Грамадскае аб’яднанне «Малады фронт» прапанавала сваю працэдуру вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл Беларусі. Адпаведная рэзалюцыя прынята 30 мая ў Мінску дэлегатамі сёмага ўстаноўчага з’езда МФ.

Паводле працэдуры, кожны прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі павінен прад’явіць спіс сваёй ініцыятыўнай групы колькасцю не менш як паўтары тысячы чалавек. «Наяўнасць у палітыка вялікай колькасці арганізаваных прыхільнікаў сведчыць пра яго лідэрскія якасці і электаральны патэнцыял», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

На другім этапе выбараў адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі яго кандыдатуру павінны ацаніць эксперты, лічаць у МФ. Паводле меркавання дэлегатаў з’езда, у якасці экспертаў павінны выступіць людзі, якія маюць вопыт удзелу ў вулічных акцыях пратэсту, бо «вынікі выбарчай кампаніі будуць вырашацца толькі шляхам вулічных пратэстаў». У групу экспертаў МФ прапануе ўключыць усіх грамадзян, якія ў перыяд пасля 1995 года арганізоўвалі дэманстрацыі ў абарону дэмакратыі і незалежнасці Беларусі, або маюць за ўдзел у гэтых акцыях адміністрацыйныя або крымінальныя спагнанні.

«Мы лічым, што найбольшае маральнае права абіраць адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл маюць менавіта тыя грамадзяне краіны, якія свядома ахвяравалі сваёй свабодай дзеля свабоды Беларусі», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Прадстаўнікі МФ перакананыя, што адзіным кандыдатам ад апазіцыі павінен быць абраны «харызматычны і рашучы палітычны лідэр, які зможа заваяваць сімпатыі мільёнаў людзей і вывесці на вуліцу тысячы прыхільнікаў перамен і кіраваць іх пратэстам для дасягнення перамогі».

Паводле слоў лідэра МФ Дзмітрыя Дашкевіча, такая працэдура вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмсіл будзе вынесена на разгляд круглага стала па вылучэнні адзінага кандыдата, створанага Радай беларускай інтэлігенцыі.

У нядзельным устаноўчым з’ездзе ўдзельнічаў 71 дэлегат.

«Малады фронт» мае статус міжнароднага маладзёжнага грамадскага аб’яднання — у 2007 годзе ён быў афіцыйна зарэгістраваны ў Чэхіі. Спробы атрымаць легальны статус на радзіме пакуль былі беспаспяховымі, але кіраўніцтва маладзёжнай арганізацыі мае намер мэтанакіравана дамагацца афіцыйнай рэгістрацыі ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?