Гарадзенскі журналіст Вітаўт Руднік выдаў на беларускай мове кнігу пра пераможцаў сусьветных чэмпіянатаў па футболе. У Беларусі кніжкі пра спорт наагул выходзяць ня часта, а па-беларуску тым болей. Таму гэтае выданьне рызыкуе стаць рарытэтным.

Пад вокладкай кнігі сабраная багатая інфармацыя, якую аўтар зьбіраў цягам доўгіх гадоў, ад кароткага экскурсу ў гісторыю мундыяляў да падрабязнай інфармацыі пра кожнага чэмпіёна, улучна з клюбамі за якія выступаў гулец, матчы за зборную сваёй краіны і забітыя за яе галы. Таксама падаюцца прозьвішчы і імёны чэмпіёнаў у арыгінальным напісаньні. Напрыканцы выданьня ёсьць разьдзел «Цікавыя факты і рэкорды, зьвязаныя з чэмпіёнамі сьвету».

Сп.Вітаўт кажа, што ідэя напісаньня кнігі ў яго ўзьнікла яшчэ ў дзяцінстве, калі сусьветны футбол быў недасяжны для прагляду на тэрыторыі СССР, а разам зь ёй і Беларусі. Адзіным шанцам паназіраць за зоркамі кшталту Марадоны ці Бэкенбаўэра былі сусьветныя топ-спаборніцтвы. В. Руднік спачатку ўсе зьвесткі захоўваў у папяровым варыянце, пасьля – у электронным. Цяпер, кажа, надышоў час іх неяк клясыфікаваць.

У ідэях Вітаўта Рудніка распачаць сапраўдную кніжную сэрыю, зьвязаную з футбольнымі зоркамі. Налета ён думае падрыхтаваць і выдаць такую ж кніжку, праўда толькі пра чэмпіёнаў Эўропы. У далёкай жа пэрспэктыве выданьні пра ўладальнікаў эўрапейскіх кубках і г.д.

Наклад кнігі 500 асобнікаў. Руднік ня думае зрабіць на ёй нейкі камэрцыйны посьпех. «Хоць бы свае грошы адбіць, – сьмяецца ён. – Мне проста хацелася зрабіць якасны прадукт, паказаць што беларусы добра ўмеюць пісаць ня толькі мастацкія творы і нейкія культурныя працы, але і ў такой сфэры, як спорт, ёсьць пра што пачытаць»

Для таго, каб набыць кнігу, аўтар раіць зьвяртацца на e-mail: [email protected]

Руднік В. Чэмпіёны свету па футболе. 1930–2006. Беласток., 2006. 109 с.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?