Караткевіч спявае:

Багаты чалавек каня запражэ

Дый выедзе,

А бедны чалавек жонку пакладзе

Дый вылюбе.

Радуйся, сарока, радуйся, варона,

Радуйся і ты, верабей-цудатворца!

Саліст оперы Віктар Чарнабаеў аж рот адкрыў. Здорава да зайздрасці! А да ўсяго дом гэты стаяў на архірэйскім падвор'і. У Доме акцёра шмат актрыс. Уладзімір глядзіць на адну вузкаклубую, якіх мы звычайна ласкава называлі пласкадоначкамі, і, нібыта між іншым, зазначае, што ў даўнія часы ў Беларусі лічылася, што ў прыстойнай маладзіцы азадачак мусіў быць не меней як на пятнаццаць кулакоў. I з сур'ёзным выглядам на рабрыне сталяніцы пачаў адмяраць — кулаком за кулак — патрэбны памер. А неяк іншым разам паведаміў Уладзімір адзін пункт з правілаў добрага тону нашага сярэднявечча: «Нудзіць на сярэдзіну стала ёсць непрыстойна».

…Як дакладны факт падаваў жарт, што ў Літве падчас калектывізацыі самыя распаўсюджаныя прозвішчы былі Нежалайціс і Неўступайціс.

…На кінастудыі ставілі фільм па адной з аповесцей Васіля Быкава. Уладзімір напісаў на паперчыне і прымацаваў на дзвярах кінагрупы:

Доведем мы Быкова

До стыда великого.

З кінастудыяй у Караткевіча былі такія ж стасункі, як і з беларускімі тэатрамі (беларускімі не па мове, а па шыльдах), хоць у дадатак да Вышэйшых літаратурных курсаў закончыў і Вышэйшыя сцэнарныя. Сцэнарыі ягоныя адхіляліся, а калі, да прыкладу, удалося прабіць ілбом мураваную сцяну савецкіх кіначыноўнікаў з фільмам «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», дык, зрабіўшы фільму абрад абразання, паклалі гатовую прадукцыю на паліцу. I калі перад апошнімі днямі Караткевіча пачалі здымаць «Чорны замак Альшанскі», ухітрыліся кінастудыя і рэжысёр не прымацаваць да карціны аўтара, што значыла б некалькі месяцаў плаціць аклад. А самы вялікі працаўнік, самы цягун, як у нас ушацкія казалі, быў самы бедны. Багаты быў Караткевіч толькі на даўгі. Даводзілася часта хадзіць у пазыкі да афіцыйнага драматурга, пра якога казалі, што ён пацее грашыма.

…Акуратнасць, дакладнасць, размах. Гэтыя рысы вабілі ў Караткевіча. Калі ён бараніў каго, дык абавязкова ад цэлай банды. Калі ішоў ад дзяўчыны, дык тут жа ўдакладняў, што сёння ўжо не ад першай. У нас нейкі час жыла маладая студэнтка, радня сябра майго сябра. Хто толькі ёй пры адыходзе з застолля не прызнаваўся ў каханні! Ілона празвала яе кошкай. Спакойна інтэлігентны Навум Кіслік неяк назаўтра казаў: «Гэта ж трэба так узяць, што нейкую кошку цалаваў». Караткевіч пайшоў далей, ён папрасіў рукі і паабяцаў купіць дачу на Чорным моры і ў прыдачу (якраз у рыфму) дачу прэзідэнта Акадэміі навук Купрэвіча з атамным бамбасховішчам. Я, праўда, абразіў ягоныя парыванні, заўважыўшы, што ў атамнае бамбасховішча добра і надзейна будзе хаваць пустыя бутэлькі. Хоць Караткевічу надзейней за ўсё трэба было хаваць рукапісы. Людзі старажытнейшай прафесіі, не ведаю толькі парадкавага нумара яе, імітавалі кражу ў кватэры пісьменніка, якраз Караткевіч адпачываў недзе на ўзбярэжжы цёплага мора. Укралі ордэн, пярсцёнак ды нейкую яшчэ драбязу. Пярсцёнак дык неўзабаве падкінулі. Яўна шукалі крамолу. А можа, і пераздымалі тое, што цікавіла. Самыя ўважлівыя чытачы. Удумлівыя. Прыдзірлівыя. Маўклівыя. Любіў жа Уладзімір паўтараць пачатак верша ўкраінскага паэта Яўгена Лецюка:

Я так не знаю сам сэбе,

Як знаюць хлопці з КДБ —

Моі біографы невтомны.

…Уладзімір любіў пародыі, жарты. I чым зласнейшы, тым лепей яму падабаўся. Дужа абыгрывалася імя Фама. Бо (пра гэта добра напісана ў Мальдзіса) тэлефон Караткевіча блыталі з нейкай канторай, дзе працаваў нехта Фама Фаміч. Ведаючы гэта, бывала, набіраў я нумар кватэры Караткевіча і пытаўся, ці можна Фаму Фаміча. У трубку ляцеў крык абурэння: «Выкіньце гэты нумар з вашае запісной кніжкі, тут жыве і працуе Караткевіч, празаік, паэт...» Я, не даючы астыць Уладзіміру, дадаваў: «Драматург, эсэіст, сябра...» I яшчэ болей сярдзіта чулася: «Ах, дык гэта ты! Няма чаго рабіць. Хадзі, пахмялю, каб паразумнеў...»

…Умеў Караткевіч сагрэць словам прыязні, словам спагады, словам падтрымкі. Умеў распагодзіць настрой усмешкай, жартам, некалючай кпінаю. У застоллі на нейкую хвіліну змаўкаў, засяроджваўся і падносіў даме яблык не разладу, а яблык-сюрпрыз. Лёгкі рух — і ў дзвюх руках у дамы былі дзве лілеі, бо разьбяром папрацаваў Уладзімір Сямёнавіч.

…Пытаюся, бывала, у сябра: «Каласы пад сярпом тваім», пад тваім жа цапом зярняты. Дзе ж працяг абяцаны? Чым, творца, рукі твае заняты?» Адказ годна-гарэзлівы — чаркай. Але гэта ішло на ўзроўні жарту. На справе ўсё было куды складаней. Увесь час Караткевіч збіраўся дапісаць свой раман. А што замінала, толькі сам аўтар ведаў. А тут яшчэ ў апошнія гады Валянціна Браніславаўна пераканала мужа, што якраз ён павінен напісаць беларускі дэтэктыў. Горы дэтэктыўнай і фантастычна-прыгодніцкай прадукцыі перачытаў Караткевіч і на рускай, і асабліва на польскай мовах. Ды ўсё-такі часцяком можна было застаць Уладзіміра за чытаннем на нейкай старонцы абгорнутых «Каласоў...». Каб злёгку падкалоць раманіста, здаралася, казаў, што дужа ж аўтару свой твор падабаецца — аж перачытвае, каб мець насалоду (любімае слова Караткевіча). Ды зразумела было, што зноў уваходзіў у свой твор, каб пайсці далей.

Шмат часу забіралі тэлеперадачы. Гэта Караткевіч вёў праграму з крамольнай на тыя часіны назваю «Спадчына». Пісаў эсэ. Гэта Караткевіч у піку нарысам пра даярак, пра партызанскіх камбрыгаў, пра іхнія рукі, ногі, сэрцы пісаў эсэ, ужо адным вызначэннем жанру гарнуў чытача да еўрапейскасці, ад якой нас, прыродных еўрапейцаў, «людзі як са сталі» стараліся адвярнуць, абусходзіць, абазіяціць абавязкова.

…Барыс Сачанка ў сваіх палескіх логіях пісаў кшталту: «Салвэсь ніяк не мог узбіцца на карову». А вось Караткевіч так і не ўзбіўся на звычайны кажушок, такі яму неабходны ў паездзінах. Пра пыжыкавую шапку й не думаў. Калі выпусцілі ў Чэхаславаччыну, прывёз колькі бярэстаў (і мне адзін, самы модны, прэзентаваў) ды рудую тоўстай свіной скуры куртку. I потым, смакуючы піва, прыгаворваў: чэске півэчко любяць все... Дома куфаль з півам стаяў на кардонным кружляку з выявай Швэйка. Гэта таксама прывёз з Прагі. Бо наогул любіў Гашака.

Піва Уладзімір любіў. Віно не дужа. Часам эпатажна напаўспяваў: «Я не буду пить вино, лучше буду есть г..но. Голова болеть не станет, а блевать мне все равно».

I непрычасанае слова, і папеўка, каб уцвяліць самаробленых рафінаваных інтэлігентаў (як казаў Уладзімір, інцеляў), гэта было своеасаблівай крапасной сцяной, якая адгароджвала нястомнага творцу ад цікаўных разявакаў, ад марнатраўцаў часу, ад прыліпалаў.

…На дух не выносіў Караткевіч афіцыёзнай савецкай паэзіі. Пярэчыў усяму псеўдапаэтычнаму нахлыну не выкрыкамі, не гарачагаловай палемікай (а такой і мейсца не было пры савецкім рэжыме), а з інтэлігентнай гідлівасцю як бы прыпавесцямі.

Часта паўтараў, як Кузьма Чорны аднаму паэту-актуальшчыку трагічна паведаміў, што ў катоўнях сканаў антыфашыст, камуніст Цвібель Клопс. Пад вечар за бяседым сталом Кузьма Чорны паведаміў, а ўжо ўраніцы паэт панёс у «Звязду» гнеўны верш-пратэст, які пачынаўся радкамі:

Я многа слёз і гора перанёс

Наш дарагі таварыш Цвібель Клопс.

Уся соль тут была, так бы мовіць, у цыбулі. Цвібель-клопс — мяса з цыбуляй, цыбульны клопс, яго якраз і еў надзённы паэта.

Як ні зашпільвалі жыццё на ўсе гузікі сталінскага кіцеля, хрушчоўскай вышыванкі, як ні сціскалі горла брэжнеўскім гальштукам, жыццё жыло, разнявольвалася, смяялася, жартавала, кпіла.

…Не было нечаканкай (Васіль Быкаў любіў гэтае слова) атрымаць канверт, у якім ляжала выразка з якога-небудзь польскага ці чэшскага часопіса, дзе вядомы кінаакцёр абдымае паненку. I подпіс змененым (вядома ж, караткевічаўскім) почыркам: «Фальклорных спраў майстра, згалі бараду!» Альбо прыходзіць у канверце паштоўка з рэпрадукцыяй карціны Лі Цы «Старшыня Мао Цзэ-дун на будаўніцтве Шысаньлінскага вадасховішча». На адвароце паштоўкі змененым почыркам: «Найвялікшаму беларускаму хунвэйбіну і маодзэдуністу Рыгору Барадуліну з вялікай падзякай ад яго кітайскіх паслядоўнікаў. Прыпадаем пад ногі твае, вялікі бахдыхан Нябеснай Імперыі нашай! Мао 1, Мао 2, Мао 3». Усе тры Мао ў слупок, а пасля кожнага яшчэ, думаю, незразумелыя й для кітайцаў іерогліфы.

У свой час калекцыянаваў я этыкеткі моцных напояў з аўтографамі. Адна мне асабліва дарагая. На, як бы ска-заць, тытульным баку: сталічная гарэлка, унізе: цана 2 руб. 95 кап. без кошту посуду. Чарнільнае кляймо: рэстаран «Нёман». На адвароце акуратна адклеенай этыкеткі знаёмым почыркам:

А за тым краем,

Як за тым раем

Цяжка ўздыхаем

I плачам.

Яшчэ раз,

Яшчэ раз,

Яшчэ раз убачым.

Бойся, урад,

Бойся, кат,

Яшчэ раз убачым.

Яшчэ раз,

Яшчэ раз,

Вярнемся,

Убачым.

Уладзімір дужа шчымліва спяваў гэтую песню з часінаў паўстання Кастуся Каліноўскага, праўда, крыху з іншымі словамі:

Краю наш,

Раю наш,

Мы цябе не ўбачым.

У рэдакцыі Караткевіча болей веры, болей рашучасці, тут болей Караткевіча — нясхібнага рамантыка.

…Заходжу да Уладзіміра. Ён збіраецца ехаць на поўдзень у Дом творчасці. У кучку скідвае металічныя рублі: бальшыня з выявай цёзкі — да юбілею прамоўцы з браневіка. Уладзімір цытуе загадачку з нейкага акцябрацкага маскоўскага часопіса:

Это что за большевик

Там залез на броневик?

Он простую кепку носит,

Букву «р» не произносит.

А юбілейныя рублі Уладзіміру патрэбныя былі не для будаўніцтва камунізму. У мінулы раз вынайшаў адменны плывец, як з мора сухім выходзіць. Калі Валянціна Браніславішна не пускала ў бліжэйшыя шалманы, сын Дняпра пераплываў заліўчык і там маладзіў душу шклянкай-другой маладога віна. Юбілейныя й неюбілейныя металічныя рублі не размакалі ў кішэньцы плавак (кішэнькі ў мужчынскіх плаўках задуманыя былі для засцярогі). Заходзіў паэта ў мора зажураны, вяртаўся вясёлы.

…У рэанімацыі трызнілася Караткевічу атамная вайна. I казаў мне Уладзімір: «Бачыў, як цябе, Рыгор, усяго распляскала, толькі цень твой на зямлі ледзь акрэсліўся...» Гэта прывід чарнобыльскай катастрофы прадбачыў самы чулы, самы чуткі, самы шчыры сын Беларусі Уладзімір Караткевіч. Апошняя ягоная вандроўка была на Палессе, на Прыпяць. Каб развітацца. Харон чакаў. Воды Леты без радыяцыі.

Гэта на шасцідзесяцігоддзі Васіля Быкава ўжо падупалы здароўем Уладзімір пасля тоста перадаў юбіляру невялічкі гарэльеф з выявай ільва і голасам, што пачынаў слабець, амаль пракрычаў: — Рыкай, акі леў!

Як наказ. Бо ведаў, што толькі мужнасць і сіла волі Васіля Быкава дужыя процістаяць сілам цемры і зла. Бо

сам Уладзімір Караткевіч, далікатны інтэлектуал, быў нясхібным і нязломным. «I коскі з месца не зрушу!» — гэта не фраза, не афарызм на публіку. Гэта штрышок да вобліка вялікага творцы, хто здоўжыў і доўжыць вякі беларускай думкі, беларускага слова, беларускага роду.
Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?